Свая валюта бліжэй да цела

Уладзімер Бараніч

Калі глядзець на навіны з пункту гледжаньня звычайнага абывацеля (у нэўтральным сэнсе гэтага слова), то навіною нумар адзін на сёньня застаецца любая інфармацыя пра курс замежных валютаў у адносінах да беларускага рубля.
Толькі пасьля гэтага ў людзкой табэлі аб рангах ідуць навіны пра кошты на тавары, памеры зарплатаў, памер базавай велічыні і такая малацікавая і амаль незразумелая для большасьці насельніцтва катэгорыя, як стаўка рэфінансаваньня. Як ні круці, але ад магічнага паказчыка з простай і зразумелай назвай “курс валютаў” залежаць і матэрыяльны дабрабыт, і душэўны спакой беларускага электарату. Калі дабрабыт насельніцтва беларускіх чыноўнікаў практычна не турбуе, то спакой электарату — катэгорыя стратэгічная, бо ад яго, у сваю чаргу, залежыць галоўны закон беларуса ў яго ўзаемаадносінах са сьветам: “Абы ціха было”. Таму ўлады прыкладаюць неверагодныя намаганьні, каб гэты спакой захоўваўся любым коштам.

Магія слова


Але паколькі па сваіх рахунках нашы чыноўнікі плаціць ня надта любяць (а апошнім часам, каб і захацелі, плаціць няма чым), то асноўным рычагом узьдзеяньня на такую мэтафізычную велічыню, як душэўны спакой, застаецца гэткі ж бесьцялесны інструмэнт — слова. У прынцыпе, тут нічога новага няма, многія братнія афрыканскія народы дагэтуль узьдзейнічаюць словам нават на больш рэчыўныя зьявы накшталт дажджу ці папуляцыі антылопаў. Магія слова, вядомая таксама пад назвай “заклінаньне”, трывала застаецца асноўным сродкам для дасягненьня пастаўленых задач у грамадзтвах, дзе натуральныя (прыродныя, фізычныя, эканамічныя, палітычныя і г.д.) законы спрабуюць замяніць ідэалягічнымі.

Галоўная задача магічнага красамоўства — супакоіць насельніцтва.
У прынцыпе, нашы людзі прызвычаіліся да гэтага яшчэ ў гады савецкай улады. Тады й ідэалёгія была больш ідэалягічная, і абсяг таго, на што трэба накіроўваць магічныя словы, быў ня ў прыклад шырэйшы за сёньняшнія часы. Сапраўды, хіба можна параўнаць стары лёзунг “Дагонім і перагонім Амэрыку!” з найноўшым “Купляйце беларускае!”? Як казалі старажытныя, зараз і труба ніжэйшая, і дым радзейшы. Таму галоўная задача магічнага красамоўства найноўшай эры больш прыземленая. А ў кантэксьце гутаркі пра валютныя курсы — вельмі канкрэтная: супакоіць насельніцтва, каб яно не пачало масава пазбаўляцца ад беларускіх рублёў шляхам абмену іх на замежную валюту.

Адзін раз ня лічыцца


Праблема толькі ў тым, што напярэдадні навагодняга “падарунку” ў выглядзе 20-адсоткавай дэвальвацыі рубля таксама шмат гаварылася пра стабільнасьць, непахіснасьць, плаўнасьць ды паступовасьць. Ажно атрымалася, як у той прыказцы: елі, пілі, весяліліся, а як працьверазелі — прасьлязіліся. Таму зараз даверу да красамоўных дзяржаўных прамоўцаў нашыя людцы ня маюць ні каліва. А тыя, быццам нічога ніякага, працягваюць сабе казаць тыя ж самы словы пра стабільнасьць фінансавай сыстэмы ды непахіснасьць нацыянальнай валюты.

Самая моцная спроба слоўнага наступу на фінансавым фронце была зроблена беларускімі ўладамі напрыканцы ліпеня, калі старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч даў вялікую прэс-канфэрэнцыю, дзе, сярод іншага, заявіў пра тое, што не чакае рэзкіх ваганьняў курсу беларускага рубля адносна даляра ЗША да канца году. Тады ён сказаў, што дэвальвацыі беларускага рубля да канца 2009 году больш ня будзе: “Цяпер ніякіх падставаў для дэвальвацыі няма. Усе казалі, маўляў, 1 ліпеня будзе дэвальвацыя. Ужо і 1 ліпеня прайшло. Таму ніякай дэвальвацыі ня будзе. Ніякіх павышэньняў ставак па крэдытах — больш, чым сёньня яны ёсьць — не чакаем. Наадварот, паступова, пакрысе пачынаем зьніжэньне”. Гэтыя словы былі растыражаваныя дзяржаўнымі і недзяржаўнымі СМІ і сталіся галоўным заклінаньнем стабільнасьці. А вось на тое, што на рэклямных плякатах звычайна пішацца ўнізе дробным шрыфтам, увагі амаль ніхто не зьвярнуў.

Раз на 11 гадоў можна і ашукаць.
А між тым кіраўнік галоўнага банку краіны публічна прызнаўся ў тым, што нейкая група асобаў пад агульнай назвай “мы” ашукала насельніцтва: “Адзін раз мы вас не папярэдзілі і засьпелі зьнянацку. Але гэта адзін раз за 11 гадоў. Адзін раз можна такое дазволіць з улікам такой надзвычайнай сытуацыі”. А як тады быць з абяцаньнем самога прэзыдэнта, дадзеным да таго: “Ніякага абвалу ня будзе… Што тычыцца беларускага рубля, то сытуацыю мы ўтрымаем… У нас назапашаныя пэўныя рэзэрвы, і мы іх выкарыстоўваем сёньня мала”. Або раз на 11 гадоў можна і ашукаць?

Дарэчы, на сайце Радыё Свабода ёсьць добрая падборка розных выказваньняў на тэму дэвальвацыі. Вельмі цікавае чытво.

Даляры, марачкі, расея


І каб толькі пра гэтае “зьнянацку” казаў галоўны банкір. Але ж каторым разам прагучала страшнае слова “дэдалярызацыя”. Яго вымавіць страшна, ня тое што асэнсаваць. Ну што яно кажа паспалітаму чалавеку? Толькі тое, што даляраў больш ня будзе. Сказаная ў гэтым кантэксьце фраза “раз і назаўсёды” толькі ўзмацняе падазрэньні гэтага самага чалавека, што яго зноў зьбіраюцца разьвесьці. І ўсялякія довады, што гутарка ідзе, маўляў, толькі пра валютныя крэдыты, успрымаецца выключна ў кантэксьце “ДЭ-”. А ўжо калі гучыць фраза, што робіцца гэта “ў інтарэсах насельніцтва”, то гэтае самае насельніцтва адразу прыгадвае, колькі ўжо такіх клопатаў было і як моцна яно, насельніцтва, ад іх пацярпела.

Ды што там далёкая ці блізкая гісторыя? Тут людзі не маглі зьняць свае кроўныя з крэдытных картак. Як напісала газэта “Белорусы и рынок”, “пацярпелі самыя даверлівыя”. А далей — болей. Нацбанк вырашыў яшчэ больш панізіць адсотак па дэпазітных валютных укладах, а затым і наагул вуснамі Паўла Калаура абвясьціў, што гэтыя самыя адсоткі — катэгорыя не абавязковая, і іх вяртаньне не гарантуецца. Словы ж пра тое, што дзяржава гарантуе захаванасьць усіх укладаў насельніцтва ў беларускіх банках, пасьля гэткіх заяваў ужо ніхто ня чуе. Тым болей што нашы калегі-журналісты адрэагавалі простым і зразумелым загалоўкам: “Укладчык застаўся без гарантый”. Спэцыялізаваны банкаўскі сайт select.by увогуле зрабіў яго сёньня навіною дня.

Усё, як кажуць, прыплылі. Далей што? Рэвалюцыйная экспрапрыяцыя? Нашы людзі гатовыя і да такога павароту падзеяў. Напрыклад, на папулярным форуме forum.onliner.by трывала застаецца ў топе тэма з красамоўнай назвай “Когда приостановят выдачу ВАЛЮТНЫХ вкладов в валюте? ПРОГНОЗ”. На момант набору гэтых радкоў колькасьць старонак у ёй была роўная 100.

Ну, а пакуль улады займаюцца слоўнай эквілібрыстыкай, людзі ўпарта абяртаюць свае працоўныя і непрацоўныя рублі ў замежную валюту. Нават калі яна афіцыйна зьнікне са звароту, то для насельніцтва вялікай бяды ня будзе. Зноў на вуліцах зьявяцца хлопцы-зухі ў спартовых штанах, якія будуць мармытаць пад нос амаль будысцкае заклінаньне: “даляры, марачкі, расея”, ці, дакладней, “даляры, эўрачкі, расея”.