Вернікі менскай пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё” аднагалосна прынялі рашэньне не аддаваць свой храм гарадзкім уладам. Яны зьвяртаюцца ў міжнародныя структуры з просьбай дапамагчы ім адстаяць будынак.
Вернікі абвінавачваюць улады ў парушэньні Канстытуцыі. Паводле судовага рашэньня яны могуць заставацца ў будынку не пазьней за 20 жніўня.
Пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка паведаміў “Свабодзе”, што вернікі самастойна не пакінуць свой храм.
“Тысячы лістоў прышлі ў адміністрацыю прэзыдэнта ад розных людзей, ад беларускай і міжнароднай грамадзкасьці, пастары іншых суполак прасілі за нас. Калі столькі людзей просяць чалавека, а ён усё роўна перасьледуе сваю мэту, то гэта сьведчыць аб яго вялікай пыхлівасьці. Мы адсюль ня сыдзем. Сваімі нагамі мы ня выйдзем”.
Нагадаем: 14 жніўня вернікам-пратэстантам суполкі “Новае жыцьцё” судовыя выканаўцы ўручылі распараджэньне пра тое, што, паводле рашэньня Вышэйшага гаспадарчага суду, яны мусяць вынесьці сваю маёмасьць і да 21 жніўня пакінуць храм (былы калгасны кароўнік на ўскрайку Менску).
Сваімі нагамі мы ня выйдзем.
Яшчэ ў 2005 годзе гарадзкія ўлады пазбавілі вернікаў зямельнага надзелу, а потым і будынку. У якасьці кампэнсацыі за будынак плошчай 1 700 квадратных мэтраў ім прапанавалі 37 з паловай мільёнаў рублёў (каля 16 000 даляраў).
У 2006 годзе вернікі “Новага жыцьця” трымалі галадоўку, да якой далучыліся пратэстанты іншых суполак. Тады пастара царквы выклікалі ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і папрасілі спыніць галадоўку, паабяцаўшы ў судзе вырашыць на карысьць вернікаў усе спрэчныя пытаньні.
Судовыя працэсы цягнуліся тры гады, і ўрэшце суд адмовіў вернікам па ўсіх пазыцыях.
Тым часам вернікі “Новага жыцьця”, якіх больш за тысячу чалавек, зрабілі ў храме аўтаномныя камунікацыі і новы рамонт.
Юрыст царквы Сяргей Луканін лічыць, што пасьля таго як вернікаў пазбавяць будынка, юрыдычна ліквідуюць і саму суполку.
“Паколькі мы не змаглі абараніць нашы правы ў сваёй краіне, мы цяпер зьвяртаемся ў міжнародныя структуры і дыпмісіі. Рашэньні ня толькі незаконныя, але й не адпавядаюць здароваму сэнсу. Мы зарэгістраваная суполка і маем гэты будынак. Калі ўлады пазбавяць нас будынка, то наступным крокам уладаў стане ліквідацыя нашай суполкі.
Мы набылі свой будынак, а не захапілі яго гвалтам. Мы адрамантавалі яго за свае грошы і ўклалі ў гэты будынак і сваё сэрца. Мы не аддамо яго, бо лічым усе дзеяньні ўладаў у гэтым кірунку незаконнымі”.
Упаўнаважаны ў справах рэлігіі Леанід Гуляка адмовіўся пракамэнтаваць сытуацыю “Свабодзе”, спаслаўшыся на занятасьць.
Ад 2002 году, калі пачаў дзейнічаць новы закон аб рэлігіі, у судах зьліквідавалі некалькі пратэстанцкіх суполак. За так званыя несанкцыянаваныя набажэнствы пастараў каралі штрафамі і арыштамі.
Лічым усе дзеяньні ўладаў у гэтым кірунку незаконнымі.
Суполка “Новае жыцьцё” належыць да хрысьціян поўнага Эвангельля, як і яшчэ тры найбуйнейшыя пратэстанцкія супольнасьці — баптысты, пяцідзясятнікі і адвэнтысты Сёмага дня. Пяцідзесятнікі і хрысьціяне поўнага Эвангельля вызначаюцца тым, што яны ў часе малітвы могуць гаварыць на іншых, ці так званых “анёльскіх”, мовах.
Паводле вернікаў, гэта звышнатуральная зьява, апісаная ў Бібліі як дзеяньне Святога Духа праз чалавека. Бывалі выпадкі, калі чалавек гаварыў на замежнай мове, якой сам ня ведаў. Вернікі тлумачаць гэта тым, што такім чынам Сьвяты Дух моліцца за чалавека, што гэта адзін з дароў Сьвятога Духа.
У царкве “Новае жыцьцё” больш моладзі, чым у іншых суполках. Хрысьціяне поўнага Эвангельля не прытрымліваюцца аскетызму і вераць, што Божы цуд адбываецца ў звычайным жыцьці. Яны лічаць, што Бог дае вернікам фінансавы дабрабыт ды іншыя рэчы, каб жыцьцё было больш камфортным.