Патрыярх Кірыл: Я прыехаў дахаты

Патрыярх Маскоўскі і Ўсяе Русі Кірыл прыбыў у Беларусь з чатырохдзённым візытам.

На сустрэчы з Лукашэнкам


Падчас сустрэчы зь кіраўніком Беларусі патрыярх Кірыл заявіў: "Беларусь – краіна з абсалютна праваслаўнай большасьцю. Але тут ёсьць і іншыя канфэсіі. Добрыя стасункі з рознымі канфэсіямі садзейнічаюць гуманізацыі грамадзтва. Важна, што грамадзтва не падзялялася, кансалідавалася. Тут ёсьць мір і ніякага напружаньня.

“Я прыехаў сюды, насамрэч, дахаты. Трэба прама разумець: прыехаў не патрыярх Расейскай Фэдэрацыі. Сьвятая Русь, гістарычная спадчына рэалізуе сябе ў розных дзяржавах. Наш народ аб'яднаны адзінай сыстэмай каштоўнасьцяў. Захаваньне гэтых хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, якія ёсьць базавымі, уменьне іх абараніць і быць гатовымі да дыялёгу — гэта аблічча сучаснай дзяржавы, якая ня хоча адмаўляцца ад сваіх каранёў. Гэта вельмі слушная нацыянальная самасьвядомасьць”.

Патрыярх сказаў, што знаходжаньне ў Беларусі дасьць яму яшчэ адну магчымасьць “дакрануцца да жыцьця беларускага народа”.


А.Лукашэнка: пэрыяд, калі мы каяліся, скончыўся


А.Лукашэнка заявіў, што патрыярх “заўсёды знойдзе тут сваіх аднадумцаў”.

“Мы заўсёды падкрэсьліваем, што вы – наш патрыярх. Гэта ваша Беларусь, і таму прыяжджайце сюды, як да сябе дадому".

А.Лукашэнка прапанаваў кіраўніку РПЦ "пагаварыць аб праблемах, якія, магчыма, ёсьць з вашага пункту погляду, служыцеляў праваслаўнай царквы. Мы нічога тут ня дзелім. Не разумею, як можна такі вялізны інстытут як царква аддзяліць ад дзяржавы. У свой час, калі паўстала пытаньне пра ідэалёгію, я прапанаваў: давайце возьмем за аснову хрысьціянскія каштоўнасьці. Мы нічога не знайшлі лепшага, чым хрысьціянскія каштоўнасьці.

У Беларусі ведаюць пра вашае імкненьне да канфэсійнага міру і згоды. Я з задавальненьнем згадваю вашыя словы пра тое, што пэрыяд , калі мы каяліся, скончыўся. Трэба далей будаваць стратэгічныя накірункі супрацоўніцтва царквы і дзяржавы”.









Пра сустрэчу з папам рымскім


Патрыярх Кірыл не пацьвердзіў магчымасьць сустрэчы з папам рымскім на тэрыторыі Беларусі, перадае Інтэрфакс.
На пытаньне журналістам, што патрырях думае пра намаганьні арганізацыі ў Беларусі сустрэчы кіраўнікоў праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, партырях Кірыл сказаў:

"Пра гэтыя намаганьні я нічога ня ведаю".

***




У Нацыянальным аэрапорце Патрыярх Кірыл заявіў, што ў Беларусі вельмі высокі ўзровень стасункаў царквы і дзяржавы. Ён спадзяецца “многае пабачыць, даведацца і адчуць у Беларусі, што неабходна патрыярху”.

"Беларусь – гэта краіна і народ, якія жывуць у памежжы. Сам факт памежжа накладае адбітак на лёс народа. Сёньня для Беларусі многа выклікаў, культурных і палітычных. З аднаго боку, гэта цяжка, з другога – адпавядае дынаміцы ўнутранага жыцьця беларускага народа. Беларусь - частка сьвятой Русі ", - сказаў патрырях.

Ён адзначыў, што Беларусь - гэта сувэрэнная дзяржава, у якой яго чакаюць сустрэчы як з кіраўніцтвам краіны, так і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці.



Нагадаем, сёлета А.Лукашэнка сустракаўся з патрыряхам Кірылам 25 сакавіка ў Сочы, а потым 10 красавіка ў Маскве. Гэтыя сустрэчы адбыліся перад візытам А.Лукашэнкі ў Ватыкан і сустрэчай з папам рымскім Бэнэдыктам XVI. А.Лукашэнка заявіў пра свой намер арганізаваць у Беларусі сустрэчу патрыярха з папам.