Намер Крамля аднаасобна кіраваць усімі працэсамі ў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) сутыкнуліся з супрацівам Ташкенту і Менску.
СЛУХАЦЬ:
Узбэкістан пратэстуе супраць дадатковага разьмяшчэньня расейскіх вайскоўцаў на поўдні Кыргызстану. Крыху раней Беларусь праігнаравала маскоўскі саміт АДКБ, а Ўзбэкістан адмовіўся падпісваць пагадненьне аб калектыўных сілах хуткага рэагаваньня.
У спэцыяльнай заяве міністэрства замежных спраў Узбэкістана гаворыцца, што пашырэньне расейскай вайсковай прысутнасьці ў Кыргызстане “справакуе нацыяналістычныя настроі і экстрэмісцкія выступы”. Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі тлумачыць, чаму Ташкент так моцна занепакоены магчымым зьяўленьнем дадатковых расейскіх сілаў у суседняй краіне:
“Па-першае, Узбэкістан змагаецца за лідэрства ў гэтым рэгіёне. Па-другое, на поўдні Кыргызстану, дзе хочуць стварыць расейскую базу, жыве шмат узбэкаў. І самае галоўнае, чаму Карымава гэта так палохае, — такія войскі могуць ужывацца як інструмэнт умяшаньня ва ўнутраныя справы пэўных краін. Сілы хуткага рэагаваньня могуць лёгка ператварыцца ў паліцэйскія сілы. А база ў Кыргызстане ствараецца менавіта на падставе ідэі аб такіх сілах”.
Пра патэнцыйную пагрозу сілаў хуткага рэагаваньня для аўтарытарных рэжымаў Карымава і Лукашэнкі гаворыць расейскі палітоляг Юры Салазобаў. Ён прагназуе, што прэзыдэнты гэтых краінаў будуць і надалей блякаваць гэтую ініцыятыву Крамля. “Яны баяцца, што калектыўныя сілы апэратыўнага рэагаваньня як інструмэнт легітымнага вайсковага ўмяшаньня могуць быць павернутыя супраць іх асабістай улады”, — піша маскоўскі палітоляг.
“А ці сапраўды Карымаў і Лукашэнка папярэдне маглі дамовіцца пра сумесны выступ супраць Масквы?” На гэтае пытаньне “Свабоды” намесьнік дырэктара маскоўскага Інстытуту краінаў СНД Уладзімер Жарыхін адказвае так:
“Навукова-тэхнічны прагрэс “натыкаў” ня толькі правады, але і спадарожнікі. І я думаю, што яны, безумоўна, абмяркоўвалі гэтае пытаньне. Усе прэзыдэнты нешта абмяркоўваюць. Але ж пра гэта не заўсёды паведамляюць, як сёньня паведамілі, напрыклад, пра тэлефонную размову Абамы зь Мядзьведзевым. Так што цалкам можа быць, што абмяркоўвалі. У тым ліку і ўмовы ўваходу ў калектыўныя сілы апэратыўнага рэагаваньня”.
Раман Якаўлеўскіў супольным характары дзеяньняў Ташкенту і Менску сумняецца:
“Лукашэнку з Карымавым яднае своеасаблівае разуменьне ўлады. Яны прызнаюць толькі рэжым асабістай улады. Але што тычыцца супольных дзеяньняў? Ня думаю. Дзякуй Богу, Беларусь не ў Цэнтральнай Азіі знаходзіцца. У яе іншыя задачы. І тут я згодны з аўтарытэтным расейскім экспэртам Канавалавым, які кажа, што сілы хуткага рэагаваньня могуць быць створаныя і без Лукашэнкі”.
Менскі палітоляг Алесь Лагвінец адзначае: у Масквы пакуль не атрымліваецца праціснуць тое, што яна хоча.
“Расея, адчуваючы скарачэньне свайго ўплыву на постсавецкай прасторы, спрабуе праз розныя мэханізмы зацягнуць былыя рэспублікі СССР у сваю арбіту, у тым ліку ўплываць на іх і праз розныя арганізацыі. Сёньня Расея спрабуе скапіяваць тыя працэсы, што адбываюцца ў НАТО. Там ёсьць сілы хуткага рэагаваньня. І Расея хоча таксама мець фармальныя інстытуцыі і пагадненьні дзеля таго, каб рэальна ўплываць на працэсы, што адбываюцца ў кожнай краіне паасобку і наагул у рэгіёне.
Такая незалежніцкая пазыцыя кіраўнікоў Узбэкістану і Беларусі абумоўлена іх разуменьнем сытуацыі — чым больш Расея (якая і без таго мае велізарны ўплыў) тут прысутнічае, тым меншы сувэрэнітэт гэтых дзяржаў. Аўтарытарныя кіраўнікі дзьвюх дзяржаў дзяліцца сваімі паўнамоцтвамі нават з крамлеўскімі сябрамі ня вельмі хочуць”.
Што тычыцца рэакцыі афіцыйнага Менску на заяву Ташкенту, то ў міністэрствах замежных спраў і абароны Беларусі ніякіх камэнтароў з гэтай нагоды не даюць.