У Бабруйскім сьледчым ізалятары пакуль не даюць дакладных зьвестак, калі і куды накіруюць адбываць пакараньне палітвязьня Арцёма Дубскага. Чакаецца, што вязьня адправяць па этапе ўжо 28 жніўня. 7 ліпеня Арцёма Дубскага асудзілі на год калёніі за парушэньне парадку адбыцьця пакараньня паводле гэтак званай “справы 14-ці”.
Маці палітвязьня Алена Дубская пакуль марна спрабуе даведацца, куды накіруюць для адбыцьця пакараньня яе сына, актывіста “Маладога фронту” Арцёма Дубскага. У сярэдзіне дня з Аленай Дубскай удалося злучыцца праз тэлефон.
“Вось толькі што дазванілася ў спэцчастку Бабруйскай турмы. Мне далі іх тэлефон на спатканьні з сынам 4 дні таму, сказалі, што 26-га жніўня змагу даведацца, куды яго накіруюць. Але сёньня ўжо сказалі, што дакладных зьвестак не дадуць. Маўляў, чакайце, пакуль пасьля этапу прыйдзе афіцыйная папера, куды патрапіў сын. Паводле неафіцыйных зьвестак гэта можа быць Магілёўская альбо Шклоўская калёніі агульнага рэжыму”, -- паведаміла Алена Дубская.
У Дэпартамэнце выканананьня пакараньняў МУС карэспандэнту Радыё Свабода таксама адмовіліся сказаць, дзе будзе адбываць пакараньне Арцём Дубскі. Міліцыянт спаслаўся на службовую інструкцыю, якая забараняе паведамляць такія зьвесткі.
У Магілёве ёсьць 2 калёніі. У адной зь іх адбываў пакараньне амэрыканскі грамадзянін Эмануіл Зэльцэр, які выйшаў на волю у ліпені. Паводле Эмануіла Зэльцэра, Магілёўская калёнія – “тыповая савецкая турма”.
У Шклоўская калёніі летась адбываў пакараньне палітвязень Зьміцер Дашкевіч.
“Калёнія вялікая, там кантынгент самы розны – ад звычайных крымінальнікаў да карупцыянраў. Калёнія быццам паказальная, нават ёсьць сваё тэлебачаньне, але ў любой калёніі пэўнаму чалавеку могуць стварыць цяжкія ўмовы, таму ўсё залежыць ад асабістых якасьцяў вязьня. Арцём ужо даказаў, што можа вытрымаць цяжкасьці, верым у яго і гэтым разам. А мы на волі будзем змагацца за ягонае датэрміновае вызваленьне”, -- гэтак сказаў пра Арцёма Дубскага лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч.
У 2008 годзе “Міжнародная амністыя” прызнала вязьнямі сумленьня Арцёма Дубскага і іншых удзельнікаў “справы 14”, асудажных за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў у пачатку 2008 года ў Менску. Беларуская апазыцыя і праваабаронцы заяўляюць, што сёлета Дубскі быў зноў асуджаны паводле палітычных прычынаў.