Ахвяры мастацтва і глямуру

“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогасфэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе культуроляг і мастак
Юрась Барысевіч.

Беларусы, расейцы, украінцы

Блогасфэра й наагул Інтэрнэт — унікальная прастора камунікацыі. Тут можна амаль імгненна абмяняцца думкамі на любую тэму з цэлым сьветам, зь людзьмі, зь якімі наўрад ці паразмаўляў бы ў “рэале”. Пагутарыць ня толькі з суайчыньнікамі, але і з украінцамі, расейцамі, амэрыканцамі, заходнеэўрапейцамі. Штопраўда, для дыскусіяў з замежнікамі (апроч хіба ўкраінцаў) даводзіцца пісаць на замежнай мове, найчасьцей – расейскай. Часам гэта цікавей, чым размаўляць выключна па-беларуску з тымі, хто і сам ужо ўсё ведае пра Беларусь.

Пэрспэктывы аб’яднаньня

Расейцы хіба што з нашых расейскамоўных блогаў і камэнтароў могуць убачыць, што думаюць беларусы пра сваю краіну, пра Расею і наагул пра гэты сьвет. Напрыклад, папулярны расейскі блогер Фрыц Морген, піяршчык пуцінскага рэжыму, нядаўна атрымаў амаль тысячу камэнтароў на тэму, ці варта аб’яднацца Расеі й Беларусі:

Чытачы блогу (а іх амаль 9 тысячаў) былі моцна зьдзіўленыя, што практычна ўсе беларусы, якія там пакінулі свой камэнтар, выказаліся супраць аб’яднаньня (бо “ня трэба спрыяць імпэрскім амбіцыям Расеі”). Зрэшты, значная частка расейцаў таксама супраць — маўляў, “ня варта псаваць беларусам жыцьцё”.

Імпэрскі глямур

Адзін з найбольш цытаваных у Livejournal беларускіх блогераў, Будзімір, гэтымі днямі заснаваў расейскамоўную суполку “Культурный мусор. Произведено в России.” Тэкстаў там пакуль няма, зьбіраюцца фотафакты, закліканыя высьмеяць вялікадзяржаўны кіч – яйкі Фабэржэ ў шакалядзе, праваслаўная бомба, дзявочая бялізна зь імем Пуціна, наагул бутафорскі імпэрыялізм.


Самі расейцы жартаваць са сваіх вялікадзяржаўных амбіцыяў рэдка адважваюцца, дык беларусы могуць ім дапамагчы.

Чатыры шляхі для апазыцыі

Палітоляг Міхаіл Падаляк на сваім сайце разважае пра эвалюцыю палітычнай сытуацыі ў Беларусі:

“Лукашэнка моцна зьмяніўся. Знешне... але ўнутрана застаўся ранейшым... Апазыцыя занадта позна зразумела, што з Лукашэнкам адбыліся сур’ёзныя зьнешнія зьмены і што ён стаўся прыярытэтным (калі не адзіным) партнэрам для новай эўрапейскай гульні. Апазыцыя дагэтуль не паверыла ў відавочную праўду: Эўропа адкрыта ашукала яе, і таму па-ранейшаму спрабуе дамовіцца пра што-небудзь з эўрапейцамі, якія імгненна закрыліся. Замест таго, каб гучна й фактурна паслаць гэтых эўрабюракратаў у дзясятку-другім найбуйнейшых эўрапейскіх выданьняў. Паслаць па прозьвішчах і па імёнах”.

На мой погляд, сварыцца з кіраўніцтвам эўрапейскіх структураў і краінаў, да чаго заклікае Падаляк, для прафэсійнай беларускай апазыцыі сьмяротна небясьпечна. Гэта правакацыя. Цяжка пагадзіцца й з альтэрнатывамі, якія ён малюе ў сваім тэксьце: цалкам капітуляваць альбо ўсяляк дапамагаць рэжыму, канчаткова ператварыўшыся ў дэкаратыўную апазыцыю.

Сьмешны камэнтар пакінуў адзін з чытачоў гэтага артыкулу: “Лукашэнка ўсю гісторыю свайго кіраваньня вядзе “палітыку пацука”. Калі ціха — ён гаспадар на кухні, і ўсё сала належыць яму! Калі ж прыціснуць хвост — бяжыць хавацца, не выбіраючы кірунку, у першую-лепшую шчыліну. Як вядома, дурням шчасьціць, і “бацька” пацьвярджае гэта на 200%. Хто-небудзь іншы на віражах такога кшталту зламіў бы галаву, а гэтаму ўсё на карысьць”.

Магчыма, і кіраўнікам апазыцыі, каб пачало шчасьціць, варта разьняволіцца, больш імправізаваць?

Незалежнасьць Украіны й беларускія дзяўчаты

Сёньня, 24 жніўня, братняя Ўкраіна адзначае Дзень незалежнасьці.



У суполцы, дзе нястомна змагаюцца патрыёты Расеі й Украіны, “ісконьнікі” й “сьвідаміты”, а да іх почасту далучаюцца й беларусы (звычайна на баку ўкраінцаў), адзін з найбольш актыўных аўтараў pozandtiv перайшоў з расейскага на ўкраінскі бок. Прычыны ён сфармуляваў так:

“Чаму я люблю Ўкраіну?
Гэтая дзяржава выбрала шлях свабоды й дэмакратыі. Людзі тут адкрытыя й ветлівыя. Напрыклад, у мэтро заўсёды прытрымліваюць дзьверы, а ў Маскве такое здараецца рэдка. Народ любіць і ўмее працаваць, не губляе аптымізму, не страшыцца цяжкасьцяў. Усе, хто больш-менш доўга пражывае ва Ўкраіне, робіцца прыхільнікам яе незалежнасьці — атмасфэра тут такая. Шчодрая зямля, вабная прырода. Дзяўчаты — найпрыгажэйшыя ў сьвеце. Тут нарадзіліся мае дзеці”.


Наконт дзяўчатаў беларусы, вядома, могуць паспрачацца. Больш за тое, перавагу беларусак прызнаюць нават некаторыя ўкраінскія дзяўчаты, як, прыкладам, крымчанка sveltione. Камэнтуючы мой тэкст пра ўкраінскіх жанчынаў, яна напісала:

“Жыла ў Турцыі. Калі казала, што з Украіны, у вачах мужчынаў адразу зьяўляўся “зацікаўлены” агеньчык. Але найпрыгажэйшымі і найбольш… запатрабаванымі там лічацца дзяўчаты зь Беларусі. Туркі зьяжджаюцца ў аэрапорт пад час прыбыцьця самалёту зь Менску. Стаяць шчыльнымі радамі перад выхадам у горад з мытна-багажнай зоны. Сама назірала гэты ачумелы натоўп туркаў, якія гучна абменьваюцца ўражаньнямі. Прыходзяць проста падзівіцца”.

“Ахвяры мастацтва”

У менскім Палацы мастацтва 25 жніўня, у аўторак, а 17-й мае адчыніцца міжнародная выстава жывапісу ды інсталяцыяў на тэму “Ахвяры мастацтва”. Год таму выстава з такой самай назвай адбылася ў бэрлінскім Доме мастакоў Tacheles. Галоўныя арганізатары абедзьвюх выставаў — беларускія мастакі Алесь Родзін і Зьміцер Юркевіч.

Некаторыя экспанаты прысьвечаныя беларускім мастакам і літаратарам з трагічным лёсам — Язэпу Драздовічу, Анатолю Сысу, Аляксею Жданаву, Тодару Копшу... Выстава гэтая — цэнтральнае зьвяно грандыёзнага фэстывалю “Дах”: цягам месяца амаль штодня адбываюцца канцэрты электроннай музыкі, літаратурныя вечарыны, пэрформансы. Праграму фэстывалю можна зірнуць тут.