Якім было палітычнае рэха грузінска-расейскай вайны ў Беларусі? Як яна паўплывала на адносіны Беларусі з Расеяй і з Эўропай? Чаму насуперак чаканьням, прагнозам і перасьцярогам многіх афіцыйны Менск дагэтуль не прызнаў незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі? Чаму, ізноў жа насуперак чаканьням, Расея не пачала скарыстоўваць свой грузінскі досьвед у другіх рэгіёнах – у Прыднястроўі і Крыму, напрыклад?
Над гэтымі пытаньнямі ў “Экспэртызе Свабоды” ў гадавіну грузіна-расейскай вайны разважаюць шэф-рэдактар газэты “Наша ніва” Андрэй Дынько і палітоляг Вячаслаў Пазьняк.
Дракахруст: Якім было палітычнае рэха грузінска-расейскай вайны ў Беларусі, як яна паўплывала на адносіны Беларусі з Расеяй і з Эўропай?
Андрэй Дынько, як Вы мяркуеце?
Дынько: Год таму Расея набыла Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, але страціла Беларусь. Больш таго -- яна страціла свой твар. Паводле апошніх апытаньняў грамадзкай думкі ў сьвеце ў Расеі самы нізкі аўтарытэт сярод усіх вялікіх дзяржаваў. Пасьля той вайны і ЗША, і Эўразьвяз, і суседзі сталі вельмі ўважліва прыглядацца да любых крокаў Расеі , зьвязаных з Крымам, адсочваць і папярэджваць іх.
Дракахруст: Вячаслаў Пазьняк, а як бы Вы адказалі на гэтае пытаньне -- хто тут што набыў, хто страціў і як зьмянілася месца Беларусі ў сьвеце пасьля гэтай вайны?
Пазьняк: Рэха з боку Беларусі, іншымі словамі рэакцыя была вымушанай. Сутыкнуліся дзьве стратэгічныя лініі. У жніўні летась Беларусь прыняла рашэньне на нармалізацыю адносінаў з Эўразьвязам. Тады зьявіўся новы фактар, які меў вельмі адмоўныя наступствы. У беларускім гэапалітычным ураўненьні зьявілася новая невядомая вялічыня. Гэта вялікая праблема ў адносінах з Эўразьвязам, паколькі Брусэль увесь час падкрэсьлівае неабходнасьць датрымліваньня прынцыпу непарушнасьці межаў і тэрытарыяльнай цэласнасьці ў Эўропе, а Масква ў сваю чаргу чакае прызнаньня легітымнасьці сваіх дзеяньняў на Каўказе з боку Менску. Балянсаваньне Беларусі з улікам гэтага новага фактару азначае для Менску масу складанасьцяў.
Дракахруст: Многія экспэрты ўпэўнена казалі, што Лукашэнка ня сёньня, дык заўтра прызнае незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Але прайшоў ужо год, а прызнаньня няма. Чаму?
Было б наіўна спадзявацца, што такая адсталая краіна, як Расея, можа вечна крэдытаваць Беларусь
А.Дынько
Дракахруст: Ну дык атрымала б крэдыт тых жа памераў ад Расеі.
Дынько: Расея сама плянуе запазычыць у наступным годзе ад міжнародных фінансавых структураў 20 мільярдаў даляраў, таму што рэзэрвовы фонд Расеі вычэрпваецца. Вайна ў Асэтыі была кульмінацыяй пуцінізму. Я памятаю гэтыя настроі ў расейскім друку, у расейскай інтэлігенцыі, як Сьвятлана Алексіевіч казала на "Свабодзе": "Расея ўстала з каленяў". Усё, эра Вадаліва пачалася, новы ўсясьветны парадак вымалёўваецца, мы можам ўсё. Але праз месяц пасьля ўварваньня ў Асэтыю пачаўся ўсясьветны крызыс і ўсё гэта расейскае багацьце, ўся гэтая расейская пыха і амбіцыі сьцяклі, як вада між пальцаў.
Было б наіўна спадзявацца, што такая адсталая краіна, як Расея, можа вечна крэдытаваць Беларусь. Сапраўды, тут Лукашэнка правільна зразумеў сытуацыю -- калі Беларусь хоча пераўзброіць сваю эканоміку, калі мы хочам атрымаць новыя тэхналёгіі і пабудаваць сучаснае грамадзтва, то няма іншага спосабу, каб паварочвацца тварам туды, дзе гэтыя тэхналёгіі і гэтыя грошы ёсьць.
Для Менску заходні вэктар у пэрспэктыве важней , чым палітычныя жэсты прызнаньня мяцежных рэспублік
В.Пазьняк
Дракахруст: Адразу пасьля леташняй вайны многія экспэрты і палітыкі казалі, што Расея і далей пачне дзейнічаць у такім жа стылі паўсюль, дзе яна захоча так дзейнічаць, у першую чаргу называлася Прыднястроўе і прыгаданы Андрэем Крым. Расея ў Грузіі ўбачыла, што ніякага сілавога супрацьдзеяньня з боку Захаду няма. Але тым ня менш Расея абмежавалася гэтымі дзьвюма аўтаноміямі, расейскія войскі не пайшлі на Тбілісі, і гэтае "далей паўсюль" -- далей Прыднястроўе, далей Крым -- не адбылося. Чаму?
Апэрацыя Расеі на Каўказе была дэманстрацыяй і праверкай, наколькі далёка яна можа зайсьці
В.Пазьняк
Усё скацілася б да канфрантацыі часоў "халоднай вайны" . Сытуацыя і бяз гэтага была на мяжы і дзякуючы высілкам Эўразьвязу, асабліва Францыі, гэтага атрымалася пазьбегнуць. Толькі сёлета нармалізаваліся стасункі з НАТА, тое самае можна сказаць і пра двухбаковыя расейска-амэрыканскія стасункі. Крокі Масквы, аналягічныя каўкаскай вайне, перакрэсьлілі б доўгатэрміновыя мэты РФ, і пра ролю Расеі ў фармаваньні новага ўсясьветнага парадку можна было б проста забыць. Гэтая апэрацыя мела на мэце канкрэтныя лякальныя задачы. І вялікай удачай для Масквы стала тое, што шкода ад гэтай апэрацыі была для яе мінімальнай.
Дракахруст: Падчас леташняй вайны некаторыя параўноўвалі палітыку Масквы з колішняй палітыкай Гітлера ў Судзетах. Але Гітлер пасьля Судзетаў Гітлер нарошчваў экспансію -- потым была акупацыя астатняй часткі Чэхаславаччыны, вайна з Польшчай, Францыяй, Югаславіяй і гэтак далей. Але такі сцэнар, які шмат хто прагназаваў, ня спраўдзіўся -- Расея не акупавала нават уласна Грузію, абмежаваўшыся толькі гэтымі дзьвюма аўтаноміямі. Чаму?
Расея яшчэ сьпіць і бачыць сябе ў Крыме, у Берасьці, ў Прыднястроўі
А.Дынько
Расеі спатрэбілася два гады, каб захапіць Чачню -- рэгіён памерам з палову Гарадзенскай вобласьці, які быў ізаляваны ад сьвету. І грузінскую армію расейцы перамаглі ці не на мяжы сваіх намаганьняў.
Сёньняшняя Расея яшчэ ня здольная прэтэндаваць на ролю "вяршыцеля лёсу" Эўропы, прынамсі, Цэнтральнай Эўропы, якім яна была ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя.
З іншага боку рыторыка Масквы, дзейнасьць спансаваных ёй арганізацый не пакідаюць сумневаў, што Расея яшчэ сьпіць і бачыць сябе ў Крыме, у Берасьці, ў Прыднястроўі. І менавіта таму пасьля гэтай вайны беларуская дыпляматыя і беларускія сілавыя структуры пачалі вельмі жорстка адсочваць гэтую палітыку і ставіць больш дакладную мяжу: гэта -- наша , гэта -- ваша, гэта -- Беларусь, гэта -- Расея, гэта мяжа інтэграцыі , якую Беларусь ня можа пераступіць. бо заўтра, карыстаючыся гэтай інтэграцыяй, хтосьці шалёны ў Маскве можа паспрабаваць паслаць войскі ўздоўж расейскага нафтаправоду ў Беларусі.
Тое, што Аляксандар Лукашэнка не падпісаў дамову калектыўныя сілы апэратыўнага рэагаваньня АДКБ -- гэта таксама рэха расейска-грузінскага канфлікту.