“Мілінкевіч – галоўны пераможца зьезду Партыі БНФ”

З аглядальнікам Свабоды Віталём Цыганковым гутарыць Аляксей Знаткевіч.

Аляксей Знаткевіч
Віталь Цыганкоў


Знаткевіч: Віталь, на колькі прадказальнай была перамога Аляксея Янукевіча ў змаганьні за старшынёўства ў партыі?


Цыганкоў: "Канец эпохі" – гэта тыя словы, якімі варта ахарактарызаваць, што адбылося на зьезьдзе партыі БНФ сёньня. Першая прыкмета таго, што каманда Лявона Баршчэўскага прайграе, зьявілася на пачатку зьезду, калі адбылося сутыкненьне двух розных падыходаў двух розных камандаў. Лявон Баршчэўскі прапанаваў свой парадак зьезду, паводле якога трэба спачатку вылучыць патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнты ад партыі і абмеркаваць стратэгію партыі і толькі потым заняцца выбарамі старшыні БНФ і кіроўных органаў. А альтэрнатыўны варыянт хады зьезду прапанаваў Ігар Лялькоў: “Альбо мы застаемся гуляцца ў АДСаўскай пясочніцы з камуністамі, альбо мы будзем будаваць патрыятычную кааліцыю, якая мае шанцы перамагчы”. Ён прапанаваў свой варыянт парадку дня: ад пачатку выбары старшыні і потым ужо абраньне патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта ад Партыі БНФ. У выніку за прапанову Лялькова прагаласавала 164 дэлегаты, за прапанову Баршчэўскага 127. Гэта ўжо быў першы званочак таго, што каманда Янукевіча мае на зьезьдзе большасьць, і што зьезд пачынае ісьці па іхным сцэнары.
пасьля такога пройгрышу, палітычная біяграфія Баршчэўскага ўжо не настолькі цнатліва чыстая. ...

Мне здавалася, што гэтую тэндэнцыю можа пераламіць нечаканы ход Віктара Івашкевіча, калі ён вылучыў Лявона Баршчэўскага на пасаду старшыні, каб Баршчэўскі быў і старшынём і патэнцыйным кандыдатам у прэзыдэнты ад БНФ. Калі ў Лявона Баршчэўскага запыталіся, ці будзе ён браць удзел праймэрыз АДС (папярэдніх выбарах кандыдата на прэзыдэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў), ён адказаў: “Я яшчэ ніколі ніякіх выбараў у жыцьці на прайграваў”. Цяпер, пасьля паразы, ягоная палітычная біяграфія ўжо не настолькі цнатліва чыстая.

Дэлегат Семянюк, выступаючы ў падтрымку Янукевіча, заявіў: “Старое кіраўніцтва ня здольнае памяняць Фронт, бо яно ня здольнае мяняецца само. Гэтае кіраўніцтва згубіла маладое пакаленьне”. Гэта было адно са шматлікіх горкіх і крытычных словаў. Але цяпер, гледзячы на вынікі зьезду, здаецца, што гэтыя словы былі слушнымі.


Знаткевіч: “А ў чым асноўныя разыходжаньні ў праграмах і падыходах новага старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, ягонай каманды, і ранейшага старшыні Лявона Баршчэўскага і ягонай каманды?”


Цыганкоў: “Сярод іншых, бадай, найбольш шчыра іх выклаў дэлегат Аляксей Кавалец. Воленс-ноленс, новы старшыня падтрымліваецца менавіта гэтую групай сябраў партыі, тымі, хто так ці іначай супрацоўнічае з рухам Аляксандра Мілінкевіча "За свабоду". Кавалец сказаў: “Сёньня за кандыдата ад БНФ народ не прагаласуе. А Рух “За свабоду” можа аб’яднаць усе дэмакратычныя сілы вакол адзінага кандыдата – Аляксандра Мілінкевіча”. Стратэгічна, калі не браць пэрсанальныя стасункі, то водападзел па прынцыповых пытаньнях праходзіць менавіта тут: ці вылучаць свайго кандыдата на наступную прэзыдэнцкую кампанію, а таксама як ставіцца да Руху Аляксандра Мілінкевіча і ці падтрымліваць яго на прэзыдэнцкіх выбарах.
Аляксандар Мілінкевіч стаў галоўным пераможцам зьезду Партыі БНФ ...

На гэты момант вядома, што пасьля выбараў старшыні Лявон Баршчэўскі заявіў, што зьезд не гатовы вылучаць кандыдатаў на прэзыдэнтаў: “Я здымаю сваю кандыдатуры з разгляду, я ня бачу магчымасьці балятавацца. Мы можа увесну склікаць нармальны зьезд і вырашыць гэтыя пытаньні”.

Сыходзячы з таго, што абраны Аляксей Янукевіч, а патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта ад партыі ня вылучаны, можна сказаць, што Аляксандар Мілінкевіч стаў галоўным пераможцам зьезду Партыі БНФ.

Знаткевіч: “То бок Ваш прагноз, што з новым кіраўніцтвам БНФ будзе падтрымліваць Аляксандра Мілінкевіча як патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта?”

пасьля такога стрэсу са зьменай кіраўніцтва БНФ возьме паўзу ...

Цыганкоў: “Мне падаецца рана пра гэта гаварыць. Аляксей Янукевіч у папярэдняй дыскусіі зь Віктарам Івашкевічам на “Свабодзе”, заявіў, што не зьбіраецца ініцыяваць выхад БНФ з АДС. Ён таксама заявіў, што сам ніколі не ўваходзіў і не зьбіраецца ўваходзіць у рух Аляксандра Мілінкевіча “За Свабоду". Але, прыкладам, сваім намесьнікам ён абраў Ігара Лялькова. А палітычным актывістам добра вядома, што Лялькоў які мае шчыльныя сувязі з Рухам “За Свабоду”. Выглядае, што пасьля такога стрэсу са зьменай кіраўніцтва БНФ возьме паўзу. І сваё пытаньне пра ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі будзе вырашаць пазьней”.