Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Валера РУСЕЛІК (Valery RUSELIK)
Нарадзіўся ў Горадні ў 1982 годзе.
Сярод іншых сваіх заняткаў найперш вылучае падарожжы. У 2001 годзе босым пілігрымам з Горадні дайшоў да Вострай Брамы ў Вільні. Плаваў у трох морах і двох акіянах.
Абаронца намётавага мястэчка на Плошчы Каліноўскага, а таксама гістарычнай забудовы Горадні ў часе “бульдозэрнай рэканструкцыі”.
Мэдыя-актывіст. Сябра суполкі літаратараў-паўстанцаў “Бункер”.
Чацьвер 2009-VIII-20
Сярод іншых вызначэньняў свабоды, асабіста мне найбольш імпануе наступнае: свабода – гэта выбар. Ланцужок варыятыўнасьці пачынаецца ад моманту нараджэньня й не перарываецца ажно да самага скону. Што бы ні здарылася, як бы ні склаліся абставіны, у нас заўсёды застаецца выбар. Відавочная ж адсутнасьць выбару – таксама выбар, папросту зроблены раней, цішком ад самога сябе. І я ня толькі пра нязьменнасьць вынікаў працы каманды Ярмошынай ці пра татальную залежнасьць айчыннай эканомікі ад эканомікі й палітыкі Расеі.
Гэтак здарылася, што беларусы як нацыя таксама заўсёды маюць выбар: паміж колерам сьцягу, гербам, гімнам, мовай, вэрсіямі гісторыі, касьцёлам і царквой, Захадам ды Ўсходам… Зрэшты, уласна беларускасьць – таксама вынік асабістага выбару. Кожны з нас можа прыгадаць процьму прыкладаў таго, як учорашнія палякі ці расейцы раптам ператвараліся ў беларусаў: тынц! – усё, браткі, я таксама беларус! Пэўна, недзе ў гэтым і хаваецца прычына нашай дзівоснай неўміручасьці: колькі гэты край пляжылі, нішчылі, асымілёўвалі – аж не, усё зьяўляюцца гэтыя беларусы й зьяўляюцца!
Гэтак часта можна пачуць нараканьні на тое, як вакол усё кепска. І тэлевізар брэша, і на вуліцы мовы роднае не пачуеш. Але хто каго прымушаў аглядаць тую брахню ці карыстацца ў жыцьці чужой мовай? Мы гэтак прызвычаіліся звальваць уласную бязьдзейнасьць ды абыякавасьць на выбар іншых: “А што я магу? Мы, беларусы, заўсёды гэткія цёмныя былі…”
І пры гэтым чамусьці зусім забываем пра тое, што “мы” складаецца з асобных “я”, а ўсялякі народ – гэта заўсёды супольнасьць асобных людзей, кожны зь якіх абавязкова ўплывае на фармаваньне грамады. І таму лёс нацыі, краіны ці нават асобнага места заўсёды паўтарае лёс сваіх сыноў і дачок. Усіх без вынятку.
Калі ў 2006 годзе ў Горадні бульдозэры “рэканструктараў” адкрыта зьнішчалі гістарычны цэнтар, большасьць мясцовых гісторыкаў, журналістаў, культурных дзеячоў ды грамадзкіх актывістаў рабілі выгляд, што іх гэта не датычыць, нібы яны нічога не заўважалі ды ня ведалі. За 200 мэтраў ад Савецкае плошчы, колішняга Рынку – сэрца Старога Места і эпіцэнтру тагачасных зьнішчэньняў, знаходзіўся філіял мясцовага гістфаку, аддзел археалёгіі. Не заўважыць барбарства супрацоўнікі гэтае ўстановы папросту не маглі, штодня пнучыся на працу паўз бульдозэры ды самазвалы. Аднак аніводнага адкрытага пратэсту супраць відавочнага злачынства ад гэных “спэцыялістаў” гэтак і не прагучала.
Адным з тых, хто тады актыўна ўзяўся адстойваць гарадзенскую спадчыну ды стаяў у першых шэрагах абаронцаў, быў мой сябар Андрэй Вашкевіч. Прафэсійны гісторык, малады краязнаўца дый папросту свабодны чалавек, ён з горыччу пазіраў на сваіх калегаў, якія замест чысьціні сумленьня выбралі Піліпавыя каноплі. І штодня прыходзіў на Плошчу, разьбіраў завалы, размаўляў з будаўнікамі й мінакамі, пісаў артыкулы, фатаграфаваў, рыхтаваў звароты ў шматлікія дзяржаўныя інстанцыі з заклікам спыніць злачынствы.
І сёньня, блукаючы па Горадні, ня цяжка знайсьці наступствы выбару як Андрэевага, гэтак і маўклівых піліпаў.
Зрэшты, чаму толькі іх. І майго, і вашага выбару сьляды там таксама абавязкова знойдуцца. Дый ня толькі там…
Па вяртаньні з чарговага падарожжа сустрэўся зь сябрам каля гарадзенскага Старога Замку. Сядзелі на абкошаным схіле гары ды пазіралі з-пад аблокаў долу на срэбраны Нёман.
– Ты ведаеш, я зноўку заблытаўся. Раней мне Горадня была важная з-за сваёй гісторыі, архітэктуры, легендаў. Пазьней, калі я жыў за мяжой, найперш вяртаўся сюды да блізкіх мне людзей. Затым я пачаў вяртацца сюды, каб пабыць у самоце, паблукаць па гарадзенскіх ускраінах. А зараз… А зараз я зусім заблытаўся, дзеля каго ці чаго вяртаюся. Горадню панішчылі, сябры пазьяжджалі. І ўжо ня ведаю, што ж для мяне сёньня – Горадня. Разумееш?..
Мы сядзелі моўчкі яшчэ нейкі час. Сонца казытала ў носе. Маленькія травінкі марудна, але ўпарта прабіваліся церазь сваіх пасечаных суродзічаў. Долу віраваў нястомны Нёман. Жыцьцё працягвалася. Калі ўжо зьбіраліся сыходзіць, Андрэй павярнуўся да мяне й ціха ўсьміхнуўся:
– Горадня – гэта мы з табой…
Зрабіць выбар і быць свабодным – зусім ня цяжка. Гэта можа кожны. Папросту трэба спытаць самога сябе: ці сапраўды я хачу гэтага?
І зрабіць слушны выбар.