Папярэднія выбары ці кангрэс?

Два розныя падыходы да праблемы абраньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў не дазволілі сёньня прыняць канчатковае палажэньне.

На паседжаньні прэзыдыюму АДС адбыўся падзел. Адны кажуць, што адзінага кандыдата трэба зацьвердзіць паводле вынікаў праймэрыз. Іншыя выступаюць за тое, каб апошняе слова засталося за Кангрэсам АДС.

Сёньня кіраўніцтва АДС паспрабавала змадэляваць сытуацыю адразу пасьля правядзеньня праймэрыз. Калі на іх зьявіцца яўны пераможца, за якога аддасьць галасы больш як палова ўдзельнікаў акцыі, то ніякіх спрэчак ня будзе. Але больш верагодна, што розьніца паміж прэтэндэнтамі будзе толькі ў некалькі працэнтаў. Што рабіць тады?

Леў Марголін — кіраўнік рабочай групы, якая рыхтавала палажэньне аб адзіным кандыдаце — кажа: пазыцыя групы — вызначыць найлепшага ў другім туры на кангрэсе АДС сярод двух лепшых:

“Тут абгрунтаваньне, як кажуць, ляжыць на паверхні. Калі ў праймэрыз будуць удзельнічаць, напрыклад, 7 кандыдатаў. І пераможца набярэ, умоўна кажучы, 20—22% галасоў. А тыя, хто зможа аб’яднацца супраць яго, будуць прадстаўляць 70% выбарцаў. І рабочай групе падаецца, што гэта больш прадстаўнічая большасьць”.

Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін упэўнены: галасаваньне выбарцаў на праймэрыз — больш важнае, чым галасаваньне палітычных актывістаў на кангрэсе. І таму ён прапаноўвае:

“Ці пераможцу мы вызначаем адразу на праймэрыз — няхай усе набралі прыкладна аднолькава, але ж нехта адзін крыху больш. І тады ён адразу абвяшчаецца адзіным кандыдатам. А калі другі тур, то не на кангрэсе, а зноў жа сярод выбарцаў. Зноў каб яны прагаласавалі за аднаго з двух, хто мелі лепшыя вынікі ў першым туры. Тады, мне падаецца, будзе больш справядліва”.

Палітоляг Юрась Чавусаў кажа, што ніводзін з двух варыянтаў, на ягоную думку, не здымае галоўнай праблемы:

“А праблема ў тым, што АДС лічыць так: людзі, якія аддалі галасы за кандыдата, які не пераможа на праймэрыз, на саміх прэзыдэнцкіх выбарах усё роўна падтрымаюць кандыдата-пераможцу праймэрыз. А вось гэта якраз і ня факт у сытуацыі геапалітычнага супрацьстаяньня, якая існуе цяпер у АДС”.