Прэм'ера: КУТОК ЦЭНЗАРА

Казімір Малевіч, Чорны квадрат


Шаноўныя чытачы!

Мы пачынаем новую рубрыку, якая мае на мэце прынамсі раз на тыдзень парушаць Канстытуцыю РБ, Артыкул 33 (“...а таксама цэнзура не дапускаюцца”) у цэлым і Закон аб СМІ ў прыватнасьці, Артыкул 19 Усеагульнай Дэклярацыі Правоў Чалавека ААН (“усе маюць права на свабоду думкі і выказваньня...”), а таксама шэраг іншых хартыяў, статутаў, кодэксаў і інструкцыяў, якія гарантуюць свабоду слова і забараняюць цэнзуру.


Бо цэнзар – таксама чалавек, і мае правы, у тым ліку – права на свабоду слова.

Рэч у тым, што вашы допісы альбо публікуюцца цалкам – калі яны адпавядаюць Правілам форума , альбо, калі парушаюць іх, ня ставяцца ўвогуле. А якія файныя бываюць там думкі, якія вытанчаныя ацэнкі, якія нечаканыя прапановы!

Вось чалавек піша пра адну палітычную партыю:

Гэта не старая гвардыя, а старыя шакалы, якія толькі падлу жэрці і здольныя.”

А вось называе прозьвішчы трох палітыкаў і дае характарыстыку кожнаму:

Один - бандит, другой - проходимец, третий - пьяница.

Вось выказваньне з нагоды інтэрвію яшчэ аднаго вядомага палітыка:

Это интервью морального урода.

Пра нас, журналістаў:

Вы каго запрашаеце на экспэртызу? Гэта ўсё людзі здрадніка!!! Стварылі ў Празе міжсабойчык, папіваючы чэскае піва — усё ў парадку! Сволочи!

І яшчэ пра калегу:

Невозможно, что бы такой примитивный пропагандист работал на такую уважаемую радиостанцию как Свабода.

А вось пра адну былую журналістку:

ГА - - крыклівая і недалёкая баба, майстар самаўлюблёных пасажаў. Прыпамінаю яе высокую пыху. У сучасных умовах яна хутчэй за ўсё працавала б у Пашы Якубовіча ў "Советской Белоруссии".

(Дарэчы, няпраўда ваша, мы праверылі – у “СБ” вакансіяў няма, вырашылі не друкаваць.)

А вось ацэнка працы “Свабоды” ў цэлым:

Хопіць падманваць народ, здраднікі!

Слухайце, мы — дэмакраты, і шмат што ў свой адрас сьцерпім, але ж дзе аргумэнты – чаму хопіць?

Праблему выклікаў і наступны камэнтар да дэмаграфічнай сытуацыі ў краіне:

Р. бабуль заморыць голадам, наробіць дзяцей маладым кабетам і памаладзее РБ.

Тут няясна, пра што вядзецца -- пра генацыд і этнічную зачыстку ці пра ноў-хаў і плян дзеяньняў? Вырашылі на ўсякі выпадак не друкаваць, каб ворагі ня ўведалі і не ўзялі на ўзбраеньне.

Пра гасьцей этэру:

а) Ну і дурань! А кажа яшчэ, што гісторык;
б) А што гэта ён нюхае?
в) Я ничего против Вашей глупости не имею;


Тады навошта пісаць, калі нічога ня маеце супраць?.. Ці вось пасаж, які ў якасьці унівэрсальнага камэнтару часта прысылае адзін народны аналітык:

Такія бздуры мог напісаці (зрабіці, сказаці, прыдумаці і г.д.) толькі старшыня калгаснай рэзэрвацыі на лініі абароны Сталіна.

Спадар аналітык! Сказана, канечне, прыгожа, але хацелася б, каб вы яшчэ папрацавалі над стылем: напрыклад, выклалі усё гэта ў рыфму, як наступны аўтар:

Берегите союз и независимость стран.
Введя в Беларусь оккупантов вражеских стан.
Действуют как хозяева в нашем доме.
Дали приказ и законность государства нашего в коме.
Чёрных карателей объявилась свора.
Избивают патриотов на месте их сбора.
Нельзя Белорусам высказать своё мнение.
Можно предателям Родины показывать свое рвение.


І так вельмі прыстойныя дзеяслоўныя і корневыя рыфмы ішлі-ішлі, а потым раптам:

Суд наш скорый, достанет вас на луне,
А не то, что в какой, то там Караганде.


Усё ж-такі “луна-караганда” – слабая рыфма. Не апублікавалі.

Шаноўны чытачы, усяго адным разам не забароніш, канечне, пра ўсё не напішаш, кожнага не ўзгадаеш, усіх адным махам не пакрыўдзіш, таму пра новыя камэнтары, допісы і званкі з рабочага станка цэнзара – праз тыдзень!

Дзяжурны Цэзар.

(Ой, прабачце, цэнзар!)