Бяз працы ў новым навучальным годзе засталася менская настаўніца Тацяна Ўланава, сябра КХП БНФ і Таварыства беларускай мовы.
Выкладчыца фізыкі і астраноміі Тацяна Ўланава ўпершыню за апошнія 32 гады Дзень ведаў сустрэла дома. Адміністрацыя 177-й менскай школы звольніла яе ў сувязі заканчэньнем тэрміну кантракту.
“Мне робяць намёкі, каб спроб уладкавацца я не рабіла. Бо не дазволяць. Сказалі, што ў школах раёну ёсьць забарона мяне браць”, — кажа Тацяна Ўланава.
Жанчына мяркуе, што яе пэдагагічная кар’ера спынілася з палітычных прычын. Тацяна Ўланава — сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ і ТБМ, актыўна прапагандуе беларускую мову.
Праблемы ў Тацяны Ўланавай пачаліся яшчэ летась, калі яна працавала настаўніцай у 196-й менскай школе. Пасьля таго як яна правяла ў школе Тыдзень беларускай мовы, ёй зацікавіліся спэцслужбы:
Дырэктарка прызналася, што яе прымусілі звольніць...
“Потым было КДБ у школе. Мяне выклікалі да дырэктара, а там сядзеў супрацоўнік КДБ, пытаўся, навошта мне, настаўніцы астраноміі, спатрэбілася прапагандаваць беларускую мову? Я адказвала, што гэта мой абавязак як грамадзянкі. А потым мяне звольнілі. Дырэктарка школы прызналася, што яе прымусілі мяне звольніць”.
У 177-й менскай школе, паводле Тацяны Ўланавай, спачатку да яе не было прэтэнзіяў. Наадварот, выкладчыцу астраноміі адзначалі за добрую працу, бо адзіным прадметам, у якім вучань школы выйграў раённую алімпіяду, была якраз астраномія. Але потым настаўніцу папярэдзілі, што кантракт зь ёй могуць не працягнуць. Тацяна Ўланава кажа, што і ў такіх умовах яна ня стала “прыстасоўвацца”:
“Заўсёды пачынала весьці ўрокі па-беларуску, віталася з вучнямі па-беларуску, кантактавала зь імі толькі па-беларуску. А ўжо выкладаньне вяла па-расейску, бо падручнік па астраноміі — на расейскай мове”.
Паводле Тацяны Ўланавай, сытуацыя зь беларускай мовай у звычайнай менскай школе “катастрафічная”: мову вывучаюць фармальна, акрамя як на занятках самі настаўнікі на ёй не размаўляюць. Пра беларушчыну ў школах дбаюць лічаныя адзінкі. Учора адна з такіх настаўніц падаравала Тацяне Ўланавай букет кветак, прынесены ў школу дзецьмі. “Толькі гэтыя кветкі зараз нагадваюць мне, што 1 верасьня калісьці было і для мяне сьвятам”, — кажа былая настаўніца.
У 177-й школе кажуць, што для Тацяны Ўланавай няма працы, бо скарацілася колькасьць гадзінаў па астраноміі. Між тым спадарыня Ўланава мяркуе, што ёй маглі б прапанаваць стаўку настаўніцы фізыкі. Падпісваючы ўчора дакумэнты аб звальненьні, яна бачыла, што ёсьць вакансія настаўніка фізыкі. Дырэктар школы Тацяна Малчанава, аднак, паведаміла Радыё Свабода, што вакансія ўжо занятая:
“У нас няма вакансіі настаўніка фізыкі. З 1-га верасьня на гэтай стаўцы ўжо працуе чалавек”.
Летась, неўзабаве пасьля размовы з супрацоўнікам КДБ, невядомы мужчына зьбіў Тацяну Ўланаву ў мэтро, актывістка патрапіла ў шпіталь зь пераломам рукі. Тацяна Ўланава лічыць гэты інцыдэнт невыпадковым. Пад ціск патрапіў і муж настаўніцы, былы аўганец Канстанцін Уланаў, таксама сябра КХП-БНФ. Сёлета ў ліпені Канстанціна Ўланава арыштавалі і пратрымалі 9 дзён у менскай турме на Акрэсьціна. Паводле міліцыі, актывіста правяралі на датычнасьць да справы Мікалая Аўтуховіча. У 2005 годзе Канстанцін Уланаў удзельнічаў у галадоўцы салідарнасьці зь Мікалаем Аўтуховічам, калі расьсьледавалася першая крымінальная справа ваўкавыскага прадпрымальніка.