Валянцін Стэх, заснавальнік і першы кіраўнік першай беларускай грамадзкай арганізацыі пасьля аднаўленьня незалежнасьці ў Літве – клюбу “Сябрына”:
Дыялёг патрэбны, і ў галіне нашай агульнай спадчыны, і ў галіне далейшага разьвіцьця нашых добрасуседзкіх адносін
“Я лічу, трэба жыць у згодзе і міры з усімі, а тым больш з блізкімі суседзямі. Асабліва, калі прыняць пад увагу ня толькі агульную мяжу, але – і, магчыма, у першую чаргу – нашую агульную гісторыю на працягу стагодзьдзяў. Я думаю, што дыялёг патрэбны, і ў галіне нашай агульнай спадчыны, і ў галіне далейшага разьвіцьця нашых добрасуседзкіх адносін. Я гляджу на гэтую сустрэчу станоўча”.
Палітуцекач з Наваполацку, які летась атрымаў палітычны прытулак у Літве Ігар Сухарукаў:
“Існуе такая засьцярога, і ня толькі ў мяне, і ня толькі ў літоўскіх уцекачоў – вось я размаўляў зь нямецкімі ўцекачамі, чэскімі, польскімі, яны таксама асьцерагаюцца, што такая небясьпека існуе – за гэтай шырмай, што цяпер ствараецца, – а гэта ўсяго толькі шырма, за якой ціск наадварот узмацняецца, – за гэтай шырмай прымуць, напрыклад, у Беларусі нейкі закон аб лібэралізацыі, і на гэтай падставе частку ўцекачоў у Беларусь вернуць”.
Лілея Плыгаўка, загадчыца беларусістыкі ў віленскім пэдагагічным унівэрсытэце:
“Я стаўлюся станоўча. Беларусь і Літва – бліжэйшыя суседкі, і я ўжо ня буду гаварыць пра шматгадовую гісторыю супольную. Геаграфічна мы суседзі, эканамічныя, культурныя партнэры і таму мы не павінны быць ізаляваныя адзін ад аднаго. Вось гэтую ізаляцыю цягам колькіх гадоў я адчувала як загадчыца беларусістыкі тут, хаця не скажу адназначна, што яна была вельмі вялікая. Але калі б на дзяржаўным узроўні былі больш шчыльныя кантакты, гэта спрыяла б тут беларусістыцы, безумоўна. Вось гэтыя крокі насустрач адназначна станоўчыя, таму што сёньняшняя Эўропа – гэта супольная Эўропа і трэба шукаць паразуменьня, знаходзіць тое, што лучыць людзей, а не разьядноўвае”.
Людвіка Кардзіс з арганізацыі “Віленскі беларускі музэй імя І.Луцкевіча”:
Нам у Беларусь паехаць складаней, чым у любую краіну на другім канцы сьвету.
“Ясна, што мне вельмі балюча, што мы тут побач, а няма ніякіх стасункаў, нам у Беларусь паехаць складаней, чым у любую краіну на другім канцы сьвету. Гэта вельмі крыўдна. Але сапраўды такое ўражаньне, што ён (Лукашэнка) водзіць усю Эўропу, усіх палітыкаў за нос. Абяцае адно, а робіць тое, што і раней. Людзі сядзяць у турмах, робяцца ператрусы, невядома што. Зьніклыя так і не знайшліся. Ну вось, як можна весьці з такім чалавекам перамовы!? З гэтым чалавекам трэба весьці перамовы на іншых умовах, іншым тонам ”.
Старшыня таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька адмовіўся камэнтаваць візыт кіраўніка Беларусі ў Вільню.
Прадстаўнікі беларускай дыяспары, актывісты суполак у Літве не плянуюць ніякіх акцыяў з нагоды візыту А.Лукашэнкі ў Літву.