“Добра, што спачатку Лукашэнка прыедзе ў Літву”

  • Тацяна Поклад

А.Ажубаліс зьлева.

Кіраўнік камітэту замежных спраў Сойму Літвы Аўдронюс Ажубаліс сёньня параўнаў гатоўнасьць афіцыйнай Вільні кантактаваць з кіраўніком Беларусі са стаўленьнем да былога СССР з боку ЗША.


Тое, што частка людзей у Беларусі глядзяць на гэты візыт (Лукашэнкі) з падазрэньнем, цалкам зразумела. Калі ў 1989 годзе мы выказвалі тое ж самае адносна ЗША і СССР, і засьцерагаліся таго, каб ЗША не прадалі ідэалы дэмакратыі, не пайшлі б на прызнаньне акупацыі, на нейкую выгодную альбо нават псэўда-выгодную дамову з СССР. У гэтым сэнсе я разумею беларускую апазыцыю”, -- сказаў А.Ажубаліс сёньня на сваёй прэсавай канфэрэнцыі у Сойме на тэму “Напярэдадні візыту прэзыдэнта Беларусі: якое пасланьне перадае Літва?” .

А.Ажубаліс адзначыў, што, гэта нармальна, што візыт беларускага кіраўніка выклікае крытыку з боку дэмакратычнай супольнасьці, але й сам гэты візыт – нармальная зьява, калі прыгадаць пра пацяпленьне дачыненьняў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю.

“Добра, што спачатку Лукашэнка прыедзе ў Літву. Спадзяюся, літоўскія кіраўнікі вытрымаюць гэты экзамэн і сустрэча станецца пачаткам канструктыўнага дыялёгу. Маю на ўвазе асноўныя пытаньні дэмакратыі і важныя пытаньні эканамічнага супрацоўніцтва, якія будуць узьнятыя. Думаю, што будзе вытрыманы прынцыповы балянс”.