Тры тыдні таму прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, якога трымаюць на Валадарцы, спыніў галадоўку працягласьцю 91 дзень. Як пачуваецца вязень? Што новага ў Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі, якія праходзяць па адной справе зь Мікалаем Аўтуховічам?
СЛУХАЦЬ:
“Ён пачуваецца лепш, але праблемы са здароўем застаюцца”, — гэтымі словамі сустрэла мяне Ала Міхеева, загадчыца мэдычнай часткі менскага сьледчага ізалятара. Штотыдзень па серадах Ала Міхеева ладзіць прыёмы для сваякоў вязьняў і адказвае на пытаньні пра іх самаадчуваньне. Ала Міхеева паведаміла, што раней за мяне да яе прыходзілі сястра Аўтуховіча з пляменьніцай, перадалі вязьню вітаміны, і лекарка ўсё ім распавяла пра тое, як Аўтуховіч выходзіць з галадоўкі.
“Я распавяла, што ён усё ж яшчэ слабы, есьці турэмную ежу гэтак і не пачаў, пакуль падсілкоўваецца кашкамі з садавіны. Калі за пазамінулы тыдзень ён набраў 3 кіляграмы, то за гэты — нічога. Нядаўна зьеў два бананы, і яму стала блага, таму да звычайнай ежы яшчэ далёка. І мы дагэтуль трымаем яго ў мэдычнай частцы, пра перавод у звычайную камэру гаворкі ўжо няма. Яму яшчэ цяжка”, — падсумавала лекарка “Валадаркі”.
Пра настрой Мікалая Аўтуховіча Ала Міхеева сказала: “Ён трымаецца, а што ў яго на душы — не паказвае. Зразумела, што настрой залежыць ад сьледчых, але пра гэта я распавядаць не магу”.
8 жніўня будзе паўгода, як у Ваўкавыску паводле абвінавачаньня ў падпале дома міліцыянта былі арыштаваныя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка. Тады ж скончыцца і чарговы тэрмін расьсьледаваньня. Ці будзе яно яшчэ падоўжанае?
Адвакат Павал Сапелка гэтага не выключае, але адмаўляецца рабіць дакладны прагноз і ўвогуле камэнтаваць справу, спасылаючыся на падпіску, якую даў сьледчым. Дачка Ўладзімера Асіпенкі Людміла, спасылаючыся на адваката свайго таты, кажа, што справу ў суд яшчэ не перадавалі і таму расьсьледаваньне працягнуць яшчэ сама меней на месяц:
“Сама меней да верасьня працягнуць. Бо да 8 жніўня засталося 3 дні, калі б перадавалі справу ў суд, то мусілі б адвакатаў зь ёй таксама азнаёміць, а гэтага не было, за 3 дні яны не пасьпеюць. Таму, хутчэй за ўсё, падаўжэньне сьледзтва будзе”.
Дачка Юрыя Лявонава Юля Міхнюк кажа, што зь яе татам апошні месяц сьледчых дзеяньняў не рабілі. Жанчына спасылаецца на адваката.
Сябры Аўтуховіча па аргкамітэце арганізацыі вэтэранаў Аўганістану “Абаронцы Айчыны” Алег Воўчак і Аляксандар Камароўскі накіравалі ліст дзейнаму старшыні АБСЭ з просьбай растлумачыць сытуацыю вакол справаздачы доктара Марціна Фінке па справе Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі. Нагадаем, прадстаўніка АБСЭ Марціна Фінке ў чэрвені ў Менску азнаёмілі зь некаторымі матэрыяламі справы. Па выніках сустрэчы зь беларускімі сьледчымі Марцін Фінке зрабіў справаздачу, у якой сьцьвярджаў, што расьсьледаваньне справы Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі вядзецца “без парушэньня закону”. “На якой падставе Марцін Фінке насуперак закону атрымаў доступ да матэрыялаў гэтай справы?” — пытаюцца Алег Воўчак і Аляксандар Камароўскі ў дзейнага старшыні АБСЭ.
Нагадаем, Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку трымаюць на Валадарцы з 8 лютага, вінаватымі яны сябе не прызнаюць. Нядаўна МУС распаўсюдзіла зьвесткі, паводле якіх Мікалай Аўтуховіч падазраецца яшчэ і ў падрыхтоўцы замаху на старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку ды намесьніка міністра падаткаў і збораў Віктара Камянко. Як ставіцца да гэтых падазрэньняў Мікалай Аўтуховіч — невядома, бо нават адвакату забаронена выказвацца на гэтую тэму.