Фраціні: настаў час аказаць падтрымку Беларусі





Франка Фраціні і Сяргей Мартынаў падпісваюць сумесную беларуска-італьянскую дэклярацыю пра адукацыйныя праграмы.
Міністар замежных справаў Італіі Франко Фраціні заявіў, што Італія будзе імкнуцца аб’яднаць вакол сябе групу краінаў, якія будуць выступаць у падтрымку ініцыятывы аб адмене візавых санкцый адносна высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

Франко Фраціні сустрэўся з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, прэм’ер-міністрам Сяргеем Сідорскім і міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым.

Між іншым ён праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку пра падрыхтоўку візыту ў Менск італійскага прэм’ер-міністра Сільвіё Бэрлусконі. Цяпер зь беларускім бокам ідзе пошук сфэраў, дзе можа быць дасягнуты прагрэс і падпісаны пагадненьні. Спадар Фраціні адзначыў, што Італія падтрымлівае крокі Эўразьвязу па збліжэньні зь Беларусьсю.

Франко Фраціні патлумачыў журналістам пазыцыю Італіі ў пытаньні санкцыяў Эўразьвязу. Нагадаем, Эўразьвяз неўзабаве павінен вырашыць: адмяняць ці падаўжаць візавыя санкцыі адносна беларускіх чыноўнікаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Спадар Фраціні адзначыў:

“Італія ня толькі выступае за поўнае і канчатковае вырашэньне гэтай сытуацыі. То бок, трэба не ў чарговы раз працягваць рашэньне, а канчаткова адмяніць гэтую забарону. У тым ліку і таму, што Беларусь дэманструе сваю волю, падае канкрэтныя сыгналы збліжэньня з тымі чаканьнямі, якія існуюць з боку Эўрапейскага зьвязу. Але мы будзем імкнуцца аб’яднаць вакол Італіі групу краінаў, якія будуць выступаць у падтрымку гэтай ініцыятывы. Мы будзем прадстаўляць гэтую пазыцыю старшынёўству Эўрапейскага зьвязу. І ажыцьцяўляць у лістападзе гэтага года палітычную дыскусію на гэтую тэму. Шчыра кажучы, я веру, што Італія ня будзе адзінай краінай, якая патрымае гэтую пазыцыю. Настаў час аказаць падтрымку Беларусі ў яе намаганьнях у збліжэньні з Эўропай”.

Падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Франко Фраціні, як ён сказаў, закрануў пытаньне па тэматыцы фундамэнтальных правоў чалавека. На просьбу карэспандэнта Савбоды патлумачыць, пра што там ішла гаворка і якая пазыцыя па гэтым пытаньні Эўразьвязу і Італіі, спадар Фраціні сказаў:

“Заклапочанасьць Эўразьвязу ў гэтым накірунку вядомая. Мы мяркуем, што павінен быць знойдзены спосаб пастаянных публічных і адкрытых дыскусій па тэматыцы правоў чалавека. І што гэта павінна адбывацца ў рамках адказнасьці на вышэйшым палітычным узроўні ў гэтай краіне. Згодна той інфармацыі, якую я атрымаў, створаная нядаўна грамадзкая рада, якраз знаходзіцца ў прамой адказнасьці памочніка прэзыдэнта Беларусі. Ужо праведзена некалькі паседжаньняў гэтай рады. Вядома, будуць і іншыя паседжаньні. Я ўпэўнены ў гэтым і ўжо сказаў майму калегу Сяргею Мартынаву, што інфармацыя пра гэтыя ініцыятывы павінна распаўсюджвацца больш шырока, бо гэта важная інфармацыя, якую ня ўсе ведаюць”.

Паводле спадара Фраціні, падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам яму паведамілі, што на гэтай сэсіі Палаты прадстаўнікоў будзе разглядацца сярод іншых пытаньне аб сьмяротным пакараньні. Спадар Фрацііні сказаў, што эўрапейскі бок будзе ўважліва сачыць за разьвіцьцём гэтай дыскусіі.