Менск, Траецкае прадмесьце, Камунальная набярэжная

Менск, Траецкае прадмесьце, Камунальная набярэжная


Шыльда Свабоды

Менск, Траецкае прадмесьце, Камунальная набярэжная
На гэтым месцы 20 красавіка 1986 году было жорстка разагнана моладзевае фальклёрнае сьвята “Гуканьне вясны”. Удзельнікі савецка-аўганскай вайны, якімі кіравалі ЦК ЛКСМБ і Менскі гаркам КПБ, жорстка зьбівалі школьнікаў за іхнюю беларускую мову і беларускія песьні.

У сярэдзіне 1980-х гадоў нарастае моладзевы рух за адраджэньне беларускай культуры. Узмацняецца і супрацьдзеяньне яму з боку камуністычных уладаў. Дзеля гэтага ўжываецца сіла, КДБ арганізуе правакацыі.

20 красавіка 1986 году ў Траецкім прадмесьці Менску Саюз мастакоў ладзіў традыцыйную Выставу аднаго дня. У яе рамках навучэнцы Рэспубліканскай школы-інтэрнату па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка вырашылі правесьці сьвята “Гуканьне вясны”. Больш за месяц з энтузіязмам падлеткі рыхтаваліся да сьвята, малявалі значкі, рабілі з паперы птушак, развучвалі народныя песьні. Натуральна, разам зь дзецьмі ў Траецкім прадмесьці былі і іхныя настаўнікі.

На беразе Сьвіслачы вучні расставілі на мальбэртах свае творы. Гэта была іхняя першая публічная выстава. А затым пачалі вадзіць карагоды і сьпяваць. І тут — успамінае ўдзельнік таго сьвята Дзяніс Раманюк

“зь некалькіх кропак, утварыўшы нібы кальцо, зьявіліся маладыя хлопцы, адназначна старэйшыя за нас, сталі адбіраць гэтых папяровых птушак, рваць іх, разганяць карагод. А старэйшых з нас нават біць па тварах. І калі дзяўчаткі ўступаліся, іх таксама па-хамску адштурхоўвалі. Усё гэта адназначна было сплянавана. Доказам таму — літаральна празь некалькі хвілінаў, як гэты разгон адбыўся, зьявіліся людзі ў цывільным, якія тут жа пачалі задаваць пытаньні. Побач бегалі гэтыя воіны-аўганцы і крычалі, што мы нацыяналісты”.

Падзея атрымала розгалас у прэсе, выклікала абурэньне ў інтэлігенцыі. Тады ж і стала вядома, што разгонам сьвята і зьбіцьцём падлеткаў кіравалі ЦК ЛКСМБ і Менскі гаркам КПБ. Некалькі дзясяткаў гэтак званых воінаў-інтэрнацыялістаў, якія толькі што вярнуліся з савецка-аўганскай вайны, нацкавалі на моладзь, сказаўшы ім, што ў Траецкім зьбіраюцца беларускія нэанацысты, каб адзначыць дзень нараджэньня Гітлера. Пра гэта аўганцы пазьней самі распавялі выкладчыкам школы. Працягвае пэдагог Рыгор Сітніца, які быў тады разам зь дзецьмі:

“Пасьля некаторыя з гэтых хлопцаў прыходзілі да нашых вучняў, прасілі прабачэньня. Яны ў прынцыпе зразумелі, што адбылася элемэнтарная падстава. Натуральна, што наша заява ў міліцыю ніякага дзеяньня не атрымала”.

Беларускіх дзяцей білі за тое, што яны гаварылі і сьпявалі па-беларуску. А міліцыянты спакойна назіралі за апэрацыяй, распрацаванай КДБ.