Вянок памяці: Алесь Касьцень

19 верасьня Пастаўшчына разьвіталася з Алесем Касьценем, паэтам, публіцыстам, актыўным дзеячам найноўшага беларускага адраджэньня. Ён пайшоў з жыцьця пасьля цяжкай і працяглай хваробы, маючы за плячыма толькі 54 гады.
Алесь Касьцень
Падчас службы ў войску Алесь Касьцень пазнаёміўся са знаным беларускім паэтам Сяргеем Панізьнікам, які дабраславіў у сьвет ягоную першую кнігу вершаў “Зруб”. Спадар Панізьнік падтрымліваў свайго літаратурнага хросьніка ўсё жыцьцё.

“Гэта чалавек, які майстраваў свой зруб. Ён стаяў, ён званіў, ён зьвінеў, гэты зруб, і насельнікі ў ім былі — харошыя вершы. І творца, і ініцыятар многіх падзей у сваім краі, і выдавец — гэта чалавек, які выпраменьваў энэргію і даваў сьвятло акаляючаму люду”.

У родных Паставах Алесь Касьцень доўгі час кіраваў літаратурным клюбам “Сьвітанак”, які стаў цэнтрам мясцовай інтэлігенцыі. І ня толькі. Гаворыць пастаўскі грамадзкі актывіст Міхась Гіль:

“Усе да яго хадзілі параіцца пра розныя рэчы, куды напісаць нават скаргі якія. І зь вёсак нават да яго прыяжджалі — ён нікому не адмаўляў. У маёй памяці ён застанецца як вельмі таленавіты чалавек, каторы заўсёды пры першай жа просьбе гатоў быў дапамагчы”.

Справы пастаўскіх мастакоў, літаратараў, журналістаў, краязнаўцаў, грамадзкіх актывістаў, якіх Алесь Касьцень натхняў верай у адраджэньне беларушчыны, сталі вядомыя на ўсю краіну. Слова разьвітаньня гісторыка, літаратуразнаўцы і калегі па Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоля Сідарэвіча:

“Заходні беларус, сын Пастаўшчыны, паэт, празаік, журналіст Алесь Касьцень памёр у знамянальны дзень 17 верасьня. Пастаўшчына страціла свайго сына, культурны асяродак Пастаўшчыны — свайго калегу, які выдаў чатыры зборнікі вершаў і тры кнігі прозы, які шмат спрыяў землякам. У тым, што ў Паставах выйшлі чатыры калектыўныя зборнікі твораў мясцовых аўтараў, а таксама часопіс „Барвы“, ёсьць і ягоная заслуга. Тое, што стварыў Алесь Касьцень, ручайком улілося ў плынь беларускага пісьменства, беларускай культуры. Я буду ўспамінаць Алеся ня толькі як аўтара, якога чытаў, але таксама як таварыша і аднадумцу, які не сьцьвярджаў свае заслугі, б’ючы сябе ў грудзі, а сьціпла рабіў добрую справу для беларусаў і Беларусі, для роднай Пастаўшчыны”.

Пахавалі Алеся Касьценя на новых могілках у Паставах. У яго засталіся дачка і ўнучка.