Што сёньня можа ўзрушыць грамадзтва, насельніцтва аднаго гораду?

Здавалася б, падвышэньне цэнаў, зьмяншэньне заробкаў, страта працы. Але ўсё гэта людзі перажываюць моўчкі, па старой савецкай традыцыі дазваляючы сабе выпусьціць пару толькі “на кухні”.

Гарадзенцаў усхвалявала нядаўняе здарэньне: 19-гадовы хлопец ехаў нападпітку на машыне, зьбіў маладую маму з каляскай і ўцёк зь месца здарэньня. 25-гадовая жанчына загінула, дзіця знайшлі за 25 мэтраў у хмызах. Яно было ў коме, але ўдалося адратаваць. Злодзея затрымалі — ён, дарэчы, ня меў правоў кіроўцы.

Пра здарэньне паведаміла падрабязна тэлебачаньне, мясцовыя газэты, яны надрукавалі здымак жанчыны… У гарадзенскай блогасфэры ўзьняліся гарачыя спрэчкі, тэме былі прысьвечаныя дзясяткі камэнтароў. Абсалютная большасьць удзельнікаў патрабавала жорсткага пакараньня для злачынцы. Чаму такі розгалас? Меркаваньне грамадзкага праваабаронцы, былога палітвязьня Валерыя Леванеўскага:

Валер Леванеўскі
“Гэты выпадак меў рэзананс таму, што ён быў агучаны. Чалавеку ўласьціва, калі некага крыўдзяць, за яго заступіцца. А што датычыць інтэрнэту, то я не згаджуся, што там шмат адукаваных людзей: у чатах удзельнічаюць маладыя, падлеткі. А яны не разумеюць, што тут комплекс праблемаў, пачынаючы з таго, што дзяржава ніяк не рэагуе на тое, што моладзь езьдзіць нападпітку, прафіляктыка правапарушэньняў практычна адсутнічае”.

Аднак чым у гэты час заклапочаны міліцыянты?

Леванеўскі: “Цяпер яны масава дасылаюць усім позвы, каб зьняць адбіткі пальцаў. Вось чым займаецца міліцыя! На ўсякі выпадак з усіх “пальчыкі сабраць”. І задзейнічаны вялікія сілы на гэта”.

Валеры Леванеўскі зьвяртае ўвагу на тое, што такія выпадкі — ня рэдкасьць. Пешаходаў зьбіваюць нават міліцыянты, і людзі пра гэта ведаюць.

Леванеўскі: “Трэба арыштаваць машыну, трэба прымаць меры канкрэтныя, не абавязкова такія жорсткія — “расстраляць”, і ўсё. Бо зьбіваюць людзей і супрацоўнікі міліцыі, якія едуць нападпітку за рулём. Што іх, на месцы расстрэльваць? Не! Максымум, што іх звольняць з працы, і то яшчэ вялікае пытаньне”.

Гарадзенец Юры Істомін мае юрыдычную адукацыю. Як ён патлумачыць, чаму забойства на дарозе выклікала столькі эмоцый у гарадзенцаў?

Істомін: “Вядома, забойства чалавека заўсёды выклікае вялікі рэзананс. Тое, што гэтая тэма абмяркоўваецца на блогу, — гэта нармальны
Юры Істомін
падыход грамадзтва да забойцы, да чалавека, які забіў маці маладую фактычна. Чаму выклікаюць бурную рэакцыю такія выпадкі? Я думаю, што ў гэтым абурэньні ёсьць страх, што заўтра можа загінуць пад коламі п’янога кіроўцы твая жонка ці твая сястра. Такая пагроза выклікае такую рэакцыю”.

Юры Істомін сам кіроўца і можа ўявіць падобную сытуацыю вельмі выразна.

Істомін: “Я таксама з абурэньнем успрымаю такія выпадкі: калі ты выпіў чарку, то ня трэба сядаць за руль увогуле. Я за тое, каб п’яных кіроўцаў каралі. Па-другое, такі выпадак можа здарыцца з кожным, але трэба быць уважлівым на дарозе. Можа, і я траплю ў такое, але я за жорсткае пакараньне”.

Супрацоўнікі міліцыі таксама сачылі за абмеркаваньнем здарэньня грамадзкасьцю.

Міліцыянт: “Увогуле я лічу нармальнай рэакцыю людзей менавіта ў дадзеным выпадку. Вось каб яны яго нейк абаранялі ці апраўдвалі, то гэта было ненармальным. Хаця, канечне, праява такой злобы ня робіць гонару. Тое, што гэты ўчынак адназначна асудзілі, то я лічу гэта станоўчым момантам. Ну, а тое, што прапаноўваюць расстрэльваць, — гэта, канечне, ня выйсьце”.

У такіх выпадках, калі загінуў адзін чалавек, то могуць даць да пяці гадоў зьняволеньня, калі ахвяраў болей — да сямі гадоў. Гэта таксама выклікала абурэньне блогераў, была прапанова нават пачаць зьбіраць подпісы да прэзыдэнта, каб павялічыў пакараньне за такія злачынствы.
Беларусы любяць асуджаць іншых, тут яны сьмелыя, але ім нестае сьмеласьці выказаць нязгоду зь дзеяньнямі ўлады.


Міліцыянт: “Ён забіў ненаўмысна. Але чаму пайшлі такія размовы? Чалавек, які п’яны сядае за руль, ён патэнцыйны злачынца, забойца. Ён усьведамляе грамадзкую небясьпеку сваіх дзеяньняў. А там сьледзтва будзе разьбірацца, чаму ён уцёк, бо ён казаў спачатку, што спалохаўся, шок быў”.

А вось якраз блогеры даводзілі, што дзейнічаў п’яны кіроўца абсалютна спакойна, дамовіўся ноччу пра рамонт разьбітай фары, каб машыну не знайшлі. Дарэчы, міліцыянты прызнаюцца, што гэты чалавек ніколі ня меў правоў, але езьдзіў па горадзе, аднойчы быў затрыманы і на яго склалі адразу некалькі пратаколаў. Гэты факт таксама падліў алею ў агонь…

Уладзімер Хільмановіч
Журналіст Уладзімір Хільмановіч пад такім вуглом разглядае рэакцыю некаторых гарадзенцаў на забойства маладой мамы п’яным кіроўцам:

“Я мяркую, што такая жорсткасьць з псыхалягічнага пункту гледжаньня добра тлумачыцца. Рэч у тым, што нашыя людзі звыклі абурацца і больш агрэсіўна ўспрымаць праявы несправядлівасьці з боку канкрэтных людзей, антысацыяльныя ўчынкі або скіраваныя супраць чалавека, але часьцяком не заўважаюць той несправядлівасьці, большых здарэньняў, вінаватая ў якіх дзяржава, уладныя структуры. Проста чалавеку нестае сьмеласьці асудзіць заганныя зьявы, якія стварае дзяржава. Асудзіць чалавека заўсёды прасьцей.

Ёсьць і другі момант. Зьбіта маладая жанчына, жахлівы выпадак. Гаворка не ідзе пра тое, каб не караць, але ў эўрапейскім грамадзтве існуе гуманістычны падыход. Непавага да іншых, брутальны падыход — гэта ідзе зь сям’і, вынікае з выхаваньня таксама ў школе”.

Карацей кажучы: беларусы любяць асуджаць іншых, тут яны сьмелыя, але ім нестае сьмеласьці выказаць нязгоду зь дзеяньнямі ўлады, якая то забірае льготы ў інвалідаў і пэнсіянэраў, то падвышае камунальныя плацяжы, то зьмяншае заробкі бюджэтнікам.