Псыхіятрычны шпіталь, “Белсат” і пракуратура

Алег Ражкоў

22 верасьня гомельскага сябра БАЖ Алега Ражкова выклікалі ў абласную пракуратуру. Пракурор аддзелу Алеся Рабцава запатрабавала тлумачэньняў да заявы галоўнага лекара абласнога псыхіятрычнага шпіталя Віктара Маторанкі. Апошні паскардзіўся ў пракуратуру, што Алег Ражкоў разам з Тацьцянай Бублікавай прыйшлі у шпіталь нібыта з бэджамі “Белсат” і папрасілі пакамэнтаваць спыненьне кантракту зь лекарам-псыхіатрам, сябрам стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Сяргеем Трыфанавым.

Галоўны лекар ня ведаў пра “Белсат”, таму й пагадзіўся адказаць на пытаньні журналістаў. А калі, маўляў, даведаўся, што спадарожнікавае тэлебачаньне вядзе трансляцыю на Беларусь з Польшчы, то зьвярнуўся ў пракуратуру, што яго камэнтар у этэры быў скажоны.

Алег Ражкоў: “Галоўны псыхіятрычны лекар піша, што прыйшлі журналісты зь „Белсату“, паказалі яму нейкі бэдж „Белсату“, і ён даў інтэрвію для „Белсату“. А потым скардзіцца і просіць разабрацца, чаму паказалі гэтае інтэрвію. Калі ты пагадзіўся даваць інтэрвію на „Белсат“, то ў чым справа? І як наогул можна сказіць нейкі там відэаматэрыял пра звальненьне грамадзкага актывіста, лекара Трыфанава?

Гэты сюжэт насамрэч мы здымалі для сайту Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Магчыма, „Белсат“ узяў фрагмэнты відэазапісу з сайту АДС”.

Спадар Ражкоў паведаміў, што пракурор Рабцава зрабіла яму вуснае папярэджаньне: калі надалей будуць нейкія скаргі ад грамадзянаў, то пракуратура будзе прыцягваць журналістаў да адміністрацыйнай адказнасьці. Зроблены таксама зыпыт у Міністэрства замежных спраў наконт таго, ці маюць Алег Ражкоў і Тацьцяна Бублікава акрэдытацыю.

Сёлета ў лютым Алег Ражкоў й Таццьна Бублікава ўжо атрымалі афіцыйнае папераджэньне Гомельскай абласной пракуратуры, як сказана, “за ажыцьцяўленьне журналісцкай дзейнасьці на карысьць польскага спадарожнікавага тэлеканалу “Белсат”.

Чарговыя так званыя скаргі грамадзянаў і выклікі ў пракуратуру незалежныя журналісты наўпрост зьвязваюць з акрэдытацыяй телеканалу “Белсат” у беларускім МЗС.

Алег Ражкоў: “У СМІ зьявілася інфармацыя, што тэлебачаньне „Белсат“ зноў падало дакумэнты на акрэдытацыю ў МЗС. Магчыма, што ўсе гэтыя праверкі ды прыцягваньні незалежных журналістаў да „Белсату“ зьвязаны менавіта з тым, каб чарговы раз ня даць „Белсату“ акрэдытацыю”.

На здымку: Алег Ражкоў.