“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогасфэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень
На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе культуроляг і мастак Юрась Барысевіч.
Дранікі ў стылі “ф'южн”
У суполцы Кухня Беларусі абмяркоўваюцца рэвалюцыйныя рэцэпты дранікаў. Гэта цяпер модная гарадзкая тэндэнцыя — зьмешваць традыцыі, у тым ліку кулінарныя, розных народаў. Здараецца і ў тутэйшых рэцэптах, што ў цеста для дранікаў дадаюць скваркі, тварог, моркву ці яблык. Але тут прапаноўваюцца дранікі з “італьянскім” і “францускім” ухілам. Для “францускага” варыянту ў дранікі дадаецца пацерты сыр — які заўгодна, абы ён быў дастаткова цьвёрдым, сьпелым і пахкім. Напрыклад, ракфор ці пармэзан. Замест сьмятаны да дранікаў тады падаецца масла. Што да “італьянскага” варыянту, то цеста робіцца з дробленымі ў блендэры морапрадуктамі. У сьмятану потым варта дадаць трошкі соевага соўсу. Дарэчы, замест морапрадуктаў можна скарыстаць звычайныя крабавыя палачкі і танную ікру.
Камэнтатары кажуць, што некалькі кропель соевага соўсу робяць смачнейшай сьмятану і для звычайных дранікаў.
Сьмерць фальклярыста
Кінакрытык прапаноўвае дапоўніць хрэстаматыю беларускай літаратуры асучасьненым сюжэтам:
“Ганна завіхалася ля печы. Труп Сымоніхі, якая завітала ў госьці і зжэрла ўсю зацірку, ніяк не жадаў дагараць. Раніцай — дажджы і холад, і рохканьне парсючка, які ўцёк ад нажа. Раптам у дзьверы пагрукалі. Гэта быў фальклярыст-мазурык, які зьбіраў прымхі і страшныя казкі. Кабета натужліва ўсьміхнулася.
* * *
Дадалося дыму над комінам — ёлкага, густога. Ганна ізноў завіхалася ля печы”.
Камэнтатары ўпікаюць гаспадыню за нерацыянальнае стаўленьне да рэсурсаў: “Нейкая дурная Ганна: Сымоніху можна ж было зьесьці! А з рэбрамі фальклярыста згатаваць тушанай бульбы”. Што казаць, гаспадарлівасьць для беларусаў — гэта сьвятое.
Бутафорская вяндліна капіталістаў
У настальгічнай суполцы Жыцьцё па-савецку распавядаюць пра адно з тагачасных нешматлікіх акенцаў у вялікі сьвет — зьбіраньне макулятуры, сярод якой, калі пашчасьціць, трапляліся заходнія часопісы з шыкоўнымі ілюстрацыямі. “Разгортваючы імпартныя выданьні, мы са зьдзіўленьнем разумелі, што ня ўсе на гэтай плянэце рыхтуюцца да надыходзячага зьезду партыі. Капіталісты езьдзілі на цудоўных машынах, усьміхаліся белымі, а не залатымі зубамі, а іхныя прыгожыя жонкі хваліліся зьмесьцівам беласьнежных лядоўняў. Асартымэнт тых лядоўняў выглядаў зьдзекліва: вяндліна, сыр, шампанскае і абавязкова ананас. Кавалак вяндліны быў абавязкова кіляграмаў на дзесяць, а калі сыр, то цэлая галоўка. Шампанскае ахалоджвалася разам з келіхамі. Гэта быў яўны перабор! Нягледзячы на мноства страваў, жонка ў белазубага капіталіста была танклявая. Чамусьці хацелася думаць, што ўсе тыя стравы былі бутафорскія, але ўсё ж верылася, што ананас сапраўдны.
Аднойчы я знайшоў мапу Нью-Ёрку і, што называецца, адчуў розьніцу. Савецкія мапы паказвалі тэрыторыю зь няяўнымі прыкметамі жыцьця нават у цэнтры буйных гарадоў, у той час як за мяжой жыцьцё віравала нават у пустэльні. Складвалася ўражаньне, што нашыя землі пачалі абжывацца зусім нядаўна, а іхныя — ужо тысячагодзьдзі. Нашыя прасторы былі пераважна занятыя лясамі й балатамі, а ўся Амэрыка літаральна стракацела рэстарацыямі, аўтасэрвісамі й гатэлямі. Запомніўся вясёлы вусаты каўбой у рэкляме тэкілы. Ён стаяў каля велічэзнага кактуса і паказваў вялікі палец. Савецкі Саюз яму не прысьніўся б нават у жахлівым сьне… Так, віды багатага жыцьця тады яшчэ не выклікалі алергіі”.
Пра каньяк ды іншыя напоі
Паэт Сяржук Сыс у сваім блогу публікуе паэму “Як патрэбна нажырацца”. Зь веданьнем справы распавядае пра тонкасьці спажываньня моцных напояў — пра абсэнт, марціні, віскі, ром, тэкілу, кальвадос, каньяк, лікёр і гарэлку. Працытую пару строфаў:
“Пра каньяк казаць ня трэба, —
Ён жа нам заместа хлеба.
І ў трамваі, і ў мэтро
Добра грэе ён нутро.
Кажуць, ёсьць яшчэ лікёры…
Толькі каб убачыць зоры
На прытомнасьці мяжы —
Трэба вельмі шмат спажыць…”
Камэнтатары абурыліся, што паэт не раскрыў тэму піва, найпапулярнейшага напою цяперашняй багемы. На гэта аўтар адказаў: “Тэма піва — непад’ёмная, чатырох радкоў ня хопіць. Трэба рабіць асобную грунтоўную рэч. “Паэма Піва”! — гэта будзе цэлы эпас. Пачынаю разважаць”.
Пажада спаборнічае з ганарлівасьцю, абжэрлівасьць — з зайздрасьцю
Менскай дзяўчыне-філёзафу сёньня падаравалі арыгінальны букецік зь мяты, размарыну й базыліку. Яна, аднак, ня згодная, што нагадвае кавалеру кавалак мяса. У адным зь папярэдніх запісаў яна падзялілася абурэньнем на тое, што Ватыкан апублікаваў статыстычнае дасьледаваньне споведзяў. Там, дарэчы, выявілася, што мужчыны й жанчыны грэшаць па-рознаму. Мужчыны лічаць сваімі заганамі найперш пажаду, абжэрлівасьць і ляноту, а ў жанчын галоўныя заганы датычаць ня цела, а духу: гэта ганарлівасьць, зайздрасьць і злосьць.
Пра несупадзеньне гэтых адмоўных схільнасьцяў аўтарка блогу не спрачаецца, але патрабуе, каб сьвятары папярэджвалі парафіянаў, што іхныя споведзі будуць скарыстаныя ў навуковых досьледах. Адзін з камэнтатараў прыгадаў лекцыю ў Ягелонскім унівэрсытэце пра каталіцкую канцэпцыю сям’і. Лектару, маладому сьвятару, задалі пытаньне — адкуль ён, зь ягоным цэлібатам, можа ведаць пра інтымныя сямейныя праблемы? Сьвятар адказаў: “Чытаю навуковую літаратуру, дый на споведзі людзі шмат цікавага распавядаюць”.