Ніл Гілевіч падпісаўся за беларускую мову

Ніл Гілевіч

Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч паставіў подпіс пад зваротам да вышэйшых дзяржаўных органаў з патрабаваньнем фактычнай роўнасьці беларускай мовы з расейскай.
30 верасьня, у дзень народзінаў Ніла Гілевіча яго наведалі лідэры "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч і Наста Палажанка.

Яны падарылі спадару Гілевічу прэзэнтаваную ў верасьні кнігу "Маладафронтаўцы". Ніл Гілевіч сказаў, што “ўсьцешаны маладым пакаленьнем і бяз моладзі, якая моцна прагне зьменаў і змагаецца за іх, ягонае жыцьцё было б марным".

Ніл Гілевіч падпісаўся пад зваротам, які інцыяваў "Малады фронт" у межах кампаніі "За - беларускую мову!".

Паводле Зьмітра Дашкевіча, спадар Гілевіч зазначыў, што “палажэньні, выкладзеныя ў звароце - фактычная роўнасьць беларускай мовы з расейскай і іншыя - гэта толькі мінімум, выкананьне якога мы мусім патрабаваць ад улады".