Шыльда Свабоды
Мястэчка Друя Браслаўскага раёну, Траецкі касьцёл бэрнардынцаў
Мястэчка Друя Браслаўскага раёну, Траецкі касьцёл бэрнардынцаў
29 красавіка 1987 году з гэтага месца стартавала экалягічнае воднае ралі пратэсту супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС — адна з найбольш масавых акцыяў грамадзкага руху ў абарону вялікіх тэрыторыяў Беларусі і Латвіі, якім пагражала затапленьне. Пазьней будаўніцтва ГЭС спынілі.
Будаваць гідраэлектрастанцыю ў Даўгаўпілсе (былым Дзьвінску) пачалі яшчэ ў 1979 годзе. Вышыня плаціны паводле праекту павінна была скласьці 20 мэтраў, а даўжыня меркаванага вадасховішча — 200 кілямэтраў на тэрыторыі Латвіі і Беларусі. Калі б гэта адбылося, дык былі б затопленыя запаведныя даліны Заходняй Дзьвіны і нават цэлыя вёскі.
Пасьля закліку кіраўніка латыскага Народнага фронту Дайніса Іванса пачаўся грамадзкі рух супраць будаўніцтва ГЭС. Латыскія “зялёныя” разам з гісторыка-культурніцкімі аб’яднаньнямі зьвярнуліся да сяброў беларускага клюбу “Талака” з ініцыятывай наладзіць сумесны чын — воднае ралі, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці і ўладаў да магчымай экалягічнай і гуманітарнай катастрофы.
Да клічу талакоўцаў далучыліся сябры іншых суполак з розных гарадоў Беларусі. Аднак, — узгадвае адзін зь лідэраў “Талакі” Сяргей Вітушка, — “супраць гэтага было шмат процідзеяньняў. Усіх, каго маглі, загналі на першамайскую дэманстрацыю. Пагражалі: калі ня пойдзеце на дэманстрацыю, выганім з унівэрсытэту. Усякімі спосабамі стараліся адвадзіць людзей ад той вандроўкі. Тым ня меней многія паехалі. Плылі на байдарках, на гумавых лодках, хто як мог”.
Каля сотні чалавек — беларусаў і латышоў сабраліся ў Друі, ля Траецкага касьцёла бэрнардынцаў. Аднак і тут прадстаўнікі мясцовых уладаў паспрабавалі не дапусьціць правядзеньня акцыі. Узгадвае пісьменьнік Уладзімер Арлоў: “Мяне зь Віктарам Івашкевічам у часе падрыхтоўкі да адплыцьця затрымалі міліцыянты. З нас спрабавалі сарваць мэдальёны, прысьвечаныя ральлі. Маё пісьменьніцкае пасьведчаньне дапамагло нам тады вызваліцца і ў нейкім сэнсе стрымала імпэт міліцыі. Але трэба сказаць, што і міліцыя, людзі ў цывільным былі крыху разгубленыя ад колькасьці маладых людзей, якія прыехалі для ўдзелу ў ральлі, нягледзячы на тое, што ў вагоны, якія ішлі да Друі, квіткі проста не прадавалі, і людзі дабіраліся туды рознымі іншымі шляхамі”.
Уладзімер Арлоў выступіў на імправізаваным мітынгу на беразе Дзьвіны. І караван чаўноў паплыў у бок Латвіі да Дзьвінску (Даўгаўпілса). Болей ім ніхто не перашкаджаў, тым болей што на той час паміж Беларусьсю і Латвіяй мяжы не было. Чаўны былі ўпрыгожаныя харугвамі, плякатамі. Гэта была адна зь першых акцыяў, на якой выкарыстоўвалася сымболіка ў нацыянальных бел-чырвона-белых колерах.
У акцыі браў удзел і рок-гурт “Мроя”. Латыская прэса шмат пісала пра гэтую “дэманстрацыю на вадзе”. Не засталася яна незаўважанай і ў Беларусі. Гурт “Мроя” за ўдзел у ёй быў пазбаўлены памяшканьня для рэпэтыцыяў у Доме літаратара. А суполка “Талака”, наадварот, атрымала пакой у будынку Менскага гаркаму камсамолу на плошчы імя Леніна.