Масква шантажуе беларускія ўлады?

Сёньня старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сустрэўся ў Маскве з кіраўніком камітэту ў справах СНД і суайчыньнікаў Дзяржаўнай думы Расеі Аляксандрам Астроўскім.

Ініцыятыва гэтай размовы сыходзіла ад расейскага парлямэнтара. І Аляксандар Астроўскі, і Анатоль Лябедзька катэгарычна адмовіліся камэнтаваць сваю сустрэчу. Яны патлумачылі, што гэта адна з умоваў іхнага дыялёгу.

Сёньняшняя размова ў старшыні думскага камітэту з апазыцыйнымі беларускімі палітыкамі ўжо трэцяя за апошнія 10 дзён. Раней ён прымаў у сьценах расейскага парлямэнту былога палітвязьня і кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Казуліна, і старшыню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Ляўковіча. Апошні зазначыў Свабодзе пра зьмест гутаркі:

“Галоўнае пытаньне — гэта дачыненьні Беларусі і Расеі, Беларусі і Эўразьвязу”.

Кіраўнік аддзелу Беларусі маскоўскага Інстытуту краін СНД Аляксандар Фадзееў падкрэсьлівае: даволі працяглы час дзьверы афіцыйных маскоўскіх кабінэтаў былі для беларускіх апазыцыянэраў зачыненыя. Чаму ж цяпер сытуацыя зьмянілася, чаму такія візыты сталі магчымымі? Маскоўскі палітоляг адзначае:

“Яны, мабыць, тлумачацца складанасьцю і напружанасьцю ў расейска-беларускіх дачыненьнях. І натуральна, што хацелася б і дэпутатам, і прадстаўнікам расейскай палітычнай эліты мець кантакты ня толькі з чыноўнікамі адміністрацыі Лукашэнкі, але і з шырэйшым колам палітычных сіл і арганізацый, якія дзейнічаюць у Беларусі”.

Андрэй Фёдараў, палітоляг зь Менску, лічыць такімі сустрэчамі Масква падае Менску нейкія сыгналы:

“Але, хутчэй, не апазыцыі, а беларускай уладзе. Ён спрабуе напалохаць — калі афіцыйны Менск будзе і надалей паводзіць сябе так, як апошнім часам, то мы паспрабуем знайсьці нейкае іншае апірышча ў вашай краіне. І ня будзем, напрыклад, падтрымліваць дзейнага кіраўніка беларускай дзяржавы на бліжэйшых прэзыдэнцкіх выбарах. Але я не ўспрымаў бы гэта ўсур’ёз. Ніякай сур’ёзнай падтрымкі апазыцыі, я ўпэўнены, з боку Масквы ня будзе. Гэта проста нейкая спроба шантажу”.

Дэпутат Дзярждумы Аляксандар Астроўскі ўваходзіць у Лібэральна-дэмакратычную партыю Расеі. Аляксандар Фадзееў раіць глядзець на фігуру спадара Астроўскага найперш як на кіраўніка думскага камітэту:

“Статус старшыні камітэту Дзяржаўнай думы даволі высокі. Усе пра гэта ведаюць. І натуральна, што такія сустрэчы зьяўляюцца сустрэчамі на высокім узроўні. І таму яны цікавяць. І ў гэтым сэнсе, я думаю, вынік ад іх будзе”.