Падчас візыту ў Талачынскі раён А.Лукашэнка абмяркоўваў зь мясцовымі кіраўнікамі пэрспэктывы разьвіцьця расьлінаводзтва і перапрацоўчай прамысловасьці на Віцебшчыне. Але тамтэйшы актывіст Мікалай Петрушэнка перакананы, што ў рэгіёне ёсьць нашмат вастрэйшыя праблемы.
Сябра ПКБ і актывіст грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Мікола Петрушэнка распавёў, што візыт Аляксандра Лукашэнкі на Талачыншчыну быў прадказальны яшчэ за некалькі дзён. Бо яшчэ ўчора ў райцэнтры тэрмінова клалі плітку на ходніках, а ў бліжэйшых гаспадарках з палёў загадалі прыбраць кароў — мусіць, каб не спалохаліся, калі прэзыдэнт прыляціць на верталёце. Затое як напаказ былі выстаўлена разнастайная сельскагаспадарчая тэхніка: меркавалася, што падчас візыту менскіх і віцебскіх чыноўнікаў будзе прааналізаваны і ход уборачнай кампаніі ў так званай “зоне рызыкоўнага земляробства”, да якой адносяць Віцебшчыну.
Камэнтуючы той факт, што А.Лукашэнка наведаў мясцовы кансэрвавы завод, які вырабляе пераважна адзіны прадукт — таннае віно, мясцовы актывіст заўважыў:
Гэта наш вінзавод, што выпускае “барматуху”. 7 тон віна іхнага мы выпіваем усім раёнам!
“Гэта наш вінзавод, што выпускае “барматуху”. 7 тон віна іхнага мы выпіваем усім раёнам! І адміністрацыя будзе прасіць грошы на сховішча для садавіны. Але я на 100 адсоткаў упэўнены, што Лукашэнку не распавядуць, як паўтара тыдні таму на гэтым прадпрыемстве загінуў хлопец. Ён рамантаваў бочку — ёмістасьць пад віно, яго спусьцілі ў яе на ланцугу сямёра рабочых, а дастаць ужо не змаглі, бо гарлавіна была завузкая...”
Паводле Мікалая Петрушэнкі, гэта ня першы сьмяротны выпадак на прадпрыемстве, якое вырабляе напой пад рамантычнымі назвамі “Сьвітанак” і “Асалода”, што прадаецца ў любой краме вобласьці па тры тысячы за паўлітра. Але, зьвяртае ўвагу актывіст, у раённай газэце пад рубрыкай “Кроніка здарэньняў” пра парушэньні тэхнікі бясьпекі на кансэрвавым заводзе ніколі нічога не паведамляецца.
Апрача гэтага, у раёне вельмі трывожная сытуацыя з побытавым п’янствам, кажа апазыцыянэр. На ягоную думку, наўрад ці варта падтрымліваць прадпрыемства, празь якое адбываецца алькагалізацыя насельніцтва. У стане алькагольнага ап’яненьня зьдзяйсьняецца большасьць зафіксаваных злачынстваў, і міліцыя не пасьпявае ўтаймоўваць мясцовых п’яніц.
Але сёньня, кажа спадар Петрушэнка, усё міліцыю мабілізавалі ахоўваць прэзыдэнта. Нават паадмянялі судовыя працэсы, куды міліцыянты мусілі зьявіцца ў якасьці сьведак.
Тым часам Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў Віцебскую вобласьць гаварыў пра неабходнасьць сёлета сабраць ураджай ня толькі хутка, але яшчэ й якасна. І пра сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё Талачынскага раёну, які, дарэчы, па дзевяці паказьніках з трынаццаці адстае ў гэтым сэнсе ад іншых рэгіёнаў Віцебшчыны.