У “Доме літаратара” Алесь Чобат і Алесь Калоша

Дом Літаратара

Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 12 верасьня




АЛЕСЬ КАЛОША: “ПАШЫРАЙМА “PRASTORU.BY” РАЗАМ!”


Prastora.by
– так называецца першая зарэгістраваная ў Беларусі інтэрнэтная кнігарня. Яна ўзьнікла ў структуры гуказапісвальнай кампаніі “Beltonmedia”, якая выдае беларускія аўдыёкнігі. Кіраўнік кампаніі Алесь Калоша – госьць нашай менскай студыі, дзе зь ім сустрэлася Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадар Алесь, раскажыце, калі ласка, як узьнікла ідэя стварыць пры кампаніі “Beltonmedia” інтэрнэт-краму?”

Алесь Калоша
Алесь Калоша:
“Мы займаемся выданьнем аўдыёкнігаў на беларускай мове. Гэта клясыка, сучасная літаратура, замежныя аўтары. І па першых часах працы зьявілася праблема па збыце нашай прадукцыі. Цяпер яна вырашаецца, і даволі пасьпяхова, мы пашыраем геаграфію нашага збыту, супрацоўнічаем з рэгіёнамі, з кнігагандлёвымі арганізацыямі, але ўсё роўна ёсьць пытаньні па прадстаўленьні нашай прадукцыі шырокаму колу нашых чытачоў. І калі мы зачапілі гэтую праблему і пачалі яе абмяркоўваць, то зразумелі, што патрэбная нейкая гандлёвая пляцоўка, якую б мы выкарыстоўвалі як краму для продажу нашых кніг. А калі мы пачалі думаць пра аўдыёкнігі, то зразумелі, што такая праблема існуе ня толькі з нашымі выданьнямі, але ўвогуле з кнігамі на беларускай мове. Таму што яны як бы распыленыя па розных кнігарнях, і многія людзі ня ведаюць, дзе што знаходзіцца. Тады і зьявілася ідэя стварыць віртуальны гандлёвы цэнтар па продажы найперш беларускіх кніг, аўдыё- і відэадыскаў”.

Аксак: “Вы кажаце, што гэта першая ў Беларусі інтэрнэт-крама па продажы беларускамоўных кніг. Але ж у сеціве сустракаюцца і іншыя адрасы, па якіх можна замовіць беларускую кнігу”.

Калоша: “Наша інтэрнэт-крама “Prastora.by” – гэта першая афіцыйная, легальная інтэрнэт-крама з зарэгістраваным дамэнам, адмыслова атрыманай ліцэнзіяй, мы зьмяшчаем на сайце наш адрас, уліковы нумар падаткаплатніка, наш разьліковы рахунак і іншыя зьвесткі. Мы адкрыта гаворым, што мы – прадпрыемства, якое гандлюе беларускімі кнігамі, аўдыё- і відэадыскамі”.

Аксак: “А ў вас не ўзьнікала праблемаў з рэгістрацыяй вашага прадпрыемства?”

Калоша: “Не, не ўзьнікала”.

Аксак: “А як вы кампануеце асартымэнт выданьняў, якія прапануеце беларускамоўнаму чытачу? Якіх прынцыпаў трымаецеся пры адборы кніг?”

Калоша: “Канечне, па-першае, гэта павінна быць кніга на беларускай мове беларускага аўтара альбо замежнага, але ў перакладзе на беларускую. Па-другое, яна павінна быць, на наш погляд, вартая таго, каб чытач пазнаёміўся зь ёй. Гэта павінна быць добрая мастацкая літаратура ці публіцыстыка, ці кніга па гісторыі, ці навуковая кніга. Мы хочам, каб у нашай краме была шырока прадстаўлена як прадукцыя прыватных прадпрыемстваў, так і дзяржаўных. Што тычыцца аўтараў, то, канечне, добра і выгодна для крамы мець хіты знакамітых пісьменьнікаў, але мы хацелі б таксама працаваць з маладымі аўтарамі, данесьці іх творчасьць да шырокага кола чытачоў”.

Аксак: “Не сакрэт, што наклады нават папулярных беларускіх літаратараў цяпер абмежаваныя. Тысяча асобнікаў лічыцца добрым накладам. А што вы робіце ці плянуеце рабіць для таго, каб прывабіць да сябе таго, хто ніколі ня чуў нават пра самага папулярнага, да прыкладу, паэта Ўладзімера Някляева, які нядаўна выдаў цудоўную кніжку прозы “Цэнтар Эўропы”, ці пра іншых вядомых аўтараў, ня кажучы ўжо пра маладых?”

Калоша: “Піярыць аўтара мы можам толькі робячы прывабнай нашу “Prastora.by”. Мы хочам, каб менавіта на нашым сайце рэклямаваліся аўтары і новыя выданьні, каб той чалавек, які, можа, выпадкова зайшоў на наш сайт, выйшаў зь яго неабыякавым”.

Аксак: “Раскажыце пра першыя посьпехі вашай працы”.

Калоша: “Хоць мы адчыніліся толькі 19 жніўня, але ўжо ёсьць замовы. Мы вельмі рады першым нашым пакупнікам. Яны з Горадні, Менску, Берасьця”.

Аксак: “А якім спосабам вы адпраўляеце кнігі пакупнікам?”

Калоша: “Па Беларусі дасылаем поштай. Калі гэта менскі пакупнік, то мы яго запрашаем у наш офіс. Мы будзем ладзіць сетку кур’ераў, але пакуль што асноўны спосаб дастаўкі – гэта пошта ці сустрэча ў нас”.

Аксак: “Ці адчуваеце перашкоды на шляху вашай працы?”

Калоша: “Перашкоды больш арганізацыйныя, бо гэта справа новая. Таму я хачу зьвярнуцца да чытачоў, каб яны зьвярталіся да нас, каб дасылалі заўвагі, пажаданьні. Мы будзем вельмі да гэтага прыслухоўвацца. Мы гатовыя да супрацы з усімі выдаўцамі. І яшчэ вельмі хочам супрацоўнічаць з рэклямадаўцамі. Мы адкрытыя да супрацы з усімі. Пашырайма беларускую прастору разам!”

АЎТАР І ТВОР

АЛЕСЬ ЧОБАТ: “НЕПРАЎДЗІВЫЯ ГІСТОРЫКІ – ГЭТА ПАЛІТЫКІ”


Да пяцідзесяцігодзьдзя паэта Алеся Чобата (жыве ў Скідалі на Гарадзеншчыне) у сталіцы выйшла кніга яго выбранай паэзіі “Калі хочаце мець у Айчыне свабоду…” Выйшла ў недзяржаўным выдавецтве, без падтрымкі пісьменьніцкіх ці грамадзкіх арганізацый – на складкі сяброў і знаёмых. Выпадак, трэба прызнаць, рэдкі для айчыннай кнігавыдавецкай практыкі. Зь юбілярам пагутарыў Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Алесь, сапраўды, нязвыклая зьява – кнігу пры жывым аўтары ўклаў зусім іншы чалавек. Чаму так сталася?”

Алесь Чобат
Алесь Чобат:
“Гэта я вінаваты. “Калі хочаце мець у айчыне свабоду” – гэта мой радок, але загаловак ня мой, а ўкладальніка – гісторыка літаратуры Язэпа Янушкевіча. Ён уклаў гэтую кнігу з усіх маіх ранейшых зборнікаў, якіх было пяць, ён раскапаў нават тыя мае публікацыі, пра якія я сам забыўся. А як усё атрымалася? Неяк я патэлефанаваў Язэпу і пажаліўся, што дажыў да пяцідзесяці гадоў, а ня маю грошай на жыцьцё, бо толькі што выйшаў з апэрацыі на вока, а зімой – другая. Я папрасіў яго пра складчыну. Язэп сказаў, што скаладчына – складчынай, але ж ён – гісторык літаратуры, і зробіць мне кнігу. І яна выйшла літаральна за месяц”.

Скобла: “Ствараецца ўражаньне, што яе аўтар, хоць і ўрос усімі каранямі ў Гарадзеншчыну, проста ня можа не пакепліваць са свайго народу. Адкуль такія адносіны?”

Вокладка кнігі Алеся Чобата
Чобат:
“Зь беларусаў толькі цяпер, пры Лукашэнку, ствараецца нацыя. Беларуская дзяржава паўстала ў выніку зьбегу абставінаў, бо ніхто зь вясковых людзей яе не хацеў: “Дзетачкі, мне ўсё роўна…” Але нацыя ў нас дзіўная – яна хутчэй сацыяльная, савецкая. Беларусы апошнія гадоў чатырыста былі вясковым этнасам, бо нашая эліта разышлася: восем зь дзесяці пайшлі ў палякі, двое зь дзесяці – у расейцы. Так было апошнія чатырыста гадоў, а пачалося адразу ад Крэўскай уніі і войнаў з Масквой. Ня склалася нацыя, склаўся этнас. У нас ніколі не было эліты. Тое, што мы называем “беларускай шляхтай”, я называю “нашай польскай шляхтай”. Па вэрсіі ХІХ стагодзьдзя, беларусы былі ў Маскве польскай інтрыгай, у Варшаве – расейскай інтрыгай. Беларусы паўсталі на попеле абедзьвюх імпэрыяў – пра што пісаў яшчэ Антон Луцкевіч. Пакуль усе імпэрыі не паўпадаюць – беларусаў ня можа быць. Беларусам усё даў Савецкі Саюз. Без СССР нас бы проста не было. Беларусы жыць па-іншаму ня ўмеюць, і таму жывуць, як умеюць”.

Скобла: “Твая кніга – як падручнік па беларускай гісторыі для скептыкаў. А хто, на тваю думку, напісаў самыя праўдзівыя кнігі пра Беларусь?”

Чобат: “Непраўдзівых гісторыкаў не бывае. Непраўдзівыя гісторыкі – гэта палітыкі. Любы гісторык праўдзівы. Пра Беларусь напісана вялікае мноства добрых кніг. Добрыя кнігі пра беларусаў пісалі хто заўгодна. Напрыклад, прафэсар Міхал Каяловіч, якога мы маем за цемрашала, бо ён, ці бачыце, “западна-русізм” прыдумаў, хоць гэта няпраўда. Без Каяловіча не было б перапісаў у Расейскай імпэрыі, не было б каму вучыць сэмінарыстаў, якія ехалі да яго ў Пецярбург, і г.д. Добрыя кнігі пра Беларусь пісалі палякі Оскар Кольбэрг і Міхал Федароўскі. А апошняя бліскучая кніга – “Крэсы” Яцка Кальбушэўскага з Уроцлава”.

Скобла: “Данута, мы – беларусы, наша месца ў музэі,” – зьвяртаесься ты да паэткі Дануты Бічэль, зь якой не адзін год адпрацаваў у гарадзенскім Музэі Максіма Багдановіча. А чаго ў беларускім музэі ні ў якім разе не павінна быць?”

Чобат: “Там не павінна быць Дануты Бічэль і Алеся Чобата, таму нас адтуль і выгналі. Сучасны беларускі музэй мае быць савецкім, як вёска, простым, як абух сякеры. Вось паглядзі цяперашнія кніжкі. Я выйшаў з больніцы пасьля апэрацыі, зайшоў у кнігарню і паглядзеў школьны аддзел. У падручніку для чацьвёртай клясы ідзе так: Грунвальд, потым вызваленьне Беларусі ў 1944 годзе, і сьледам – Аляксандар Лукашэнка. Зь беларускай гісторыі ўжо ўсё павыкідалі, там ужо Савецкага Саюзу няма! А нашы адраджэнцы ўсё ваююць з камуністамі за месца ў гісторыі... У нас Менск толькі цяпер вылазіць на мэгаполіс і перастае быць вясковым. Ня будзе мэгаполісу – ня будзе дзяржавы, ня будзе дзяржавы – ня будзе нацыі. Мае быць тое, што маем. Другія й таго ня маюць. Пераедзьце Урал і паглядзіце на цюркскія народы. Іхнія эпасы дасягаюць дзесяці тысячаў гадоў. Ну і што? І што толку, калі там тысячы гадоў нічога не мянялася? Яшчэ раз паўтару, да нашай гісторыі я заграбаў бы ўсё: Оскар Кольбэрг – наш, бо пра Беларусь пісаў. Міхал Каяловіч – тым больш наш, ён з Кузьніцы родам. Маршал Георгі Жукаў – таксама наш, ён шэсьць гадоў тут камандаваў, узышоў ад камандзера дывізіі да намесьніка начальніка акругі. Мядзьведзь і той пад сябе грабе. А адраджэнцы ўсё выкідаюць камуністаў, а камуністы выкідаюць адраджэнцаў – потым будзе хата пустая”.

Скобла: “Назаві дзьве найбольш значныя падзеі беларускай гісторыі. Адну – са знакам плюс, другую са знакам мінус”.

Чобат: “Самая мінусавая падзея расьцягнулася ў часе ад Крэва да Гарадэльскай унііі. А самая плюсавая падзея – гэта Грунвальд, 1410 год. Калі б не было Грунвальду – тут быў бы фатэрлянд. З пункту гледжаньня цывілізацыі тое было б някепска, але беларусам у той цывілізацыі месца не знайшлося б.

Язэп Янушкевіч і Алесь Чобат


АЛЕСЬ ЧОБАТ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

Бізантыя


цёплы вечар на шнурах ў бялізьне сьпіць вецер
доўгія цені як вушы суседзяў Сад пранікаюць да дна
паўмільёна суродзічаў п о л і с якіх поўна на гэтым сьвеце
кожныя дзесяць гадоў нечакана прыходзіць вайна

так сядзець бы ў крэсьле пад грушай і кіраваць гэтым краем
паводле colchozum veto падаўляючай бальшыні
але эўрапейскія барбары за Нёманам і за Дунаем
развалілі Сьцяну рушаць помнікі нашай славы і велічыні

помніць с-сука чыё мяса ела маць-і-мачаха Бізантыя
паміраць не хоча старая дура – а бо хто калі хацеў паміраць?!
працягнуць бы яшчэ пакаленьне... хай гэтыя ўлады хай тыя
а па нас хоць патоп а не ў нас то хоць з танкаў страляць

у скалечаным сьвеце здаровым ёсьць толькі калека
ці натоўп альбо охлас гатовы на кожнае «кыш!»
тут міжволі згадаеш Маладога Прыгожага Чалавека
стругалямі дубовымі ўбітага ў кедравы Крыж

контрразьведка з адных дармаедаў трыбухі адрасьціла паліцыя
як усе тут пракраліся бачна як бабу голую днём
і ўжо кожную ноч на тралейбусным дроце Яго плашчаніца –
Яго плашчаніца! –
павісае гарыць не згарае бел-чырвона-белым агнём...

Малітва да гісторыкаў

ня будзьце сьвяцей за свае народы –
т ы х народаў няма
г э т ы я вас ня чуюць

ня стойце на дарозе з рукой узьнятай
хто спазьніўся той не пасьпеў

не забудзьце засыпаць за сабой
усе ямы з раскопамі праўды –
ніхто далёка не заедзе па ямах

і нікога не давяла яшчэ да дабра
дарога пакутаў сьлёз і крыві

помніце: “гісторыя ёсьць навукай
перапісваньня тоўстых, але чужых кніжак
у свой тонкі, але агульны сшытак”

Міхал Каяловіч

Ні мовы няма, ні народа.
Ніхто нічога ня хоча.
А шляхта крычыць: свабода! –
і Польшчай асьлеплены вочы...

Адзін. У Санкт-Пецярбурзе.
Прафэсар, якіх дзясяткі.
На пальцах палічыш – хто людзі.
А так – як учора са статку.

Ні грошай няма, ні парады.
Жывеш – а душа ў магіле.
Што ж, трэба, каб імпэратар
наеўся... Заходняй Расіяй.

Хай будзе хоць “триединство”.
Гэта больш, чым нічога.
Потым – зь Вільні і Мінска
пачнецца свая дарога.

А ён, хто паклаў пачатак,
дастане тутэйшай пашаны:
у кнігах “удзячных” нашчадкаў
трапіцьу цемрашалы...

Мой Запавет

“...а калі памру,
пахаваць мяне па волі прыяцеляў
альбо апекуноў,
ці іншых людзей паспалітых,
клопату ім не справуючы;
а захоча прыйсьці сьвятар –
каталіцкі, уніяцкі, праваслаўны
ці яшчэ іншы які, –
то няхай прыходзіць;
а месца тое па сьмерці маёй
пазначыць каменем простым,
а напісаць на ім толькі
імя ды прозьвішча,
як бацькі нараклі,
ды гады канца й пачатку майго,
як міласьцівы Пан Бог адпусьціў,
а іншых якіх кляйнотаў мець не хачу,
няхай будзе толькі герб таго Краю,
які ня я выбіраў,
понеже не чалавек выбірае Айчыну сваю;
а крыжа ня трэба мне праз грахі мае чалавечыя,
а хопіць і таго крыжа,
які рыцар збройны, Пагоняй паўсюдна званы,
на тарчы сваёй нясе...”