В.Ганчарэнка: “Будынак царквы жыве круглыя суткі”

Вернікі царквы “Новае жыцьцё” штодня ў чаканьні прымусовага высяленьня з будынку пераабсталяванага пад храм былога калгаснага кароўніка. Чым сёньня займаліся прыхаджане пратэстанцкай грамады?
Каб падтрымаць адзінаверцаў, сёньня у Менск прыехалі пастары зь іншых рэгіёнаў Беларусі. Прайшоў калектыўны малебен у абарону будынка, які гарадзкія ўлады вызначылі пад высяленьне і далейшы знос. Пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка гаворыць, што будынак кантралюецца ягонымі паплечнікамі круглыя суткі:

Вячаслаў Ганчарэнка
“Мы не спыняем наш малебны збор. Сёньня ў нас цягам усяго дня адбываюцца малебны. Прыехалі многія пастары шмат зь якіх месцаў, будуць разам з намі. Дарэчы, хто жыве ня так далёка, падтрымліваюць нас досыць рэгулярна. З аддаленых раёнаў прыяжджаюць на так часта, але ў любым выпадку мы пад увагай, з падтрымкай. І гэты будынак мы ў прынцыпе не пакідаем ні ўдзень, ні ўначы”.

Нядаўна Менгарвыканкам распаўсюдзіў інфармацыю, што неўзабаве прыватны сэктар паміж сталічнымі мікрараёнамі Сухарава і Малінаўка будзе актыўна забудоўвацца, тут, паводле Генпляну, зьявяцца чатыры новыя жылыя кварталы. Будынак царквы фармальна падпадае якраз у зону патэнцыйнай забудовы. Ці тлумачыць гэтая акалічнасьць абвастрэньне сытуацыі вакол былога кароўніка? Гаворыць Вячаслаў Ганчарэнка:
мы нікому не аддадзім гэты будынак ...

“Так, мы бачым, што горад забудоўваецца па ўсіх франтах. І няхай забудоўваецца. Але калі ўлада хоча на гэтым месцы штосьці будаваць, то ні ў судзе, ні ў іншых інстанцыях нам не даказалі, што тут царква быць ня можа, ня можа знаходзіцца. Гэта проста чыёсьці прыватнае жаданьне. Але мы нікому не аддадзім гэты будынак”.

У гэтай рашучасьці і адміністратар нязручнай для гарадзкіх уладаў царквы Васіль Юрэвіч:

“Працягваецца кругласутачная бесперапынная малітва, то бок, у царкве пастаянна знаходзяцца ад 5 да 50 чалавек. Людзі, якія моляцца, адзін аднаго зьмяняюць, прыяжджаюць, усе моляцца за вырашэньне сытуацыі, якая зараз узьнікла з падачы гарадзкіх уладаў”.

У сваю чаргу Вячаслаў Ганчарэнка канстатуе, што цяжкасьці ў пэўным сэнсе пайшлі на карысьць абшчыне. Колькасьць тых, хто салідарны зь вернікамі, увесь час павялічваецца. І неўзабаве, па словах пастара, паўстане пытаньне пашырэньня цяперашніх плошчаў:
Мы хацелі б узьвесьці побач прыгожы будынак як мінімум на 2,5-3 тысячы месцаў ...

“Канечне, мы хацелі б будавацца ўжо таму, што нам тут цесна. Мы хацелі б узьвесьці побач прыгожы будынак як мінімум на 2,5-3 тысячы месцаў, каб усе нашы службы, школы біблейская, нядзельная школа ды іншыя служэньні, якія ў нас маюцца, маглі вольна разьмясьціцца, працаваць на карысьць грамадзтва. Ёсьць вялікія мары, маштабныя пляны. Нічога, прарвёмся…”

Паводле афіцыйнай статыстыкі, запыты на выдзяленьне зямлі пад культавыя збудаваньні найменей задавольваюцца ўладамі ў адносінах да пратэстанцкіх абшчынаў. І, як лічыць Вячаслаў Ганчарэнка, рэлігійная няроўнасьць сыходзіць менавіта з кабінэтаў чыноўнікаў:

“Як увогуле было? Мы пакуль яшчэ не набылі гэты кароўнік, пісалі заявы аб выдзяленьні зямлі пад будаўніцтва культавага будынку. Нам адказалі, што да 2010 году ўсе надзелы ўжо разьмеркаваныя і трэба чакаць. Якое выйсьце можа быць з такой сытуацыі? Мы зразумелі, што да 2010-га проста пасіўна чакаць ня варта, трэба штосьці набываць. Тады мы і набылі кароўнік. А цяпер, калі мы ўжо праводзім служэньні, раптам зьявіліся ўчасткі. І тут падман! Нібыта няма, а калі ўзьнікла вострая сытуацыя і трэба яе разрульваць, яны нам штосьці прапануюць! Праўда, тое, што прапануецца, гэта насамрэч сьмешна. Гэта ня ёсьць канструктыўнай размовай. Увогуле я лічу, што гэты выключна пазыцыя асобных чыноўнікаў; гэткі душок савецкіх часоў, абсалютна рэпрэсіўны па сваёй сутнасьці. Але ж час ўжо зьмяніць сваё мысьленьне -- ХХІ стагодзьдзе як-ніяк на вуліцы”.

30 жніўня а 9-й і 12-й раніцы ў царкве “Новае жыцьцё” адбудуцца традыцыйныя служэньні ў абарону царкоўнага будынка.



Напярэдадні юрыст царквы Сяргей Луканін паведаміў, што атрымаў ліст з фонду “Менгармаёмасьць”, які падпарадкоўваецца Менскаму гарвыканкаму. Адміністрацыю царквы, у прыватнасьці, праінфармавалі: права прыватнай уласнасьці на будынак зьмененае без ведама абшчыны. То бок, калі яшчэ некалькі дзён таму гэтае права было за вернікамі, то зараз яно перайшло да фонду “Менгармаёмасьць”. У фондзе спаслаліся на закон, паводле якога ўласнасьць могуць перадаць прымусова, калі добраахвотна не выконваецца судовае рашэньне аб перадачы будынка Менгарвыканкаму. Далейшыя крокі чыноўнікаў адносна царквы застаюцца без камэнтароў.