Глыбокае. Страшныя знаходкі ў царкве, дзе пахне лілеямі

Зьвесткі пра тое, што ў сутарэньнях катэдральнага сабору Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы знайшлі схаваныя пад лесьвіцай чалавечыя парэшткі, у райцэнтры Глыбокае абмяркоўваюць дагэтуль. Хаця з часу незвычайнай знаходкі мінула ўжо паўтара месяцы.
14 ліпеня ўдзельнікі краязнаўчага летніка Аб’яднаньня моладзі Беларускай праваслаўнай царквы, якім кіраваў протаярэй Аляксандар Ледаховіч, праводзілі добраўпарадкаваньне ў сутарэньнях глыбоцкага храму.

Сабор Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы ў Глыбокім. Краязнаўца У.Скрабатун распавядае, што некалі гэта быў каталіцкі касьцёл кляштару кармэлітаў


Глыбоцкі настаўнік, краязнаўца Юры Кілбасіч стаўся сьведкам страшнай знаходкі:
Калі ўсё прыбераце, то там, пад лесьвіцай, вас можа чакаць цікавая загадка ...

“Задача была простая — прыбраць сьмецьце. Айцец Аляксандар Ледаховіч сказаў так: “Калі ўсё прыбераце, то там, пад лесьвіцай, вас можа чакаць цікавая загадка”. Мелася на ўвазе, што можа знайсьціся альбо падземны ход, альбо другі ярус сутарэньня. А там пад лесьвіцай быў проста розны друз, бочкі, слоікі, шкляньне. Ніхто ж ня думаў, што пад ім будзе! І нехта раптам кажа: “Во, чэрап! Давайце капаць далей!”

Паводле спадара Юрыя, некаторыя са знойдзеных чарапоў былі відавочна старадаўнія, і, верагодна, маглі належаць пахаваным у сутарэньнях храма яшчэ каталіцкім манахам. Вядомы помнік архітэктуры, пабудаваны ў 1639 годзе як каталіцкі кляштар кармэлітаў, толькі з 1878 году перададзены праваслаўнай канфэсіі. І пра тое, што старажытныя манаскія пахаваньні ў саборы ёсьць, ведае ці ня кожны глыбачанін. Яны знаходзяцца ў нішах сьценаў альбо ў трунах пад долам.

У савецкія часы “ваяўнічага атэізму”, калі ў 1960-я гады ў сутарэньнях месьціліся склады кансэрвавага заводу, іх бязьлітасна нішчылі. “Чорныя капальнікі” ў пошуках невядомых скарбаў таксама абыходзіліся з пахаваньнямі ня дужа ашчадна. Урэшце амаль усе глыбоцкія хлапчукі, якіх вабіла ў сутарэньні прыгодніцкая рамантыка, хоць аднойчы ды натраплялі на пачарнелыя косткі ды чарапы, бязьлітасна выкінутыя зь векавых схронаў …

Старыя манасскія пахаваньні. Фота 2005 году

Але тыя, што цяпер знайшліся пад лесьвіцай, былі іншыя. Заўважна сьвятлейшыя, кажа Юры Кілбасіч.
першай ляжала жанчына, і ў яе пад галавой была хустка, а далей — косткі…

“Памятаю, першай ляжала жанчына, і ў яе пад галавой была хустка, а далей — косткі… Калі пайшоў трупны пах, то хлопцаў паслалі ў аптэку, каб яны набылі такія маскі мэдычныя, і ўжо ў іх капалі далей. І сталі раіцца, што рабіць. Вырашылі ўсё ж зьвярнуцца ў міліцыю. Айцец Аляксандар сам туды хадзіў, яго пасьля паслалі ў пракуратуру. З пракуратуры прыйшлі хутка, паглядзелі і сказалі : ім больш за 60 гадоў, тэрмін даўнасьці для справы па забойстве ўжо мінуў”.

Парэшткі вырашылі пахаваць тамсама, дзе знайшлі: косткі, што ўжо дасталі, ізноў склалі пад лесьвіцу, перасыпалі жвірам, накрылі цыратай, паўзьверх ізноў засыпалі зямлёй. Потым сфармавалі сымбалічную магілу, адслужылі паніхіду па невядомых ды зноў замуравалі.

Уваход у саборныя сутарэньні

Але засталіся рэчы, знойдзеныя разам з парэшткамі — пачак з-пад цыгарэт “Муза”, вырабленых у Варшаве ў 1939 годзе, шматкі
знойдзеныя пачак з-пад цыгарэт “Муза”, вырабленых у Варшаве ў 1939 годзе, а таксама фрагмэнты адзеньня — мужчынскага, жаночага і нават дзіцячага ...
польскамоўных газэтаў, а таксама фрагмэнты адзеньня — мужчынскага, жаночага і нават дзіцячага. І засталося пытаньне: калі гэта не старажытныя манахі, то што за людзі пахаваныя пад лесьвіцай у сутарэньні і як яны напаткалі сваю сьмерць?

Літаральна за суткі навіна пра знойдзеныя ў глыбоцкім саборы парэшткі прыкладна 25-ці асобаў разьнеслася па сьвеце. Адной зь першых пра гэта паведаміла чытачам польская “Gazeta Wyborcza”. Там пісалася: “Да вайны Глыбокае знаходзілася на тэрыторыі Польшчы. Пасьля наступу саветаў у верасьні 1939 году тут масава затрымлівалі і забівалі прадстаўнікоў польскіх уладаў, афіцэраў і інтэлігенцыю”.

Адначасова ў сеціве зьявіліся зьвесткі й пра тое, што разам з парэшткамі ў склепе былі знойдзены гільзы ад нагана ды вінтовак Мосіна, якімі былі ўзброеныя савецкія жаўнеры падчас усталяваньня ў Глыбокім савецкай улады ў 1939 годзе. Аднак яшчэ адзін удзельнік летніка, Максім Котаў, які працуе над навуковай тэмай “Прыборны пошук як мэтад гістарычнага краязнаўства” і прыехаў у Глыбокае з мэталашукальнікам, гэта абвяргае. Ён цьвердзіць, што гільзы маглі застацца тут ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны, калі ў саборы базаваліся расейскія калябаранты з брыгады Ўладзімера Гіля-Радыёнава:

“Паколькі я працаваў з прыборам, то пацьвярджаю: у месцы знаходкі парэшткаў ніякіх гільзаў ці куль не было. Іх знаходзілі ў іншых месцах сутарэньня. Таму наконт усяго самую праўдзівую інфармацыю могуць даць толькі экспэрты”.

На экспэртызу парэшткі распарадзіліся забраць прадстаўнікі Генэральнай пракуратуры. Яны зьявіліся ў Глыбокае толькі тады, калі знаходкай пільна зацікавіліся журналісты, а таксама дыпляматы з польскай амбасады ў Менску, якія зьвярнуліся з просьбай распачаць сьледзтва па гэтым факце. Пажаданьне далучыць да групы, якая будзе дасьледаваць пахаваньне, і польскіх экспэртаў выказала і польская “Рада аховы памяці баёў і пакутніцтва”. У рэшце рэшт ужо замураваныя парэшткі давялося эксгумаваць ды завезьці ў Менск.

Нягледзячы на тое, што інцыдэнт набыў у райцэнтры шырокі розгалас, пракурор Глыбоцкага раёну Анатоль Сеўрукоў, які напачатку казаў журналістам, што пахаваньне зробленае не пазьней як у гады Вялікай Айчыннай вайны, цяпер ад любых камэнтароў адмаўляецца:

“Я са “Свабодай” не супрацоўнічаю. Увогуле ўсё цяпер у абласной пракуратуры, і ўсе пытаньні туды. Я гэтым пытаньнем не займаюся”.

Пакуль ні з раённай , ні з абласной, ні з Генэральнай пракуратуры ніякіх афіцыйных зьвестак няма, жыхары Глыбокага выказваюць уласныя вэрсіі. Дамінуе ў іх меркаваньне пра тое, што сьмерць пахаваных пад лесьвіцай людзей была гвалтоўнай і пакутніцкай.

Глыбоцкі краязнаўца Ўладзімер Скрабатун лічыць цалкам верагодным, што знойдзеныя парэшткі могуць належаць прадстаўнікам мясцовай польскай адміністрацыі.

Уладзімер Скрабатун: “У гэтым будынку месьцілася польская ўправа
Мы сустрэліся зь ім каля таго самага сабору Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы. Краязнаўца паказвае, што побач зь белым тынкаваным будынкам дзейнага храму захаваўся яшчэ адзін, складзены некалі з чырвонай цэглы і дагэтуль не адрэстаўраваны. Ён таксама належыць да былога манастырскага комплексу, і менавіта тут мясьцілася польская ўправа. А яшчэ цягам стагоддзяў тут была турма, і гэтая акалічнасьць наштурхнула спадара Уладзімера на такія развагі:

“Турма тут была з 1831 году. Дапытвалі паўстанцаў у сутарэньнях. Потым катавалі паўстанцаў 1863 году. А потым, пры польскай уладзе, тут сядзелі беларускія пісьменьнікі, у прыватнасьці Міхась Машара. А ў 1939 годзе прыйшла савецкая ўлада, і ў Глыбокае яна ўвайшла ня так ужо й ціха, нейкі супраціў быў. Дык вось новая ўлада ўцяміла, што людзі могуць зарганізавацца, пайсьці ў лясы… Таму трэба было прымаць меры — арыштаваць тых, хто мог людзей зарганізаваць. Вось чаму тут знайшлі косткі й чарапы немаўлятак, падлеткаў? Гэта такі почырк НКВД — зьнішчыць усіх і пагалоўна, каб нейкае дзіцятка потым не спытала: “Дзе мой тата і дзе мая мама?”

Вэрсію пра верагодныя злачынствы НКВД падтрымлівае й глыбоцкі старажыл, 80-гадовы Пётар Альбінавіч Вярцінскі. Ён, дарэчы, гатовы патлумачыць, чаму паводле парэшткаў цяжка вызначыць, ці была сьмерць гвалтоўнай: у тутэйшай Беразьвецкай турме, да прыкладу, “энкавэдысты” людзей не стралялі, а катавалі да сьмерці:

Пётар Вярцінскі
“Ой, як катавалі! Поўныя вёдры былі языкоў ды вушэй павыразаных у Беразьвеччы! І мой стрыечны брат так загінуў — быў рэфэрэнт па вайсковых справах пры Польшчы, ды не пасьпеў уцячы… І ў царкве, мусіць, нашыя людзі тое былі. Нашыя людзі! Як прыйшлі “таварышы” ды “вызваліцелі”, дык іх і пазадушылі…”

Прадстаўнікі маладзейшага пакаленьня таксама не аспрэчваюць такой верагоднасьці.

“Ну, людзі ж тыя не грыбамі атруціліся! Ужо ж не грыбамі дык дакладна”, — іранізуе 35-гадовы мастак па рэкляме Аляксандар Мядзелец.

На пытаньне, чаму глыбачане ня могуць сёньня нічога дакладна сказаць пра тое, як і каго маглі пахаваць у саборным сутарэньні, спадар Аляксандар адказвае так:

Аляксандар Мядзелец
“У той час людзі ўсе сядзелі па хатах ды баяліся нос высунуць. А забітыя тут цэлымі сем’ямі. Палякі, здаецца, сем’ямі нікога не забівалі. Значыць, калі сем’ямі, то зьнішчылі або па этнічнай прыкмеце, альбо па клясавай…”

Спачатку глыбачане баяліся, што стануцца ахвярамі палітычных пераўтварэньняў. Потым зьявіліся іншыя страхі.

У народзе кажуць, што ў месцах, дзе людзі гінуць гвалтоўнай сьмерцю і застаюцца не пахаванымі па-хрысьціянску, часта сустракаюцца розныя анамальныя зьявы. Ад прыхаджанкі сабору Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы, пенсіянэркі Лідзіі Пашковіч давялося пачуць гісторыі пра прывіды, што некалі палохалі рабочых кансэрвавага заводу ў кляштарных сутарэньнях:

Лідзія Пашковіч
“Мая сястра Соня рабіла на там заводзе. Дык вось цэх, начная зьмена. Кажа, перабіраем мы бульбу, і тут выходзяць яшчэ дзьве дзяўчыны і з намі ўжо разам перабіраюць.У сьветлых сукенках, зь вяночкамі на галовах — як хаваюць. Альбо скрыню трэба падняць, а яна раптам робіцца лёгкая-лёгкая, а збоку нейкі цень. А яшчэ часта бачылі дзяўчынку ў ружовай сукенцы, а сьледам за ёй жанчына бяжыць, даганяе…”

Лідзія Пашковіч мае ўласнае меркаваньне пра тое, чые парэшткі маглі ляжаць пад царкоўнай лесьвіцай:

“Чуткі такія хадзілі, што ў сутарэньнях ды ў гэтых лёхах пад Глыбокім хаваліся габрэі. Сем’ямі, і падлеткі, і дзеці, і нейкі сьвятар ім нібыта выжыць яшчэ дапамагаў. Дык можа немцы, ці тут яшчэ гэтыя “радзівонаўцы” былі, схапілі іх тут, тут жа забілі і тут жа пахавалі. Бо ўжо вайна скончылася, і тым габрэям нават запіскі клалі, што, маўляў, ужо выходзьце. А яны ўсё там сядзелі…”

Да таго, як пад лесьвіцай знайшлі чалавечыя парэшткі, у сутарэньні сабору Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы дазвалялі спускацца экскурсантам. Але цяпер не дазваляюць. Настаяцель храму айцец Сергій Грамыка кажа, што гэта часовыя захады, узгодненыя зь мясцовымі ўладамі:

Айцец Сергій Грамыка
“Мы пускалі раней наведнікаў, а цяпер не. Пакуль ня сыдзе ажыятаж. Бо гэта нездарова, калі людзі йдуць, а ў галаве ў іх ня храм і не пахаваньні тыя нават, а так нешта. Ужо круціцца шмат розных чутак…”

Айцец Сергій упарта пераконвае ў тым, што знойдзеныя парэшткі бясспрэчна зьяўляюцца часткай старажытных манаскіх пахаваньняў. А валянтэры натрапілі на іх таму, што некалі іх разбурылі вандалы, паскладаўшы косткі ды чарапы абы-як і абы-дзе:

“Пахаваньні гэтыя нехта ўскрываў! Звычайныя рабаўнікі. І калі тут завод кансэрвавы быў, то часткі мошчаў знаходзілі й складалі дзе папала. Вось і з-пад лесьвіцы тады дасталі адзін чэрап, другі. Потым косткі. І абрывак пачка з-пад цыгарэтаў, і рознага сьмецьця панакідана. Кажуць, калі хлопцы пачалі там раскопваць, пайшоў трупны пах. Але справа вось у чым: на той момант у храм нехта ахвяраваў шмат лілеяў. А я хадзіў і думаў: чым так сьмярдзіць? Гэта ў іх такі пах спэцыфічны…”

Спэцыфічны быў ня толькі пах у саборы. Відавочцы кажуць, што пад наглядам супрацоўнікаў пракуратуры парэшткі зьбіралі ды грузілі ў машыны дужа спэцыфічныя асобы — мясцовыя алькаголікі-“сутачнікі”. І рабілі гэта зусім ня так абярэжна, як адмыслоўцы-археолягі ў мастацкіх кінафільмах. Тыя, хто назіраў за працэсам, мяркуюць, што й вынікі экспэртызы могуць мець сваю спэцыфіку — скіраваную на тое, каб не правакаваць згадкі пра НКВД або іншыя карныя структуры, якія месьціліся ў кляштарным корпусе з чырвонай цэглы, дзе ў сутарэньнях хаваецца яшчэ шмат старадаўніх і сучасных загадак нашай гісторыі.