Аляксей Янукевіч

Скончыў БДЭУ, спэцыялізацыя – кіраваньне зьнешнеэканамічнай дзейнасьцю. Працаваў выкладнікам эканомікі ў гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, намесьнікам генеральнага дырэктара сумеснага прадпрыемства “Аркадзія”. Сябра Партыі БНФ з 1996, сябра Сойму Партыі БНФ з 1999, намесьнік старшыні Партыі БНФ з 2003. Быў намесьнікам старшыні “Маладога фронту” (1999-2000). Падчас прэзыдэнцкіх выбараў быў даверанай асобай адзінага кандыдата ад АДС.
Што для вас свабода?

Магчымасьць рухацца наперад.

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Я свабодны чалавек.

Што для вас шчасьце?


Імгненьне перад перамогай.

Чаго вы найбольш баіцеся?

Страціць пачуцьцё гумару.

Які талент вы хацелі б мець?

Ёсьць такое выказваньне: "Божа, дай мне моцы зьмяніць тое, што я магу зьмяніць; дай мне мужнасьці трываць тое, што я не магу зьмяніць; і дай мне мудрасьць адрозьніваць адно ад другога". Хацеў бы ўмець адрозьніваць.

Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Маім бацькам.

Што вы найбольш любіце рабіць?

Люблю рабіць тое, што лічу правільным.

Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Дзякуй Богу, яшчэ гэты раз ня скончыўся.

Якую найлепшую параду вы атрымалі?


Параду ад Васіля Быкава - весьці дзёньнік.

Які ваш улюбёны дэвіз?

Лёс дапамагае сьмелым.

У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

"Дэмакратыя - найгоршая з палітычных сыстэмаў, за выключэньнем усіх астатніх" (Чэрчыль). Больш трапна ня скажаш.

У якой краіне вы хацелі б жыць?


У той, дзе нарадзіўся - у Беларусі.

У якую эпоху вы хацелі б жыць?


Тут і зараз.

Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Вярнуў бы бел-чырвона-белы сьцяг і "Пагоню".

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Сяброўскія.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Суседзкія.

Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А вы?


А я ня думаю пра дыктатуру. Я думаю пра свабоду.

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Калі зьменіцца апазыцыя.

Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі будзе беларуская ўлада.

Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Тады беларусаў ня будзе.