Пасярэднікаў адвадзяць ад дзяржаўнай уласнасьці

Савецкая сымболіка на тле Дому ўраду.

Урадавая пастанова № 991, якая значна абмяжоўвае дзейнасьць пасярэднікаў у гандлі, выклікала шырокі розгалас ў грамадзтве. Прадстаўнікі бізнэс-супольнасьці заяўляюць пра вяртаньне да плянавай савецкай эканомікі, што можа прывесьці да згортваньня дзелавой актыўнасьці. Між тым урад настойвае на неабходнасьці прыбраць пасярэднікаў, найперш — зь дзяржаўных прадпрыемстваў.

СЛУХАЦЬ:


У Менскім сталічным саюзе прадпрымальнікаў і працадаўцаў паведамілі, што многія камэрцыйныя фірмы, якія дагэтуль займаліся пасярэдніцкай дзейнасьцю, вымушаныя аб’явіць пра бестэрміновыя вакацыі:

“Спыніліся многія прадпрыемствы, прыпынілі ўсялякія апэрацыі, людзі ня хочуць рызыкаваць. Сытуацыя ўскладняецца тым, што ў нас забаронена перадаплата за тавары, і шмат якія замежныя пастаўшчыкі паставілі кампаніям у доўг, то бок пад чэснае слова. Гэты тавар завезены, але зараз зь імі нельга разьлічыцца. Ці яго набыць, хоць ужо ёсьць дамовы пра пакупку. Людзі кажуць, што ўвогуле пад пагрозай дзелавая рэпутацыя краіны. Ужо відавочная шкода нанесеная эканоміцы, бо ўзьнікла адчуваньне няпэўнасьці і няўпэўненасьці ня толькі ў вялікай колькасьці кампаній, якія займаюцца экспартам-імпартам, але і ў вытворцаў”.

Пад пагрозай дзелавая рэпутацыя краіны.
Падчас экстранай нарады прадстаўнікі бізнэс-структураў прынялі зварот да ўраду з патрабаваньнем прыпыніць дзейнасьць эканамічна неабгрунтаванага, на іх погляд, дакумэнта. Сёньня на паседжаньні прэзыдыюму Саўміну кіраўнік ураду Сяргей Сідорскі пацьвердзіў: заўвагі атрыманыя і некаторыя моманты сапраўды патрабуюць карэктаваньня. Аднак выказаў упэўненасьць, што дзейнасьць пасярэдніцкіх структураў неабходна абмяжоўваць. Маўляў, шмат якія кампаніі працуюць за мяжой зь юрыдычнымі асобамі, якія зарэгістравалі толькі па Менску больш за 6 тысяч фірмаў. Яны завозяць на прадпрыемствы камплектуючыя ды іншыя матэрыялы, а гэта выводзіць па-за гульню камэрцыйныя службы прадпрыемстваў. Паводле Сідорскага, за паўгода ўвезена прадукцыі на 600 мільёнаў даляраў.

У зьвязку з гэтым прэм’ер зрабіў удакладненьне — дзеяньне пастановы распаўсюджваецца толькі на дзяржаўныя прадпрыемствы і кампаніі з доляй дзяржавы. Экспэрты лічаць такую заўвагу рэакцыяй на пазыцыю бізнэс-супольнасьці, бо яшчэ ўчора розьніцы паміж дзяржпрадпрыемствамі і бізнэсоўцамі не рабілася. Такі нюанс дадае аптымізму прадстаўнікам камэрцыйных структураў, аднак застаецца адкрытым пытаньне супрацоўніцтва камэрсантаў зь некаторымі арганізацыямі, падкантрольнымі дзяржаве. Гаворыць дырэктар гіпэрмаркету BIGZZ Аляксандар Паўлаў:

“Нічога асабліва небясьпечнага пакуль няма. Сёньня Сідорскі патлумачыў, што рашэньне ўраду аб выключэньні пасярэднікаў пры рэалізацыі юрыдычным асобам тавараў на тэрыторыі краіны тычыцца толькі дзяржаўных прадпрыемстваў і прадпрыемстваў з доляй уласнасьці дзяржавы. Што тычыцца нас, то мы ў асноўным працуем наўпрост, бо хочам, каб у краме было таньней.
Пакуль незразумела, як будзе зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі, каго яны да іх будуць адносіць. Прыкладам, „Белбакалея“ — дзяржаўная ці не?
Уласна кажучы, чаму ў гіпэрмаркетах усё крыху таньнейшае? Таму што гэта ці першы пастаўшчык, ці вытворца. Іншая справа, што пакуль незразумела, як будзе зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі, каго яны да іх будуць адносіць. Прыкладам, „Белбакалея“ — дзяржаўная ці не? Якраз наконт гэтага падаём цяпер запыт, чакаем, што нам адкажуць”.

Згодна з урадавай пастановай, ад 1 жніўня набыцьцё таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў за межамі Беларусі магчымае толькі па наўпроставых дамовах і кантрактах у вытворцаў альбо іхных афіцыйных прадстаўнікоў. Аднак паказальна, што органы дзяржаўнага кіраваньня і арганізацыі, падначаленыя ўраду, яшчэ нават не пачыналі фармаваць пералік афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў і крытэрыі эканамічнай абгрунтаванасьці набыцьця тавараў. Між тым напярэдадні міністар эканомікі Мікалай Зайчанка заявіў, што прыняцьце дакумэнту прысьпешваецца сусьветным фінансавым крызісам:

Мікалай Зайчанка
“Гаворачы пра мэту прыняцьця дадзенай пастановы ўраду, я перш за ўсё хацеў бы адзначыць: яе трэба разглядаць перадусім як антыкрызісную меру. Сёньня ў нас істотна абвастрыліся праблемы на ўнутраным рынку, калі досыць вялікая колькасьць пасярэднікаў прапануюць тавар, які прайшоў некалькі ступеняў адзін ад аднаго, і адны і тыя ж суб’екты гаспадараньня набываюць тавар па розным кошце. Таму, каб прывесьці да адзінага парадку таварныя патокі на нашым рынку, — то гэта і ёсьць асноўная мэта зьяўленьня гэтай пастановы”.

Аналітыкі называюць урадавую пастанову “сырой”, прынятай без грунтоўнай экспэртызы магчымых наступстваў. І толькі сутыкнуўшыся з рэакцыяй бізнэсу, урадоўцы вымушаныя былі абмежаваць дзейнасьць дакумэнту прадпрыемствамі зь дзяржаўнай доляй уласнасьці. Адметна, што сёньня памочнік прэзыдэнта Сяргей Ткачоў заявіў, што пастанова № 991 не зусім адпавядае запатрабаваньням беларускай эканомікі.