Урад Беларусі зацьвердзіў палажэньне пра парадак абароны пэрсанальных дадзеных перапісу насельніцтва і парадку падаваньня яго выніковых дадзеных.
Адпаведная пастанова №1178 ад 10 верасьня 2009 году ўступае ў сілу пасьля яго афіцыйнага апублікаваньня, паведамілі БЕЛТА ў апараце Савету Міністраў. Палажэньнем пра парадак абароны пэрсанальных дадзеных вызначана, што прыватнасьць інфармацыі забясьпечваецца на ўсіх этапах перапісу – ад апытаньня рэспандэнтаў да заключнай апрацоўкі дадзеных. Пэрсанальныя дадзеныя падлягаюць абароне на працягу 75 гадоў з дня іх падаваньня рэспандэнтамі.
Палажэньне накіравана на забесьпячэньне прыватнасьці, прадухіленьне незаконнага доступу да пэрсанальных дадзеных, зьнішчэньня, капіяваньня, прадстаўленьня, распаўсюду (разгалашэньня) і іншых неправамерных дзеяньняў у адносінах да пэрсанальных дадзеных.
Абавязак забясьпечваць прыватнасьць ускладаецца на часовы перапісны пэрсанал, а таксама на грамадзянаў, якіх прыцягваюць дзеля апрацоўкі і абагульненьня пэрсанальных дадзеных і фармаваньня выніковых дадзеных перапісу насельніцтва. Што да ўпаўнаважаных працаўнікоў органаў дзяржаўнай статыстыкі і працаўнікоў арганізацый, якія зьдзяйсьняюць перапіс асобных катэгорый насельніцтва, то гэты пункт фігуруе ў іх службовых інструкцыях.
Нацыянальны статыстычны камітэт абавязаны прыняць усе меры па абароне пэрсанальных дадзеных падчас іх апрацоўкі.
Выніковыя дадзеныя перапісу, якія характарызуюць асноўныя паказчыкі дэмаграфічнага і сацыяльна-эканамічнага становішча насельніцтва Рэспублікі Беларусь, будуць зьмешчаны на афіцыйным сайце Белстату.
Выніковыя дадзеныя таксама змогуць быць прадстаўлены Нацыянальным статыстычным камітэтам і тэрытарыяльнымі органамі дзяржаўнай статыстыкі па разавых запытах.