Сьветлагорск, як і кожны паважаючы сябе горад, хоча мець сваю гісторыю. “Горад узьнік на месцы глухой палескай вёскі Шацілкі” – такім чынам паведамлялі раней даведнікі пра мясцовую мінуўшчыну. І нават тутэйшы “Музэй гісторыі гораду” распавядаў пра час ад 1961 году – калі мястэчка Шацілкі было ператворана ў горад. Спрэчкі няма – гарадзкая гісторыя апошніх дзесяцігодзьдзяў мае свае славутыя старонкі. Але што тут было раней?
Два гады таму менскі прафэсар-гісторык Сяргей Рассадзін, які дасьледуе ў Сьветлагорскім раёне рэшткі Казіміра – гораду ХVII стагодзьдзя, пагадзіўся “заехаць на Шацілкі” – паглядзець, ці ёсьць там што цікавае... Прафэсар пахадзіў па тым месцы, зь якога, як сьцьвярджаюць старажылы, пачаліся некалі Шацілкі. І вырашыў: будзем капаць – і зямлю, і ў архівах.
А далей пайшлі што ні год, то дзіўныя і нечаканыя знаходкі. Пры раскопках стала зразумелым: паселішча існавала тут яшчэ ў VII стагодзьдзі. Да таго часу адносяцца, напрыклад, рэшткі печкі-домніцы, у якой далёкія продкі выплаўлялі жалеза. А некаторыя больш раньнія знаходкі, выкапаныя з шацілкаўскай зямлі, нясуць на сабе ўплыў антычнай культуры. Жыцьцё тут не сьціхала і ў Х – ХІ ст. – у часы Тураўскага княства.
Аказалася, што ў “глухой вёсцы” ў ХVII ст. насілі такія ж упрыгожаньні, як і эўрапейскія манархі. У гарадзкім музэі, які цяпер ператварылі ў гісторыка-краязнаўчы, экспазыцыю так і аформілі: завушніца, знойдзеная ў Шацілках, і побач – рэпрадукцыя партрэту англійскага караля Карла I Сцюарта (1600 – 1649) з такім самым упрыгожаньнем у вуху. Высьветлілася таксама, што эканамічнае жыцьцё ў Шацілках было настолькі інтэнсыўным, што ў ХVII ст. тут нават мелася мытня.
Яшчэ адно зьдзіўленьне для прафэсара Рассадзіна – пятністыя алені, якія жылі ў кагосьці ў Шацілках. Знойдзены косткі, якія адносяцца да двух жывёлін – таму выпадковасьцю знаходка быць ня можа. Такія алені водзяцца на Далёкім Усходзе, там іх прыручылі. Але ў Эўропу прывозілі як рэдкіх дэкаратыўных жывёлаў, убачыць іх можна было ў парках пры палацах манархаў ці вяльмож.
А ў Шацілках жылі сяляне і звычайная шляхта, род Манкевічаў гербу “Любіч”. У ХVI ст. яны нават ня мелі ўласнай ворыўнай зямлі і арэндавалі яе ў дзяржавы, самі апрацоўвалі, а таксама несьлі вайсковую службу. Ждан Манкевіч, мясцовы шляхціц у першым пакаленьні, не засумняваўся напісаць ліст непасрэдна каралю Стэфану Баторыю, калі палічыў, што павятовае начальства патрабуе зашмат службы. Праца зь пісьмамі і зваротамі ў караля была пастаўлена належным чынам: неўзабаве ў адказ зьявілася каралеўскае прадпісаньне, і парадак быў адноўлены.
Якія яшчэ адкрыюцца старонкі зь мінуўшчыны Шацілак – пакажуць новыя дасьледаваньні.
Дасьледаваньні вядуцца на ўскрайку сучаснага гораду. Але менавіта гэтае месца – гістарычнае ядро паселішча.
Будзённая праца на раскопе
Культурны слой захаваў сьляды мінулых стагодзьдзяў
Капаць часам даводзіцца даволі глыбока.
Пасьля завяршэньня раскопак мяркуецца ўзнавіць сядзібу Шацілінскі Востраў у тым выглядзе, які яна мела ў ХVI стагоддзі. Гэтыя знаходкі дапамогуць зрабіць узнаўленьне як мага дакладнейшым.
Прафесар С.Рассадзін лічыць, што гэтае ўпрыгожаньне, знойдзенае ў Шацілках, нагадвае Ул. Высоцкага у фільме “Як цар Пётр арапа жаніў”. Часам гэтае меркаваньне выклікае іронію. Насамрэч падабенства тлумачыцца проста: продкі Высоцкага па бацьку, як лічаць кіеўскія даследчыкі, паходзяць з Паўднёвай Беларусі (зь цяперашняй Берасцейшчыны). Ва ўпрыгожаньні ХVІІ ст. адлюстраваны такі самы антрапалагічны тып.
Рэчы розных эпох
Археалягічныя дасьледаваньні нярэдка пачынаюцца з вывучэньня таго, што трапляецца на гародах. У прыгараднай вёсцы Якімава Слабада мясцовы жыхар і самадзейны мастак Васіль Коваль (справа) паказвае прафэсару С.Рассадзіну (у цэнтры) і аматару гісторыі Вадзіму Болбасу свае знаходкі.
Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня Тэльман Масьлюкоў закончыў Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, гісторык. У 1993 – 2001 гг. – арганізатар і дырэктар першага ліцэя на Гомельшчыне. Выявіў Здудзіцкі каменны крыж (Х – ХІІ ст.), прапанаваў пачаць археалягічныя раскопкі на месцы невядомага раней гораду Казіміру, а таксама ў Шацілках – старадаўняй частцы Сьветлагорску. Супрацоўнічае зь інфармацыйнымі інтэрнэт-рэсурсамі і СМІ.