Філіп Гордан будзе весьці перамовы ў Адміністрацыі прэзыдэнта

Філіп Гордан

“Плянуецца абмеркаваць увесь комплекс пытаньняў беларуска- амэрыканскіх адносінаў", - паведамілі Інтэрфаксу ў МЗС Беларусі.
Памочнік Дзяржсакратара ЗША па пытаньнях Эўропы і Эўразіі Філіп Гордан таксама правядзе перамовы з прадстаўнікамі Міністэрства замежных справаў Беларусі.

Гордан наведае Беларусь 14 жніўня.


Філіп Гордан
У траўні 2009 году Сэнат зацьвердзіў Філіпа Гордана на пасадзе памочніка дзяржсакратара ў справах Эўропы і Эўразіі. З 2000 па 2009 год Філіп працаваў старшым дасьледчыкам у дасьледным цэнтры Брукінгз. Да гэтага быў кіраўніком дэпартамэнту эўрапейскіх справаў ў Радзе бясьпекі ў адміністрацыі прэзыдэнта Біла Клінтана. Раней Філіп Гордан працаваў у дасьледных цэнтрах – Міжнародны інстытут стратэгічных дасьледваньняў (Велікабрытанія), Унівэрсытэт Джона Гопкінса (ЗША), Інстытут бізнэс-адміністраваньня (Францыя –Сінгапур), Нямецкае таварыства зьнешняй палітыкі. Гаворыць на францускай, нямецкай, італьянскай мовах. Аўтар шэрагу кніг і артыкулаў па пытаньнях міжнародных адносінаў і зьнешняй палітыкі, публікаваўся ў New York Times, Washington Post, International Herald Tribune і Financial Times.

30 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з амэрыканскімі кангрэсмэнамі: старшынём Хэльсінскай камісіі Кангрэсу Бэнджамінам Кардэнам, сэнатарамі Крысам Сьмітам і Дзікам Дэрбіным.

У той жа дзень, 30 чэрвеня, амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра вызвалілі з папраўчай калёніі Магілёва на падставе ўказу Лукашэнкі пра памілаваньне.

***

12 чэрвеня Прэзыдэнт ЗША Барак Абама на год прадоўжыў дзеяньне ўказа пра арышт уласнасьці “шэрагу асобаў, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі”, што знаходзіцца на тэрыторыі або пад юрысдыкцыяй ЗША.

Дачыненьні з ЗША былі сапсаваныя яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў. А ўвядзеньне санкцый супраць канцэрну “Белнафтахім” на пачатку 2008 году прывяло да дыпляматычнага канфлікту. Амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт вымушана была пакінуць Беларусь, а склад амбасады значна зьменшыўся. Амэрыканскі бок увёў санкцыі, патрабуючы вызваленьня палітвязьняў. Пасьля таго як апошні палітвязень зь міжнародна прызнанага сьпісу выйшаў на волю, ЗША адмянілі санкцыі супраць двух беларускіх прадпрыемстваў.