Пяцікніжжа Свабоды працягвае крытык Ганна Кісьліцына.
Яна і Я: Вершы і песьні пра каханьне/ Уклад. Ул. Сіўчыкаў, Р. Шастак. – Мн.: ПУП “Радыёла-плюс”, 2005.
Лёгка назваць лепшыя вершы пра каханьне. Цяжка назваць кнігі… Так склалася гістарычна – не было ў нас паэтаў, якія б маглі дазволіць сабе раскошу – спэцыялізавацца на любоўнай лірыцы. Хоць складана сказаць, што болей на гэта паўплывала – соцыюм ці паўночны тэмпэрамэнт. Тым не менш, калі сабраць па вершы-два, можа атрымацца цудоўная анталёгія, такая, як “Яна і Я”. Цяжка ўявіць больш прэзэнтабэльнае выданьне. Ад “Найвышэйшай песьні Салямонавай” да хадановічаўскага “…пішу Вам з yahoo на tut.by” , ад народнай “Лявоніхі” да пагер-вершаў … Укладальнікі парупіліся пра ўсе часы і жанры, імянны паказальнік і тлумачэньне слоў. Ня толькі вершы гучаць тут музыкай – ўслухайцеся ў імёны! Міхал Клеафас Агінскі, Францішка Ўршуля Радзівіл, Уладзіслаў Сыракомля… Хочацца спадзявацца, што гэтая кніга будзе яшчэ не раз перавыдадзеная ў пашыраным варыянце.
Зорка Вэнэра. Лірыка каханьня. Укладаньне Міколы Аўрамчыка. Мн., “Мастацкая літаратура”, 1972.
Зьвярніце ўвагу на наклад гэтай кнігі. Неверагодна – шаснадцаць тысяч экзэмпляраў! І яна была таго вартая. У самы што ні ёсьць“бясполы” час паўсотні цудоўных беларускіх паэтаў апынуліся пад адной вокладкай, і давялі – ў Савецкім Саюзе сэксу можа і няма, але каханьне дакладна ёсьць. Анатоль Сербантовіч, Алесь Наўроцкі, Янка Сіпакоў, Міхась Шушкевіч, Вера Вярба… За імёнамі – цэлая эпоха! Маё сэрца цешыць іх далікатны, поўны мэтафараў і недагаворак, мілосны дыскурс. Дзякуй Богу, некаторыя тэксты захаваліся на слыху, стаўшыся песьнямі. Не пашанцавала толькі Уладзімеру Караткевічу, які трапіў у гэты лёгкі і празрысты зборнік з даволі грувасткай “Партызанскай балядай”. Але што мне замінае выправіць сытуацыю і ўклеіць любімую старонку? Такім чынам:
О, каханьне маё бясконцае,
Не ўцякай ад мяне, пашкадуй!
За табой, як за сьветлым сонцам,
Па штодзённай дрыгве іду.
Чарада нада мной жураўліная,
Пада мною – балот віры.
Журавінамі, журавінамі
Кроў мая на куп’і гарыць.
На шляху толькі чорная лотаць,
А за мной, ад маёй крыві,
Утрапёна квітнеюць балоты
Смолкай песень, пярэснай любві.
Кроў сплывае. Няма спакою.
І калі ўпаду нежывы,
Красаваньне кветак жывое
Застанецца на месцы дрыгвы.
Якуб Колас, Сымон-музыка: Паэма. Мн.: Юнацтва, 1989.
Ці зьвярталі вы ўвагу на такую беларускую выдавецкую традыцыю – выпускаць кнігі пра каханьне на добрай паперы і з малюнкамі лепшых мастакоў? Мікола Селяшчук быў ці не лепшым майстрам у афармленьні любоўнай лірыкі. “Каханьне” Р.Баравіковай, “Пара любові і жалю” Я.Янішчыц, і канешне, чароўны сувэнірны “Сымон-музыка” Я.Коласа…
“Сымон-музыка” – клясыка беларускай love-story. Рэдкі выпадак – шчасьлівы фінал: каханьне і творчасьць перамагаюць абставіны і хваробу. Рэдкі, бо звычайна беларускія любоўныя гісторыі – гэта гісторыі фатальных несупадзеньняў… Як тут не ўздыхнуць разам з Коласам: “О, край родны, край прыгожы!..”
Заўважу адну акалічнасьць – галоўную гераіню завуць Ганнай. Складана сказаць, што за таямніца ў гэтым гукаспалучэньні, але факт застаецца фактам – большую частку тых, каго беларускія паэты абіралі і абіраюць на ролю сваіх гераінь, завуць менавіта так! Не верыце? Адкрыйце анталёгію “Яна і Я”!
Яўгенія Янішчыц, Снежныя грамніцы. Мінск, Беларусь. 1970.
Не магла не трапіць у гэты рэйтынг дэбютная кніга Яўгеніі Янішчыц. Мяне цяжка залічыць у прыхільніцы яе таленту, але не магу не аддаць належнае – верш “Ты пакліч мяне. Пазаві…” вось ужо чатыры дзесяткі гадоў з’яўляецца любімым творам юных “філялягіняў”. Ня дзіва – твор напісаны маладзенькай пяцікурсьніцай філфаку, у часы, калі сапраўды шчыра верылася, што “пачынаецца ўсё зь любві, нават самая простая ява”…
Паэтычная максыма Янішчыц -- “…а інакш і жыць немагчыма” – некалі выглядала адцягненай абстракцыяй – менавіта так трактуе гэты верш “Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст.” Сёньня дзіву даесься – наколькі прарочымі адносна ўласнага лёсу аказаліся першыя вершы Непрыручанай птушкі…
Багдановіч М. Поўны збор твораў: У 3 т. Т. 1. Вершы, паэмы, пераклады, насьледаваньні, чарнавыя накіды. – 2-е выданьне. – Мн.: Бел.навука, 2001.
Эрас і танатас – модус мысьленьня ўсёй эўрапейскай паэзіі. Ня дзіва, што менавіта Максім Багдановіч, які зрабіў прышчэпку эўрапейскасьці нашай літаратуры, назваў нізку сваіх вершаў так – “Каханьне і сьмерць”. Перад сур’ёзнасьцю заяўленай тэмы адступаюць паэтакакеткі і паэтанарцысы… Немагчыма параўноўваць і усё ж – яго любоўная лірыка, на мой погляд, засталася не пераўзыйдзенай. У чым загадка? У сублімацыі, нерэалізаванасьці мрояў? У паэтычным картбланшы, падпісаным самой сьмерцю? А можа ў здатнасьці нават у хвіліну пяшчоты помніць пра тое, што ўсе мы – “толькі падарожныя, папутнікі сярод нябёс”.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?”