Віктар Бут: гандляр сьмерцю ці лінгвіст-рамантык?

Уладзімер Бараніч

Учора-сёньня (у залежнасьці ад часавай зоны) найбуйнейшыя сусьветныя мэдыі, уключна з Радыё Свабода, чарговым разам зрабілі інфармацыю пра Віктара Бута топавай навіной. Нават чалавеку, які мала цікавіцца зьнешняй палітыкай, ды яшчэ такім спэцыфічным яе разьдзелам, як гандаль зброяй, імя Віктара Бута тое-сёе кажа.

Бог вайны


Пра яго ведаюць, напрыклад, тыя, хто цікавіцца кіношнай рубрыкай накшталт “Нашы людзі ў Галівудзе”, бо Віктар Бут стаўся правобразам галоўнага пэрсанажа фільму “Lord of War” (у нашым пракаце — “Бог вайны”), што выйшаў на экраны ў 2005 годзе. Там ролю расейскага гандляра зброяй выконвае вядомы амэрыканскі актор Нікалас Кэйдж.

Дарэчы, сам Бут вельмі невысока ацаніў галівудзкія высілкі, сказаўшы неяк у тэлевізійным інтэрвію: “Я спачуваю Кэйджу, бо ягоная роля вельмі бязглуздая”. Каго цікавяць падрабязнасьці, то іх можна знайсьці ў тым жа Google.com, набраўшы адпаведнае імя, альбо пачытаць гатовы тэкст на сайце расейскай газэты “Известия”. Тым, хто валодае ангельскай мовай, цікава будзе зазірнуць у інтэрвію з журналістам Дугласам Фарахам, адным з аўтараў кнігі пра Віктара Бута, на падставе якой і быў зьняты галівудзкі баявік.

Віктар Бут. Тайлянд, турма ў Бангкоку, 2008 год.


Эспэрантыст, паэт, рамантык


Але нават не галівудзкія прыгоды Бута абумовілі маю сёньняшнюю ўвагу да гэтай асобы пасьля таго, як я ў чарговы раз пабачыў гэтае імя ў загалоўках навінаў. Рэч у тым, што Віктар Бут — досыць знакавая постаць для постсавецкай палітычнай прасторы, і яго лёс проста ці ўскосна перасякаецца зь лёсамі шмат каго зь яго аднагодкаў, да якіх належу і я. Каб жыцьцёвыя абставіны склаліся інакш, то і я ў свой час мог апынуцца побач зь ім, а то і на ягоным месцы.

Я спачуваю Кэйджу, бо ягоная роля вельмі бязглуздая.
Бо Віктар Бут вучыўся ў славутым за савецкімі часамі ВИМО — Ваенным інстытуце Міністэрства абароны, які рыхтаваў вайсковых перакладчыкаў. А я, адпаведна, вучыўся ў 24-й менскай школе (якая зараз пераўтварылася ў надзвычай элітарную гімназію) з паглыбленым вывучэньнем ангельскай мовы, дзе шмат хто з хлопцаў марыў паступіць якраз у ВИМО. У тым ліку і я. Але так склалася, што туды я не патрапіў, у адрозьненьне ад двух маіх аднаклясьнікаў, адзін зь якіх, Юры Шаўчэнка, вучыўся разам зь Віктарам Бутам.

Менавіта мой аднаклясьнік і заступіўся за Бута, калі таго арыштавалі ў Тайляндзе год таму. “Новая газета” прысьвяціла тады гэтай тэме вялікі артыкул, дзе пра Бута, сярод іншых, выказаўся і Юры Шаўчэнка. Як і іншыя Бутавы знаёмцы, Юры абвяргае абвінавачаньні заходніх журналістаў, якія называлі таго былым афіцэрам вайсковай выведкі (ГРУ) і “гандляром сьмерцю”. Юры Шаўчэнка ўпэўнены, што за Бутам не было ніякіх магутных арганізацый ці ўплывовых сваякоў. “Ён цалкам звычайны хлопец з Душанбэ, з простай сям’і, што называецца, чалавек, які „зрабіў сам сябе“, — прыгадвае Шаўчэнка. — У яго шырокі кругагляд. Мы зь ім пазнаёміліся таму, што я размаўляў на эспэранта. А ён таксама цікавіўся гэтай новай мовай і ведаў яе”.

Жонка Віктара Бута таксама казала, што яе муж ня збройны барон, а паэт: “Ён вельмі чульлівы і рамантычны чалавек, ён узахлёб чытае кнігі і піша свае ўласныя вершы”.

Увогуле лёс вайсковых перакладчыкаў за часамі СССР быў няпросты, і зусім не абавязкова яны мелі дачыненьне да ГРУ ці КГБ. Часткова гэта відаць у шматсэрыйным расейскім фільме “Русский перевод”. Паслугі вайсковых перакладчыкаў былі вельмі спэцыфічныя, таму пасьля развалу Савецкага Саюзу яны фактычна засталіся па-за справай і вымушаныя былі шукаць іншага занятку. У прыгаданым вышэй артыкуле ў “Новой газете” Юры Шаўчэнка кажа: “Сярод маіх знаёмых ёсьць афіцэры ГРУ. Але гэта ня Бут. Калі хто з нашага інстытуту й служыў у ГРУ ці СВР, гэта не азначае, што ўсе мы зьяўляемся супрацоўнікамі спэцслужбаў”.

ГРУ і СВР, зразумела, ад камэнтароў устрымаліся

Беларускі сьлед


Сам Віктар Бут у інтэрвію расейскаму спадарожнікаваму каналу Russia Today у 2006 годзе заявіў, што стаміўся ад таго, што яго бесьперапынна выстаўляюць “богам вайны” і “гандляром сьмерцю”. А свой арышт у Тайляндзе ён успрыняў як магчымасьць даказаць нарэшце сваю невінаватасьць і шанец выправіць сваю рэпутацыю. Супрацоўнік праваабарончай арганізацыі Amnesty International Браян Вуд лічыць, што Бута маглі падставіць канкурэнты ў транспартнай сфэры. Між іншым, ня выключана, што і хтосьці зь беларускіх канкурэнтаў.

Бут быў у Менску чатыры разы.
Бо вядома, што на рынку гандлю зброяй пануюць вельмі жорсткія законы, а Беларусь актыўна дзейнічае ў гэтай сфэры. Інфармацыйна-аналітычнае агенцтва Axis у адным з артыкулаў сэрыі “Чорныя дзіркі Эўропы” характарызуе маштабы беларускага гандлю зброяй як вельмі істотныя. Больш за тое, беларускія мэдыі нават паведамлялі пра тое, што Віктар Бут быў некаторы час шчыльна зьвязаны з нашай краінай. “Беларускі партызан” сьцьвярджае, што Віктар Бут прынамсі 4 разы прыяжджаў у Менск у пэрыяд з 1996 па 2004 год. І тут ён сустракаўся зь вельмі высокапастаўленнымі асобамі, якія кіравалі на той час сфэрай гандлю зброяй у РБ. А на сайце afn.by наагул сьцьвярджаецца, што зараз беларускія гандляры зброяй працуюць паводле схемаў, распрацаваных Бутам. Ці ня з гэтай прычыны дзяржаўныя СМІ старанна маўчаць наконт Віктара Бута, тым часам як сусьветныя мэдыі ставяць матэрыялы пра яго на першыя палосы?

Да чаго я гэта ўсё панапісваў? Вядома ж, ня з мэтай неяк апраўдаць ці абяліць грамадзіна суседняй краіны, зь якім я нават не знаёмы. Для гэтага ёсьць адпаведныя кампэтэнтныя органы, якія зараз вядуць сьледзтва, а таксама мае калегі-журналісты, што займаюцца гэтай тэмай. Апроч таго, што дадзеная гісторыя сталася адной з галоўных навінаў мноства СМІ па ўсім сьвеце, яна цікавая найперш неверагодным спалучэньнем розных жыцьцёвых сюжэтаў, што робіць корпаньне ў ёй падобным да чытаньня палітычнага дэтэктыву ці прагляду галівудзкага баевіка.

Ну і, вядома ж, усё такое знаёмае і пазнавальнае. Часам здаецца нават, на месцы вядомага Бута мог апынуцца любы зь яго аднагодак, у тым ліку і я.

Але гэта толькі здаецца. Я не пішу вершы.