Беларускія вайсковыя часткі ўдзельнічаюць у шэрагу манэўраў, самыя значныя зь якіх — “Захад-2009” — праходзяць зь беспрэцэдэнтнай колькасьцю расейскіх войскаў і аднаго вайсковага аддзелу з Казахстану.
Прэсавы сакратар Міністэрства абароны Вячаслаў Раменчык толькі ўчора вярнуўся з расейскага палігону Ашулук, дзе стралялі па цэлях беларускія ракетчыкі, і ўжо зьбіраецца на Абуз-Лясноўскі палігон непадалёк ад Баранавічаў, дзе пройдуць асноўныя падзеі манэўраў “Захад-2009”:
“Сёньня на тэрыторыі рэспублікі пачаўся чарговы этап апэратыўна-стратэгічных манэўраў „Захад-2009“. Галоўная мэта манэўраў — праверыць магчымасьці Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі што да вайсковай бясьпекі саюзнай дзяржавы, гатоўнасьць для абароны ад агрэсіі”.
Паводле Міністэрства абароны, у аснову сцэнара манэўраў “пакладзены магчымы варыянт пачатку вайсковага канфлікту”, але дакладныя зьвесткі пра сцэнар хаваюцца ў сакрэце. Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін кажа пра задуму манэўраў:
“Манэўры вельмі цікавыя. Наколькі можна меркаваць па той інфармацыі, якая ёсьць, будуць адпрацоўвацца ня толькі абарончыя дзеяньні, але і контрудары саюзных войскаў па праціўніку, які наступае. У якім кірунку будуць гэтыя контрудары — можна толькі здагадвацца”.
Усяго ў манэўрах бяруць удзел каля 14 тысяч вайскоўцаў: больш як па 6 тысяч беларускіх і расейскіх салдатаў і афіцэраў і больш за тысячу беларускіх рэзэрвістаў. 30 вайскоўцаў для ўдзелу ў манэўрах “Захад-2009” накіраваў Казахстан.
Манэўры адметныя ня толькі колькасьцю жывой сілы. Адзінак бронетэхнікі будзе каля тысячы, зь іх 228 танкаў. Заяўлена пра ўдзел больш як ста лятальных апаратаў — гэта значыць самалётаў і верталётаў.
Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі пацьвярджае, што вайсковай тэхнікі на манэўрах “Захад-2009” будзе надзвычай шмат:
“Калісьці я праводзіў дывізійныя манэўры, калі 50 верталётаў працавала на полі, і гэта лічылася велізарнай колькасьцю. Гэта было ў савецкія часы, у Армэніі стаяла мая дывізія. А тут сто апаратаў. Вельмі шмат. Калі пачуў гэтую лічбу, я нават засумняваўся, ці дакладна я пачуў”.
Павал Казлоўскі ня ўзяўся ацаніць баяздольнасьць сучаснага беларускага войска, але пацьвердзіў, што тэхніка, якая знаходзіцца на ўзбраеньні, старэе, а сучаснай замены ёй паступае мала.
У Міністэрстве абароны Беларусі ня кажуць, колькі будуць каштаваць манэўры “Захад-2009”.