Прыватны рэйтынг — беларускія літаратурныя казкі

Анатоль Івашчанка

Новы праект — пяць найлепшых беларускіх твораў на выбраную тэму ад аўтара “Свабоды”, якія ён раіць пачытаць.
Прыватны рэйтынг ня мае жанравых абмежаваньняў і вольны ў пастаноўцы мэты. Гэта могуць быць пяць кніг, якія варта прачытаць будучаму міліцыянэру, альбо пяцёрка твораў для начной чытанкі пяцігадовым блізьнятам, пяцёрка любімых кніг пра Менск альбо найлепшыя мэмуары 20 стагодзьдзя…a)

“Пяцікніжжа Свабоды” працягвае паэт, літаратуразнаўца і малады бацька дваіх дзяцей (але марыць пра сама меней пяцярых) — Анатоль Івашчанка.



Ян Баршчэўскі. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях / Уклад., пер. з пол. мовы, пасьлясл., камэнт. М. Хаўстовіча. — Менск: Мастацкая літаратура, 2005.


Новая беларуская літаратура, як вядома, пачалася з казкі. Адразу два неверагодныя як для сярэдзіны ХІХ ст. словы ў назове зборніка — “Беларусь” і “фантастычных”… Зварот Міцкевіча, Чачота і Баршчэўскага да фальклёру, хаця і адбываўся цалкам у рэчышчы тэндэнцый рамантызму, стаўся яшчэ й моцным, хай сабе часткова інтуітыўным, нацыястваральным вычынам. Гэта пазьней дададуцца клясавасьць, народнасьць ды іншае кепства. Напачатку ж тое быў суцэльны й безаглядны драйв.

Наогул, “Шляхціц Завальня” — першая й найлепшая жахалка з усяго напісанага тутака ў заяўленым жанры. Пры гэтым культ “Шляхціца Завальні” пачаўся адносна нядаўна, бо поўны пераклад зборніка з напаўпольскае зьявіўся толькі ў 1990 годзе (выданьне з славутымі ілюстрацыямі Славука). Ян Баршчэўскі — бацька беларускага магічнага рэалізму, бацька, не пераўзыдзены сваімі нешматлікімі дзецьмі ў захапляльнасьці й гермэтычнасьці створанага ім паралельнага мастацкага сусьвету.

На сон чытаць не рэкамэндуецца.



Якуб Колас. Песьні жальбы. Казкі жыцьця. — Менск: Мастацкая літаратура, 2008.

Свае казкі Якуб Колас напраўду пісаў цягам усяго творчага жыцьця. Стваральнік першай празаічнай трылёгіі і нацыянальнага эпасу ўмеў быць і нешматслоўным (як у навэлістыцы 20-х гадоў), і афарыстычным (як у сваіх небанальных, нелабавых і праз гэта падобных да ўсходніх казках-прыпавесьцях). Тое, што пачыналася як чытаньне для дзетак-беларусаў, сталася пазьней, у часы, калі гэтых дзетак пачалі “закатваць у асфальт”, творчым выйсьцем у сьвет алегорыяў ды архетыпаў, за якімі выразна прачытваліся і балючы водгук на падзеі, і спроба абстрагаванага ўзвышэньня над імі. Не магу ўстрымацца ад цытаты:

“Вясной і ўлетку часта-часта прылятаў Вецер да Дрэва, абымаў яго і сваімі пацалункамі асушаў роску зь зялёнага лісьця яго.

— Як я люблю цябе, маё ты мілае і прыгожае! — гаварыў Вецер. — Ты слухай толькі мяне і больш нікога, пакладзіся на маю сьвядомасьць, на сілу маю, на маё моцнае каханьне. Можа, холадна табе? Я праганю хмары, ачышчу неба і скажу сонцу, каб грэла цябе. Люблю я дзетак тваіх, бо твае дзеткі — мае дзеткі.

І Вецер прынікаў да яго яшчэ цясьней і абымаў яго моцна-моцна.

Дрэва ўсё дрыжэла не то з радасьці, не то ад трывогі і асыпала сваё насеньне. Вецер падхопліваў яго і нёс далёка-далёка. За доўгія часы ён многа занёс у сьвет гэтага насеньня. З насеньня таго вырас цэлы лес, дзе і спачываў, калі было горача, гэты хітры і злы Вецер. Як толькі ён вывіхроўваўся ў сьвет, пачынаў балбатаць Ручаёк, цякучы каля саменькага карэньня дрэва”.

Крумкач, назіраючы нежартоўны любоўны трохкутнік, што склаўся між Ветрам, Ручаём і Дрэвам, мудра маўчыць да самае разьвязкі. Пасьля таго ж, як Адзінокае Дрэва з аднайменнае казкі-прыпавесьці, згубіўшы сваіх прыхільнікаў, задае сакрамэнтальнае пытаньне “Што рабіць?”, ён дае дрэву просты й геніяльны адказ-параду: “Пусьціць глыбей карэньні ў зямлю”. Мудры крумкач-назіральнік, за вобразам якога цяжка ня ўбачыць асобу самога аўтара, нагадвае дрэву напрамак яго разьвіцьця. Гэтак жа і прыпавесьці Якуба Коласа прадвызначылі разьвіцьцё беларускай кароткай прозы, самыя значныя прадстаўнікі якое (Васіль Быкаў, Барыс Пятровіч) відочна “растуць” адсюль — ад “Казак жыцьця”.



Уладзімір Караткевіч. Ладзьдзя роспачы. — Менск: Мастацкая літаратура, 2003.

Хаця Караткевіч пісаў і казкі ў больш літаральным сэнсе — для дзетак, для чытанкі перад сном (прыгадайма хаця б бліскучую “Скрыпку дрыгвы й верасовых пустэчаў”) — “Ладзьдзя роспачы” ўяўляецца вяршыняй яго казачнай прозы. Гэта той рэдкі выпадак, калі скразная патаснасьць як прыём не раздражняе (як, зрэшты, і ва ўсёй творчасьці Караткевіча). Тое, што Караткевіча трэба чытаць у падлеткавым узросьце — стэрэатып. “Ладзьдзя роспачы” — з тых твораў, да якіх вяртаесься, каб прыгадаць былое захапленьне, але кожнага разу адшукваеш новыя грані — у мове зь яе аказіяналізмамі й часам сумнеўнымі гістарызмамі, у энэргетыцы радка…

“Ладзьдзя роспачы” — паэма ў прозе. Гэта заклік да дзеяньня, прачытаўшы які, цяжка заставацца пасіўным. Можна толькі ўявіць, як гэтая прыпавесьць магла “зьнесьці вежу” ў канцы 60-х, калі была надрукавана ўпершыню…

“Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як ня робіць ніхто, — і тады пераможаш. Таму што толькі дурні разважаюць заўсёды па правілах здаровага сэнсу. Таму што чалавек толькі тады чалавек, калі ён дзёрзка рве панылае наканаваньне і плюе на „спрадвечны“ закон”.



Пятро Васючэнка. Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі. Казачныя аповесьці. — Менск: Мастацкая літаратура, 2003.

Аўтара “Паноў…” без нацяжак і перабольшаньняў можна назваць пераемнікам Яна Баршчэўскага. Галоўнае, у чым перасягнуў Пятро Васючэнка свайго выдатнага папярэдніка, — Ягамосьць Гумар. Галоўныя пэрсанажы, чароўныя ў сваёй блазнаватасьці й непасрэднасьці ў дачыненьні да абсурднага-навакольнага, выяўляюць ідэю гэткага “шляхецкага” У-вэю, “ня-дзеяньня” (ня блытайма зь бязьдзеяньнем!). І гэта не абібоцтва ключавых тыпажоў расейскае мэнтальнасьці — ад Ямелі да Абломава. Гэта гратэск на наскую бязладную запраграмаванасьць да пасіўнага сузіраньня ўсяго, што б ні дзеялася навакол. Балазе, аўтар з дапамогаю (ці ў выглядзе?) інфэрнальнага “рыжа-лысага” не дае панам адлежвацца на печы й жэрці рэпу, вынаходзячы ўсё новыя трасцы й гузакі на іх галовы.

Спажываць у якасьці моцнага антыдэпрэсанту. Вось гэта мажліва й на сон.




Адам Глобус. Новы дамавікамэрон. Казкі для дарослых // Адам Глобус. Літары. — Менск: Харвест, 2006.

Бясспрэчны бэстсэлер у студэнтак філфаку сярод твораў па праграме сучаснай беларускай літаратуры. Памятаю, як перадавалася пад партамі тысячастаронкавая таміна “Тэкстаў” Адама Глобуса з падкрэсьленымі алоўкам словамі “чэлес”, “похва” і яшчэ некаторымі, як, хіхікаючы і чырванеючы, філялягіні засвойвалі словы “майткі” ды “станік”… На шчасьце, некалькімі сэмэстрамі раней яны ўжо чыталі ў пасьлямове да “Дэкамэрону” Бакача залатыя словы: галоўнае ня тое, што напісана, а тое, хто і зь якім розумам гэта чытае. На сон не чытаць (вядома, калі вы не аматар ненатольных дамавікоў-вычварэнцаў).

Цікава, што казкі для дарослых Адама Глобуса за дзесяцігодзьдзе пасьля зьяўленьня кнігі не стварылі па сабе шлейфу эпігонства. Эратычная літаратура па-беларуску дагэтуль… Але пачакайце. Пра эратызм у беларускай літаратуры — у нашым далейшым кніжным рэйтынгу.

Прыемнага чытаньня і асьцярожней з паралельнымі сусьветамі.