У “Доме літаратара” Вольга Іпатава, Янка Саламевіч, Аляксандар Фядута

Дом літаратара

Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 15 жніўня





КНІГАПІС

КНІГА НЕ ГУЧЫЦЬ: ЛІСТ ВІКТАРУ ШАЛКЕВІЧУ


Вiктар Шалкевiч. Блюз Вясна: Песьнi і вершы. – Бібліятэчка часопіса “Дзеяслоў”, –Мэдысонт, 2009.

Аляксандар Фядута
Памятаю, я прыехаў у Горадню з толькі што выдадзеным “Паэтычным аглядальнiкам”, і мы з Шалкевічам пайшлі адзначаць выхад кнігі ў нейкі драўляны зруб не памятаю на якой вуліцы. Пілі мы мала. Здаецца, па тры чарачкі каньяку. Шалкевіч сказаў мне тады: “Ніхто пра мяне яшчэ так не пісаў – як пра паэта”… І мы выпілі яшчэ па адной. І яшчэ па адной. І паразмаўлялі.

Прабач мне, Віця. Я ізноў скажу тое, што думаю. Ты – добры паэт. І я вельмі хацеў патрымаць у руках тваю кніжку. Але калі яна выйшла, я зразумеў, што тады, у сваім артыкуле “Блазен Гасподні”, я дапусьціў памылку. І ты дапусьціў памылку.

Ёсьць паэты-песеньнікі. Да іх – патрабаваньні асаблівыя, дакладней, поўная іх адсутнасьць. Сэнс у іхных песьнях саступае месца музыцы, і якое-небудзь «тра-ля-ля» разьнясецца потым па ўсім сьвеце, прыносячы грошы і папулярнасьць. Гэткі Мікалай Дабранраваў, якім спрабуюць замяніць усіх беларускіх паэтаў на “Славянскім базары”.

А ёсьць паэты, якія сьпяваюць. Гэта тыя, хто ня ўмее граць на гітары. Хто бярэ свае тры акорды – і яго панесла на хвалях уласных радкоў. Для яго гэта проста форма публічнага выкананьня сваіх вершаў. Гэткі Булат Акуджава.

Віця, ты – ні тое, ні другое. Ты – актор і драматург, які сьпявае. І калі я прачытаў тваю кнігу, я зразумеў, чаго ў ёй не хапае. У ёй не хапае твайго голасу, Віця. Вясёлага і сумнага адначасова. Там ёсьць твой сарказм, але ён бяз смутку – застаюцца толькі “жлобская нацыя” да “злавесная цень Пазьняка” ў “Песьні пра таварыша Сапегу”. Не хапае тваіх вачэй, якія вось-вось заплачуць над лёсам “дзяўчынкі Камінскай Е.”. Не хапае твайго носа, які родніць цябе зь Сырано дэ Бэржэракам.

Спэктаклю не хапае. Шалкевіча трэба бачыць і чуць – гэта робіць цябе фэнамэнальным, непаўторным. Альбо хоць бы чуць. Таму што я ўстаўляю ў кампутар любы з тваіх дыскаў, і ён, кампутар – тупая груда жалеза і плястмасы – пачынае рагатаць і плакаць разам са мною.

Паэзія – гэта мастацтва знаходзіць водгук. Усю тваю самоту адчуюць толькі тыя, хто чуў цябе жыўцом або ў запісе. Хто тваю інтанацыю проста прыгадае, трымаючы ў руках гэтую невялікую, выкшталцона (як і ўсё, што аздабляе мастак Генадзь Мацур) зробленую кніжачку. Для тых, хто чуў Шалкевіча, зразумела, што азначае:

Наляцелi партызаны –
Оу-оу-оу!
Патапталi круасаны –
Оу-оу-оу!


Але калі адключыць гук, які чуе твой слухач-чытач, то застаюцца – несучы ўласны рытм і ўласны сум, увасобленыя ў словах і радках, а не ў мэлёдыі й голасе, – усяго некалькі вершаў. Гэта – “За сто крокаў да Вострай Брамы” – ледзьве не адзіны выпадак, калі выкананы табой пад музыку верш мае самастойную каштоўнасьць на паперы. Гэта – “Наш бедны вясковы Бог…”, верагодна, я проста ня чуў, як ты яго сьпяваеш. І хоць я чытаў яго разоў трыццаць ў паэтычнай анталёгіі “Краса і сіла”, ён уражвае мяне да гэтай пары сваёй прастатой і абсалютнай натуральнасьцю. Уласна кажучы, я і купіўся на гэты твой верш, калі пісаў пра цябе артыкул “Блазен Гасподні”.

І, здаецца, усё. Я хацеў яшчэ назваць “Верш на Свабоду”, але тут успомніў, як ты яго чытаеш на ўласным дыску, і гэта мяне спыніла. “Верш…” прайграе без твайго голасу яшчэ больш, чым, скажам, мая любімая песьня пра сьвятога Мікалая. Любая спроба прачытаць гэты верш кім-небудзь другім, зразумела, пацерпіць фіяска. Паўтарыць яго ня ўдасца, можна толькі спаганіць тэкст. Але вось падпяваць табе – так! Для гэтага кніжка можа спатрэбіцца. Праўда, тут ужо незразумела, ці хацеў ты, каб яна стала гэткім сабе папяровым прыдаткам для караоке.

Меньш за ўсё я хацеў цябе пакрыўдзіць, Віця. Гаворачы тваімі ж словамі, не зьбіраўся я “ўвалiць нашай ёлачцы пад самы карашок”. Рэдка да каго зь беларускіх паэтаў я адношуся гэтаксама добра, як да цябе. Ну, можа, да Някляева яшчэ – але ён другі, ён, на шчасьце, не сьпявае. А цяпер я скажу табе камплімэнт, Віця. У мяне ёсьць такое адчуваньне, што такім, як ты, унікумам быў любімы мною Вярцінскі. Не Анатоль Ільіч, а Аляксандар Мікалаевіч, – ты ведаеш, пра каго я кажу. Я не магу чытаць ягоныя вершы без раздражненьня. Але калі слухаю яго – я плачу. Нічога тут не паробіш. Сэнтымэнтальны чалавек. Нават трохі філёляг.

І другі камплімэнт. Твая кніжка – безумоўна, выдатны камэрцыйны праект. Ізноў-такі, разьлічаны на тых, хто ўжо ведае пра тваё існаваньне й пра тое, які ты ў жыцьці. Такіх, думаю, добрых дваццаць адсоткаў дарослага насельніцтва краіны. Гэта сур’ёзны электарат, Шалкевіч! І сур’ёзны кніжны рынак! Ты можаш быць упэўнены: твая кніжка зойме сваё месца ў маёй бібліятэцы. Але наступным разам, калі ласка, запішы лепш свой новы дыск. Магчыма – відэа ўласнага канцэрту. І я буду плакаць кожны дзень, чуючы ў тваім выкананьні, што “ў Гароднi дождж…”

Гэтая песьня – быццам плач па горадзе, які страчвае кожны гарадзенец, што прызямляецца ў сталіцы. Я слухаю, як ты сьпяваеш яе, і мне хочацца вярнуцца ў драўляны шынок поруч са старым кінатэатрам, выпіць з табой па чарчыне каньяку… І яшчэ па адной… І яшчэ… І прасьлязіцца з нагоды таго, што мы самі старэем, а ўлада застаецца хамскай, нацыя жлобскай, і сьнід наступае, а дурненькія дзеці адпусьцілі маскаля, нават не перафарбаваўшы яго ў бел-чырвона-белыя колеры.

А калі б перафарбавалі, Віця, – што б ад гэтага зьмянілася? І ці можа што-небудзь, у прынцыпе, зьмяніцца? Бо ж усё роўна (і мы абодва пра гэта ведаем): “У Гароднi дождж…”

Аляксандар Фядута



ЛІТПОШУКІ

ЯНКА САЛАМЕВІЧ: “МНОЮ РАСШЫФРАВАНА 20 000 ПСЭЎДАНІМАЎ”


У кніжнай сэрыі Беларускага Інстытуту навукі й мастацтва рыхтуецца да друку ўнікальны “Слоўнік беларускіх псэўданімаў і крыптанімаў” у 3 тамах. Ягоны аўтар – дасьледчык Янка Саламевіч, які амаль паўстагодзьдзя займаецца выяўленьнем і расшыфроўкай літаратурных імёнаў айчынных творцаў. З адзіным у Беларусі адмыслоўцам у галіне гетэраніміі сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадар Янка, у далёкім ужо 1983 годзе выйшла першае выданьне вашага “Слоўніка беларускіх псэўданімаў і крыптанімаў”. І ўвесь гэты час вы працягвалі сваю дасьледчыцкую працу. Наколькі новы слоўнік будзе адрозьнівацца ад папярэдняга?”

Янка Саламевіч
Янка Саламевіч:
“Іх нават параўноўваць нельга! У слоўніку, які выйшаў 25 гадоў таму, было толькі 4000 псэўданімаў і крыптанімаў (без чатырох) расшыфравана, а ў новым – больш чым 20 000! Вядома ж, я баюся, што ў такім аб’ёме інфармацыі могуць праскочыць якія-небудзь памылкі, бяз гэтага наўрад ці абыдзесься. Пачаў я расшыфроўваць псэўданімы, калі ў мяне нарадзіўся сын Саша, дык вось, яму ў гэтым годзе будзе ўжо 48 гадоў. Амаль паўстагодзьдзя я ўжо гэтым займаюся. Неяк Анатоль Бутэвіч пажартаваў, маўляў, у вас няма канкурэнтаў, бо такой няўдзячнай работай ніхто ня будзе займацца”.

Скобла: “Ці ахвотна беларускія пісьменьнікі расстаюцца з таямніцамі сваіх літаратурных імёнаў?”

Саламевіч: “Па-рознаму бывае. Зь цягам часу лепш відаць, хто дзе схлусіў, хто што забыўся, дзе я сам нешта ўпусьціў. Прывяду адзін прыклад. Адказаў неяк на мой запыт Пімен Панчанка і паведаміў, што ён пасьля вайны падпісаўся ў “Вожыку” псэўданімам Янка з-пад Ганцавіч. Трэба было праверыць, ці праўда? Стаў я капацца ў “Вожыку” – знаходжу ў нумары за 1946 год, але ня Янку з-пад Ганцавіч, а Якуба Конаўку з-пад Ганцавіч. Двойчы гэткім імем Панчанка падпісаўся. Вядома ж, столькі гадоў прайшло – дзіва, што галава не ўтрымала. Я ў сваім слоўніку 1983 году злавіў толькі некалькі памылак. Максім Лужанім мне сказаў, што Кузьма Гіра – гэта Антон Бялевіч. Бялевіч памёр у 1978 годзе, а Кузьма Гіра працягваў друкавацца, прыкладам, у “Дні паэзіі-86”. Аказалася – гэта псэўданім Анатоля Вялюгіна.

Скобла: “Партугальскі паэт Фэрнанда Пэсоа ледзь ня кожны новы цыкль вершаў падпісваў ня толькі новым псэўданімам, але і прыдумваў “новаму паэту” ўласную “біяграфію”. І такіх “творцаў” ён пусьціў на сьвет каля 30. А каго зь беларускіх пісьменьнікаў можна лічыць рэкардсмэнам па колькасьці ўжытых псэўданімаў?”

Саламевіч: “Відаць, такім рэкардсмэнам можна лічыць Цішку Гартнага, у яго больш за 130 псэўданімаў. У той час, калі ён пачынаў друкавацца, па-беларуску мала хто пісаў. Як сказала цётка Ўладзя (Уладзіслава Францаўна Луцэвіч), усю тагачасную беларускую літаратуру можна было пасадзіць на адной канапе. І Гартны, калі стаў выдаваць у 1916 годзе ў Петраградзе газэту “Дзяньніца”, фактычна, запаўняў яе старонкі сам. Але ж ня мог ён падпісвацца пад кожным матэрыялам Цішка Гартны, дык ён прыдумваў што заўгодна: і Капылянін, і Мужык…

Скобла: “У гісторыі вядомай Ганкураўскай прэміі быў адзіны выпадак, калі яе двойчы атрымаў адзін і той жа пісьменьнік. Аднойчы – пад сапраўдным прозьвішчам, як Рамэн Гары, а другім разам – як Ажар (гэты быў ягоны псэўданім). А ці быў у беларускай літаратуры выпадак, каб псэўданім спрычыніўся да нейкіх сур’ёзных містыфікацый?”

Саламевіч: “Такіх выпадкаў было шмат. Псэўданім – гэта ж імя, за якім хаваецца аўтар. І ён павінен хавацца так, каб ніхто ня ведаў. Самы вядомы прыклад – аўтар “Сказу пра Лысую гару”. Пакуль Ніл Гілевіч не прызнаўся, што гэта ён напісаў, – ніхто ня ведаў, хто ж ён, таямнічы аўтар. Каго толькі ні называлі… Прывяду вам яшчэ адзін прыклад, з ХVІІ стагодзьдзя. У 1610 годзе Мялеці Сматрыцкі выдаў свой “Трэнас”, выдаў пад псэўданімам Тэафіл Артоляг. Калі б ён падпісаўся сваім сапраўдным прозьвішчам, яго галава паляцела б адразу. Кароль Жыгімонт ІІІ, калі выйшаў “Трэнас”, забараніў яго прадаваць і купляць. Гандляру ці купцу пагражаў шалёны штраф – 5000 чырвоных залатых. Такіх грошай ня меў нават князь. Карова на той час каштавала 2 залатых. Друкар забароненай кнігі Лёнгін Карповіч не раскрыў, хто такі Тэафіл Артоляг, і зарабіў за гэта два гады астрогу”.

Скобла: “А якія псэўданімы вам доўга не ўдавалася раскрыць?”

Саламевіч: “Такіх вельмі многа. Доўгі час я ня мог высьветліць, хто такі Васіль Кроква. Распытваў я шмат каго, лісты пісаў… І раптам вечарам мне дахаты – званок. Звоніць зь Беластоку Алесь Козік, ён жа Алесь Аркуш, і кажа, што Васіль Кроква – гэта ягоны псэўданім. І даў мне яшчэ адзін свой псэўданім – Гурба”.

Скобла: “Маладыя літаратары часам выкарыстоўваюць псэўданімы-псэданімбы. Напрыклад – Анка Упала. Як вы да такіх творцаў ставіцеся?”

Саламевіч: “Гэта іх права – падпісвацца так, як ім хочацца. Формы псэўданімаў бываюць розныя. Скажам, цяпер пайшла мода ў сярэдзіне імя пісаць вялікія літары: ЛідзіАна, ці ЯнАк. Ну, ЯнАка я рассакрэціў, гэта сын барда Эдуарда Акуліна”.

Скобла: “Чаму ваш слоўнік выдаецца за межамі Беларусі? Няўжо ніводнае айчыннае выдавецтва ім не зацікавілася?”

Саламевіч: “Менскія выдаўцы хочуць, каб ім давалі грошы, а дзе я тыя грошы вазьму, калі я “голы” пэнсіянер? Мне нават ганарару ня плацяць многія. Як некалі нябожчык Янка Курбека казаў: “Які дурань будзе працаваць дарам?” Я ўжо быў зусім упаў у адчай. Думаю, памру, дык уся мая праца пойдзе на сьметнік. Але тут падахвоціўся дапамагчы Юрась Гарбінскі, які жыве й працуе ў Варшаве. І вось, дзякуючы найперш яму, першы том мае выйсьці яшчэ сёлета. Найцяжэй будзе з трэцім томам, там будзе паказальнік, а ў паказальніку трэба падаць дакладна: колькі ў каго крыптанімаў, колькі ў каго псэўданімаў. 5-6 – гэта яшчэ ня страшна, а калі 100, а калі 130? Але праца над слоўнікам нарэшце завершаная”.


АЎТАР І ТВОР

ВОЛЬГА ІПАТАВА: “ПАЭТКА-ЛЯГЕРНІЦА ЯЎГЕНІЯ ШАСТАК ПАВІННА ЗАСТАЦЦА Ў ГІСТОРЫІ ЛІТАРАТУРЫ”


Яўгенія Шастак
Не пасьпеў аціхнуць розгалас вакол містыфікаванай гулагаўскай паэткі Лесі Беларускі, як у “Дом літаратара” зьвярнулася пісьменьніца Вольга Іпатава з прапановай расказаць пра невядомую паэтку Яўгенію Шастак. Гэтае імя згадваецца на старонцы 170 “Споведзі” Ларысы Геніюш: “Было там некалькі жанчын, і адна зь іх, Жэня Шостак, ведала мяне з прэсы. Яна заапекавалася мною, памыла мяне, дала пад’есьці…” Жыцьцяпіс Яўгеніі Шастак разам з Вольгай Іпатавай паспрабавала аднавіць наша карсэпандэнтка Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадарыня Вольга, я ў інтэрнэце знайшла малюсенькую згадачку пра Яўгенію Шастак у сьпісе выпускнікоў Віленскай Беларускай гімназіі. Там напісана, што яна нарадзілася 27 красавіка 1922 году ў вёсцы Запольле на Наваградчыне (цяпер Карэліцкі раён). У 1939-м скончыла Віленскую Беларускую гімназію. Удзельнічала ў Другім Усебеларускім кангрэсе. Арыштавана ў 1948 годзе, калі была студэнткай чацьвёртага курса Мэдінстытуту. Засуджаная да дваццаці пяці гадоў зьняволеньня. Пакараньне адбывала ў Кінгірскім лягеры. Пасьля вызваленьня ў 1958 годзе была залічаная на чацьвёрты курс Мэдінстытуту. Працавала лекаркай ў Наваградку. Там пражыла да самай сьмерці 20 лістапада 1998 году. Вось некалькі скупых біяграфічных радкоў пра Яўгенію Шастак. А што вам вядома пра гэтую невядомую беларускую паэтку?”

Вольга Іпатава
Вольга Іпатава:
“Я часта выступала ў Наваградку, там, дзе некалі я пайшла ў першую клясу, і там, дзе пахаваная мая мама. З гадамі я стала заўважаць, што падчас гэтых літаратурных выступленьняў заўсёды ў першым радзе сядзіць адна жанчына і вельмі ўважліва слухае. Але яна ніколі не падышла да мяне. Пасьля выпадкова я ўбачыла здымак гэтай жанчыны сярод былых вязьняў палітлягероў. Я адразу яе пазнала. І калі я пачала даведвацца, хто гэта, мне сказалі, што гэта Яўгенія Шастак, лекарка. Я, нарэшце, знайшла яе тэлефон. Але калі я патэлефанавала і папрасіла Яўгенію Шастак да тэлефона, то мужчынскі голас мне сказаў: “Жэня памерла”. Я разьмінулася зь ёю ўсяго на два месяцы. Я прыйшла ў яе дом, у якім мяне сустрэў яе муж, таксама былы вязень Яўген Усюкевіч. І ён мне пра яе расказваў”.

Аксак: “Пра паэтычную спадчыну Яўгеніі Шастак няма нідзе ніякай згадкі. У цытаваным ужо сьпісе выпускнікоў Віленскай Беларускай гімназіі яна названа грамадзкай дзяячкай, за што і пацярпела. Як вы даведаліся, што Яўгенія Шастак пісала вершы?”

Іпатава: “Пра гэта мне сказаў яе муж. Зь яго успамінаў, дакумэнтаў, якія ён мне даверыў, успамінаў пра яе былых вязьняў узьнік вобраз мужнай беларускай патрыёткі, чалавека незвычайнай дабрыні, шчырага і вялікага сэрца. Калі ён сказаў, што Жэня пісала вершы, то я спыталася, дзе ж яны? Ён адказаў, што ў нейкую хвіліну адчаю яна ўсе іх зьнішчыла. Але так сталася, што два вершы, якія ад яе засталіся, захаваліся ва ўспамінах людзей, якія яе ведалі. І, па сутнасьці, сёньня мы ведаем толькі гэтыя два вершы, напісаныя ў Кінгірскім лягеры, і прысьвечаны ёй верш наваградзкага паэта Самсона Пярловіча. Але яе памятаюць. Нават сёньня, калі я тэлефанавала ў Наваградак, каб удакладніць перад перадачай некаторыя дэталі, увесь час трапляла не на той нумар і ўрэшце папрасіла спраўдзіць мне нумар мужа Яўгеніі Шастак. І жаночы голас адказаў: “Гэта ж наша дарагая доктарка”. І праз пяць хвілінаў яна мне дала правільны нумар. Яе памятаюць дасюль, хоць ужо прайшло адзінаццаць гадоў, як яна памерла. І вершы Яўгеніі Шастак – не містыфікацыя. Гэта вершы сапраўды рэальнай асобы”.

Аксак: “Вось-вось… пра містыфікацыю. Наша гаворка адбываецца неўзабаве пасьля таго, як пісьменьніца Валянціна Коўтун прызналася ў інтэрвію нашаму радыё, што яна зьмістыфікавала цэлую кніжку паэткі Лесі Беларускі. Не хацелася б зноў падобных рэчаў… Ці сапраўды гэтыя вершы належаць Яўгеніі Шастак?”

Іпатава: “Даводзіцца спадзявацца толькі на памяць тых людзей, якія ведалі Яўгенію Шастак, якія данесьлі тыя вершы да нас у сваёй памяці. Мне здаецца, што ў дадзеным выпадку містыфікацыі проста ня можа быць ад людзей, якія побач зь ёй былі ў зьняволеньні. Да таго ж, я чытала пра яе вершы ва ўспамінах таксама былой зьняволенай Вэранікі Катковіч, і ў тых успамінах ёсьць фота Яўгеніі Шастак з мужам. Чытала і іншыя сьведчаньні людзей, якія былі зь ёй у лягеры. Так што я ня думаю, што тут нейкая містыфікацыя. Прынамсі, я гэтыя вершы не пісала”.

Вольга Іпатава чытае адзін з вершаў Яўгеніі Шастак:

“Маліся, матуленька, Богу
І шчыра яго папрасі,
Каб зьнішчыў на сьвеце астрогі
І зло сярод люду згасіў.

Каб ненавісьць, зайздрасьць і зьдзекі
Расталі, як сьнег на вясну,
А брацтва і воля навекі
Сталі нам явай, ня сну.

Яшчэ за мяне памаліся,
За арыштантку сваю.
Ня жалься, матуля, ня крыўдзься,
Што песьні табе не сьпяю.

Ня выйду я летам у поле,
Ня стану з табой за сярпом,
Ня ўбачыш мяне ты ніколі,
Бо ўсюды за мною канвой.

Далёка халодная Поўнач,
І ціха шуміць там тайга,
А люду нявольнага поўна,
Злы лёс пазганяў іх туда.

Зьвініць ланцугамі пакутна
Ды стогне у муках народ,
Сын бацьку ўсьміхаецца смутна,
Сыбір п’е крывавы іх пот”.


Аксак: “Вы ўпэўненыя ў аўтарстве гэтага верша?”

Іпатава: “Ну, калі нехта скажа, што ён – аўтар, то хай ён прыйдзе на ваша радыё і заявіць пра свае прэтэнзіі. Але я ўпэўненая ў аўтарстве Шастак. Тым больш, што ёсьць людзі, якія гавораць, што верш прысьвечаны іхняй дачцэ. Згаданая ўжо Вэраніка Катковіч таксама нарадзіла дачушку ў лягеры, і другі верш якраз і прысьвечаны дзяўчынцы, якой споўніўся годзік у лягеры Кінгір:

“Дачушка мая дарагая,
Адзіная радасьць мая,
Ты мара, каханьне, ты смутак парою,
З табой гаравала і я.

З табой мы хадзілі дваіх на дапросы,
З табой паглядалі на неба з-за крат
І прагна лавілі мы сонца за косы,
Калі на прагулку вадзілі у сад.

Ў мінуту цярпеньня, тугі і адчаю,
Як сьлёзы цяклі, што ручай,
Як болем душа напаўнялась да краю,
Дзіцё, ты прамовіла маме: дай-дай!

Так, сьвежыя ў памяці прошлыя ночы,
Халодныя ў поезьдзе восені дні,
Турма, падарожжа і лягер жаночы,
Дзіцячыя ясьлі, і Люсенька сьпіць.

Ты птушкаю вольнай адсюль паляцела,
А я засталася ў няволі тужыць.
Дай Бог табе долі, здароўя і сілы,
І доўгія годы шчасьліва пражыць.

Дай Бог найхутчэй дачакаць той хвіліны,
Каб татка і мама вярнуліся зноў,
Каб ты не расла, як у полі быліна,
Каб воля і радасьць служылі нам зноў!

Ці ж выказаць можа ўсім сэрцам матуля
Свайму дзіцятку жаданьне заўжды?
Ці згінуць прыйдзецца нявінна ў няволі?
Ці прыйдуць шчэ сьветлага шчасьця гады?”


Іпатава: “Вось я адчуваю па рытміцы, што некаторыя радкі па памяці аднаўляліся, яны выпадаюць з агульнага рытму харошага верша. Можа быць, нехта яшчэ памятае вершы Яўгеніі Шастак, няхай ён адгукнецца. Мне вельмі хацелася б, каб імя паэткі, настаўніцы і лекаркі Жэні Шастак засталося ў гісторыі беларускай літаратуры. Я хачу ў памяць аб ёй прачытаць страфу зь верша Самсона Пярловіча, які таксама быў вязьнем сталінскіх лягероў. Ён узгадвае Яўгенію Шастак побач з Ларысай Геніюш:

“З Ларысай Геніюш за далеччу чужой,
У зьдзеклівай пакутнай паняверцы
Дзяліліся ахвярнаю душой
І Беларусі аддавалі сэрцы”.


Аксак: “Гэтыя строфы спадара Пярловіча пацьвярджаюцца дакумэнтамі, якія вы прынесьлі сёньня ў студыю. Гераіня нашай сёньняшняй перадачы не рэабілітаваная, як і Ларыса Геніюш”.

Іпатава: “Так, ёй было адмоўлена ў рэабілітацыі. Прычым, інкрымінавалі ёй у ліку іншага і такое: “Как член БНС (Беларуская нацыянальная самапомач – рэд.) принимала участие в постановке антисоветских пъес”. Але Яўгенія Шастак змагла, нягледзячы на адсутнасьць рэабілітацыі, аднавіцца ў Мэдінстытуце, хоць і ня зь першай спробы, пра што таксама ёсьць дакумэнты, скончыць яго і стаць лекарам зь вялікім чалавечым сэрцам”.