Шыльда свабоды
Менск, праспэкт Незалежнасьці, 8
Менск, праспэкт Незалежнасьці, 8
5 верасьня 1991 году над гэтым будынкам, дзе працаваў Менскі гарадзкі савет, упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі быў афіцыйна ўзьняты ў якасьці нацыянальнага сымбалю бел-чырвона-белы сьцяг. Дэпутаты выкасавалі імя Леніна з назвы плошчы і галоўнага праспэкту сталіцы.
Ажно два верасьнёўскія тыдні 1991 году ў Менску на плошчы імя Леніна на двух уладных будынках луналі розныя сьцягі. Над Домам ураду — дзяржаўны сьцяг БССР, а насупраць, над будынкам Менгарсавету — адразу два: афіцыйны бээсэсэраўскі і нацыянальны бел-чырвона-белы.
Тады ў гарадзкім Савеце была іншая раскладка сілаў, чым у Вярхоўным. Камуністаў — меней за палову, і нават калі да іх далучаліся кіраўнікі прадпрыемстваў ці настаўнікі, у іх усё роўна не было дзьвюх трацінаў галасоў, каб прымаць найважнейшыя рашэньні. Таму дэпутаты ад БНФ разам з шэрагам калегаў Дэмакратычнай плыні і мелі магчымасьць уплываць на дэпутацкі корпус. А калі галасавалі патаемна, дык шмат што атрымлівалася значна хутчэй, чым у Вярхоўным Савеце.
Ва ўмовах татальнага шальмаваньня нацыянальных сымбаляў змаганьне за тое, каб у Менску разам з сымболікай БССР выкарыстоўвалася і нацыянальная — бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня — было нялёгкім. Каб пераканаць дэпутатаў, запрасілі гісторыкаў Міхася Ткачова і Анатоля Цітова. Артадоксы з прэзыдыюму стаялі мёртва: не ўключаць пытаньне ў парадак дня сэсіі. Аргумэнтам у іх было і тое, што такога рашэньня не прыняў Вярхоўны Савет. Тады ўключылі пытаньне ў парадак дня шляхам галасаваньня ўсіх дэпутатаў. І 5 верасьня гістарычнае рашэньне было прынятае. Успамінае тагачасны дэпутат Менскага гарсавету, дырэктар музэю імя Максіма Багдановіча Алесь Бяляцкі:
“Ведаючы, што гэтае рашэньне, верагодна, будзе прынятае, я перад паседжаньнем гарсавету забег у музэй, узяў бел-чырвона-белы сьцяг, які стаяў у нас заўсёды ў фае, прыйшоў у гарсавет, пакінуў гэты сьцяг каля міліцэйскага паста і пайшоў на паседжаньне. І калі праз адну-дзьве гадзіны было прынятае рашэньне, то я хутка зьбег да паста міліцыянта і літаральна празь дзьве хвіліны ўнёс гэты сьцяг у дэпутацкую залю. Сьцяг быў сустрэты воплескамі і неадкладна вывешаны над будынкам гарсавету. Вось такім чынам бел-чырвона-белы сьцяг з музэю Багдановіча перакачаваў на Менскі гарсавет”.
Два сьцягі правіселі над Менгарсаветам два тыдні, аж пакуль 19 верасьня Вярхоўным Саветам ня быў зацьверджаны ў якасьці дзяржаўнага бел-чырвона-белы сьцяг.
5 верасьня 1991 году дэпутаты вярнулі Менску і яго гістарычны герб. А на наступны дзень прынцыпова было вырашана перайменаваць плошчу Леніна і Ленінскі праспэкт, якія неўзабаве сталі называцца плошчай Незалежнасьці і праспэктам Францішка Скарыны.