Маратон Беларускай Атлянтыды: Талерантны народ

Маратон “Атлянтыдаў”, якія прагучалі на хвалях Свабоды ў сэрыі “Жыцьцё і сьмерць мітаў”. Штодня ад аўторка да суботы адмысловыя знаўцы разгадваюць тайны найноўшай беларускай міталёгіі. Тэма сёньняшняга выпуску – “Талерантны народ”. Удзельнічае гісторык Алесь Краўцэвіч.

Паўтор ад 9 ліпеня 2009 году.


Талерантнасьць — гэта цярпімасьць асобнага індывіда ці якой-небудзь супольнасьці людзей да прадстаўнікоў іншых канфэсіяў, палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, этнасацыяльных групаў, а таксама да іншадумства, чужых поглядаў, вераваньняў, паводзінаў, да крытыкі іншымі індывідамі сваіх ідэяў, пазыцыяў і дзеяньняў. Звычайна складваецца на працягу многіх гадоў пад уплывам сацыяльных фактараў, грамадзка-палітычных працэсаў, асаблівасьцяў этнакультурнага разьвіцьця, канфэсійнай сытуацыі.

Існуе ўстойлівае перакананьне, што для мэнтальнасьці і нацыянальнага характару беларусаў у мінулым і ў сучасны пэрыяд былі ўласьцівыя этнакультурная і рэлігійная талерантнасьць, аб чым сьведчаць адсутнасьць на беларускіх землях вострых, крывавых канфліктаў на этнічнай і канфэсійнай глебе, працяглае мірнае суіснаваньне нацыянальных супольнасьцяў, канфэсіяў, плённае ўзаемадзеяньне розных народных традыцыяў, звычаяў, абрадаў. Талерантны народ — гэта прыгожы міт пра беларусаў, якім карыстаюцца ідэолягі і палітыкі як важкім аргумэнтам.


Алесь Краўцэвіч
Вячаслаў Ракіцкі

Вячаслаў Ракіцкі: Аксіёму пра адвечную беларускую талерантнасьць не аспрэчвае ніхто: ні афіцыёзная ідэалёгія, ні незалежныя навукоўцы, ні свабодныя інтэлектуалы. Увогуле талерантнасьць выяўляецца ва ўсіх сфэрах жыцьця. У якіх сфэрах у Беларусі яна выяўляецца найбольш выразна, бясспрэчна?

Алесь Краўцэвіч: Варта вылучаць два аспэкты гэтага міту — культурніцкі і сацыяльна-палітычны, талерантнасьць культурніцкую і талерантнасьць сацыяльна-палітычную. У сэнсе культурніцкім гэта вельмі плённы культуратворны міт з надзвычай салідным гістарычным падмуркам. У сэнсе сацыяльна-палітычным сытуацыя выглядае больш складана.

Ракіцкі: Як зразумець яе на звычайным узроўні культурніцкую, духоўную, рэлігійную талерантнасьць беларусаў?

Краўцэвіч: Прывяду прыклад з свайго прыватнага жыцьця. На маёй роднай Мастоўшчыне ў мястэчку Пескі ў праваслаўныя сьвяты не працуюць каталікі з павагі да суседзяў, а ў каталіцкія сьвяты — праваслаўныя. На пахаваньні суседзкай бабулі-каталічкі майго праваслаўнага бацьку папрасілі несьці крыж сьпераду пахавальнай працэсіі.

Ракіцкі: З чаго вынікае беларуская талерантнасьць? Якія яе вытокі?

Краўцэвіч: Цярпімасьць і разуменьне беларусаў у адносінах да культуры і веравызнаньня розных людзей вынікае са спрадвечнага памежнага становішча нашай краіны. Беларусь, беларускі народ ёсьць прадуктам памежжа цывілізацыяў. Пачаткі беларускага этнасу сягаюць у глыбокую старажытнасьць: УІ УІІ стагодзьдзі, да памежнага кантакту славянаў з балтамі. Славянскія каляністы пранікалі на землі, заселеныя балтамі, прыносілі свае звычаі, мову культуру, але таксама арганічна засвойвалі мясцовую балцкую культуру, найперш матэрыяльную, якая стагодзьдзямі дапасоўвалася да мясцовых геаграфічна-кліматычных умоваў.

Ракіцкі: І ўрэшце беларусы апынуліся на скрыжаваньні заходняй і ўсходняй цывілізацыяў. Ці лёгка адаптавалі яны заходнюю і ўсходнюю культуры? Як пераадольвалі супярэчнасьці? Ці былі канфлікты?

Краўцэвіч: Сапраўды, Беларусь апынулася на памежжы бізантыйскай і заходнеэўрапейскай цывілізацыяў. Спачатку пераважалі бізантыйскія ўплывы — хрысьціянства прынялі ад Бізантыі, таксама пісьменнасьць, традыцыі мураванай архітэктуры. У прамежку паміж паловай ХІІІ і канцом ХІУ стагодзьдзяў Беларусь перажыла найбольш важны культурніцкі пералом у сваёй гісторыі, а менавіта: пераход ад арыентацыі бізантыйскай да заходнеэўрапейскай. Спачатку пачалі зьяўляцца новыя катэгорыі матэрыяльнай культуры, якія паходзілі з Заходняй Эўропы: гатычная архітэктура (напрыклад, знакамітая Белая вежа ў Камянцы), кафля, вялікіх памераў гатычная цэгла, узоры ўзбраеньня і шмат што яшчэ. Нарэшце Ягайла ў 1385-1386 гадах праз прыняцьце дзяржаўнай ідэалёгіяй каталіцызму далучыў нашу краіну да абсягу заходняй цывілізацыі. Але сытуацыя памежжа працягвалася. Мясцовыя традыцыі перапляталіся з новымі эўрапейскімі, каталіцтва суседзіла з праваслаўем, потым яшчэ дадалося пратэстанцтва. Саперніцтва існавала, але яно прыносіла культурніцкі плён — заходняя традыцыя ў кантакце зь мясцовай стварала ўнікальны культурны сынтэз.

Цалкам чытаць перадачу
ТУТ.