У верасьні ў судзе Цэнтральнага раёну Гомелю плянуецца пачаць слуханьне крымінальнай справы ў дачыненьні да жыхара абласнога цэнтру, які абвінавачваецца ва ўчыненьні 12 злачынстваў, у тым ліку дзевяці згвалтаваньняў.
Як паведаміў агенцтву БелаПАН сьледчы-крыміналіст пракуратуры Гомельскай вобласьці Максім Спрынцын, 39-гадовы жыхар Гомелю, сем разоў судзімы, выкрыты дзякуючы экспэртным дасьледаваньням. На момант затрыманьня (у красавіку 2009 году) па падазрэньні ў сэрыі згвалтаваньняў ён адбываў пакараньне ў месцах пазбаўленьня волі — таксама за гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару. У 2004 годзе за учыненьне трох згвалтаваньняў ён быў прыгавораны да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Падазроны быў этапаваны з калёніі, яму прад'явілі новае абвінавачаньне, і ён быў арыштаваны.
У праваахоўных органах меліся нераскрытыя справы аб згвалтаваньнях, у красавіку 2009 году яны былі аб'яднаныя ў адну. Па спосабе учыненьня злачынстваў, апісаньні злачынцы, дадзеных экспэртызы пракуратура прыйшла да высновы, што згвалтаваньні учыняў адзін і той жа чалавек. "Ён прызнаўся, прычым заявіў, што учыніў ня дзевяць згвалтаваньняў, а амаль дваццаць. Так як некаторыя пацярпелыя не зьвярталіся ў міліцыю, яны не былі устаноўлены", — адзначыў Спрынцын.
Абвінавачваны учыняў злачынствы на працягу 1999—2004 гадоў. Ён займаўся прыватным возьніцтвам, добра ведаў горад, выбіраў бязьлюдныя ў вячэрні і начны час месцы — у спальных раёнах, каля школаў і дзіцячых садкоў, гаражных каапэратываў — і высочваў ахвяраў. Імі станавіліся маладыя жанчыны 18—35 гадоў. Злачынца учыняў згвалтаваньні, забіраў у пацярпелых грошы і каштоўнасьці. Ён быў жанаты, меў сына. Псыхіятрычная экспэртыза прызнала, што мужчына пры сьвядомасьці, аднак пакутуе на зьмешанае расстройства асобы.
У кастрычніку 2008 года суд Гомельскага раёну прыгаварыў да 18 гадоў пазбаўленьня волі сэрыйнага гвалтаўніка, жыхара пасёлка Бальшавік. 39-гадовы раней судзімы учыніў 14 згвалтаваньняў і замахаў на згвалтаваньне, пяць разбойных нападаў, чатыры грабяжы, крадзеж у буйным памеры (крадзеж аўтамабіля), асабліва злоснае хуліганства. Ён дзейнічаў не адзін, а разам са зводным брата, які атрымаў 12 гадоў пазбаўленьня волі.
У чэрвені 2008 года за згвалтаваньне і забойства дзевяцігадовага хлопчыка да расстрэлу быў прыгавораны жыхар Гомелю Павал Ляной. У 2004 годзе да пажыцьцёвага зьняволеньня прыгаварылі жыхара Калінкавічаў Сяргея Фагірава, які згвалтаваў і забіў трох жанчын. У 2006 годзе асудзілі Пятра Фяцько, сярод яго ахвяр — 18 жанчын з Гомеля, Мазыра і Жлобіна.
У чэрвені 2008 года за згвалтаваньне і забойства дзевяцігадовага хлопчыка да расстрэлу быў прыгавораны жыхар Гомелю Павал Ляной. У 2004 годзе да пажыцьцёвага зьняволеньня прыгаварылі жыхара Калінкавічаў Сяргея Фагірава, які згвалтаваў і забіў трох жанчын. У 2006 годзе асудзілі Пятра Фяцько, сярод яго ахвяр — 18 жанчын з Гомеля, Мазыра і Жлобіна.