У Беларусі сёлета найдаражэйшая бульба

Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі пачалася ўборка бульбы. Але ўраджай ня радуе. Паводле прагнозу НДІ бульбаводзтва, нізкі валавы збор “другога хлеба” выкліча праблемы пры стварэньні запасаў харчовай і насеннай бульбы. А на рынках цана бульбы перавысіла 1500 рублёў за кіляграм.


Берасьцейшчына: Бульба горшая, а кошты — вышэйшыя


Сёньня наш слухач з Баранавічаў Сяргей Антановіч у сваім тэлефанаваньні паскардзіўся на высокі кошт бульбы ў крамах гораду. Ён кажа:

“Крама “Златка” знаходзіцца ў Паўночным мікрараёне нашага гораду. Я зайшоў, каб купіць бульбы. Яна тут прадаецца, але маленькая, нібыта гарох. Кошт — 1540 рублёў за кіляграм. Выбачайце, але ў дадзеным выпадку гэта нешта неверагоднае, бо бульба кепская, а кошт — найдаражэйшы! Не купіў бульбу, сышоў з крамы”.
Ад пачатку году кошты на бульбу вырасьлі ажно ў два разы


Кошт бульбы вагаецца ад 1500 да 1700 рублёў за кіляграм. Найлепшая бульба ў Баранавічах прадаецца на Калгасным рынку, але яна — прывозная

Тут прадаецца бульба пераважна з палёў Нясьвіжчыны. Але нават і там, як паведаміў прадавец бульбы Сямён Тарасевіч з-пад Снову, нямала выпадкаў, калі вяскоўцы заворваюць бульбяныя палі, бо бульба не ўрадзіла. Таксама спадар Тарасевіч кажа, што пакупнікі бяруць бульбу па адным-два кіляграмы, а не мяхамі, як у мінулым годзе. Між тым гандляр адзначае, што цяперашні кошт бульбы — па 1500 рублёў за кіляграм — яшчэ нізкі. Далей цэны будуць расьці”

У Нацыянальным статыстычным камітэце інфармуюць, што ад пачатку году кошты на бульбу вырасьлі больш, чым на іншыя прадукты — ажно ў два разы.


Гарадзеншчына: Фэрмэры і ў крызіс ня страчваюць аптымізму


Уборка бульбы на Гарадзеншчыне ўжо распачалася. Кошты за кіляграм на рынку ў абласным цэнтры складаюць ад 800 да 1500 рублёў, а нарыхтоўчыя дзяржаўныя арганізацыі плацяць толькі па 160—200 рублёў.

На думку тутэйшых фэрмэраў, зь якімі я сустракаўся, сёлетні ўраджай бульбы шмат у каго будзе ніжэйшы, чым леташні. Праўда, той, хто здолеў апрацаваць бульбу своечасова, задаволены вынікам.
У параўнаньні зь мінулымі гадамі слабы ўраджай, бо шмат дажджоў было


Кажа спадарыня Яўгенія, фэрмэрка зь вёскі Цябы Лідзкага раёну.

Спадарыня: “У нас па акрузе ні ў кога не ўрадзіла. Нават у тых фэрмэраў, у каго летась бульба была добрая, сёлета толькі палова тае. Фітафтора выпала зарана, зьела бацьвіньне, і ўсё”.

Карэспандэнт: “А ў вас асабіста які ўраджай чакаецца?”

Спадарыня: “У параўнаньні зь мінулымі гадамі таксама слабы ўраджай, бо шмат дажджоў было. Вільготнасьць трымалася, а потым туман зьеў бацьвіньне”.

Спадар Леанід зь Бераставіцкага раёну пераконвае, што сёлетні год для бульбы няпросты і даглядаць яе трэба было больш, чым звычайна.

Спадар: “Вось хто сёлета шмат разоў не апрацаваў бульбу — значыцца, у яе хутка скончыўся вэгетацыйны пэрыяд”.

Самае галоўнае, аднак, для фэрмэраў — добра прадаць свой тавар. Спадарыня Яўгенія кажа, што пакіне сёлета толькі на насеньне. Астатнюю частку бульбы плянуе здаваць, бо разьлічвае, што кошты павінны яшчэ падвысіцца.

Гаспадыня таксама кажа, што раней фэрмэры імкнуліся трымаць частку бульбы да вясны, бо кошты тады яшчэ вышэйшыя. Але сёлета, паколькі год выдаўся даволі вільготны, хутчэй за ўсё, будуць яе пазбывацца.

Спадарыня: “Зараз будзем шукаць нейкіх камэрсантаў, каб адразу атрымаць грошыкі”.

Карэспандэнт: “А я вось гляджу — дзяржаўныя нарыхтоўшчыкі прапануюць па 160—200 рублёў за кіляграм...”

Спадарыня: “То няхай дзяржаўныя купляюць у калгасаў”.

Многія фэрмэры ўзгадваюць, што раней да іх па бульбу прыяжджалі купцы з Расеі, але ў апошнія гады іх ня стала. Спадар Леанід кажа таксама, што з камэрсантамі мець справу прасьцей, бо разьлік атрымліваеш адразу.

Яшчэ адна рэч, на якую зьвяртаюць увагу фэрмэры, — гэта гатункі бульбы. Спадарыня Яўгенія распавядае, што зараз яны вырошчваюць сама болей тры гатункі, але ўжо цяпер яна даведалася, што некаторыя зь іх каштуюць даражэй, а ў іх купляюць усё за аднолькавую цану.
Дзяржаўныя нарыхтоўшчыкі прапануюць па 160—200 рублёў за кіляграм. Няхай дзяржаўныя купляюць у калгасаў


Спадарыня: “Вось у Пецярбургу робяць чыпсы менавіта з гатунку “Журавінка”. І кошты за яго вышэйшыя, калі трапляеш на таго камэрсанта, які туды нарыхтоўвае бульбу”.

Спадарыня Яўгенія таксама дадае, што за гады фэрмэрства навучылася, як выгадней прадаваць бульбу. Але кажа, што расьціць яе стала цяжка, бо і яна, і муж — у пэнсійным веку, а дзеці гэтым займацца ня хочуць.


Віцебшчына: “Бульбяны квас — забаўка, а не навуковы экспэрымэнт”


Падчас нядаўняга візыту ў Талачынскі раён Аляксандра Лукашэнку частавалі бульбяным квасам. Некалі ён каштаваў і гарбату з бульбяным цукрам.

Як патлумачылі на Талачынскім кансэрвавым заводзе, бульбянога квасу ў іх ня робяць, і ўвогуле прадпрыемства не вырабляе безалькагольных напояў.

“Квас мы ня робім. Безалькагольнае ўвогуле ня робім, мы робім толькі віно. Мусіць, нехта яшчэ прывозіў — там жа і зь Менску прадпрыемствы былі. А ўжо бульбяны квас — гэта дакладна ня мы”, — распавялі ў прыёмнай кансэрвавага заводу.

Што ж да бульбы, то на Талачынскім кансэрвавым заводзе зь яе робяць крухмал. Відавочна, што сёлета ў яго вытворчасьці будуць вялікія праблемы. Ураджай бульбы ў самым паўночным рэгіёне найніжэйшы за ўсе апошнія гады.

Былы дырэктар Інстытуту бульбаводзтва Анатоль Круглякоў, цяпер —уладальнік фэрмэрскай гаспадаркі ў вёсцы Агароднікі Капыльскага раёну, лічыць, што бульбяны квас, якім частавалі Аляксандра Лукашэнку, — забаўка, а ня вынік навуковага экспэрымэнту:

“Ну, штосьці ж трэба рабіць... А заробак за што будуць плаціць? Гэта выдумка і лухта. Што возьмеш з такога соку? Заправяць інгрэдыентамі кісла-салодкімі, і ўсё... Гэта пустая справа”.

Айчынная навука не падтрымала бульбаводаў у выратаваньні ўраджаю ад залевы і фітафторы. Вучоны сьцьвярджае:

“Калі я ўзначальваў гэты інстытут, многім не падабалася, што цягну навуку да вытворчасьці. Цяпер падцягнулі да вырашэньня праблемаў у вытворчасьці — то ўжо сэлекцыйнай базы няма добрай. Каб была мэханізаваная і з прамысловымі цяпліцамі, дзе можна было б круглы год вырошчваць бульбу. У нас жа гэтага няма. Справа знаходзіцца на саматужным узроўні”.

Выглядае, што гэты год будзе самым правальным у выкананьні дзяржаўнай праграмы разьвіцьця бульбаводзтва на 2006—2010 гады. Плянавалася, што вытворчасьць бульбы ў Беларусі будзе даведзеная да 9 мільёнаў тон, крухмалу — да 50 тысяч тон, бульбапрадуктаў — да 12 тысяч тон у год. Спэцыялісты кажуць, што добра, калі ўдасца выканаць гэтыя паказчыкі напалову.