Пераможцам турніру па футболе "Кубак Свабоды" памяці Генадзя Карпенкі ўпершыню стала каманда Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ).
13-ы турнір "Кубак Свабоды" прайшоў 1 жніўня на пляцоўцы спарткомплекса па вуліцы Гамарніка ў Мінску. Перамогу ПКБ забясьпечыў варатар Сяргей Купровіч, які адбіў два пэнальці пры ліку 1:1 у час гульні з камандай Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП).
Другое месца заняла традыцыйна моцная каманда АГП, трэцяе — каманда Партыі БНФ, мінулагодні пераможца турніру.
Найлепшым гульцом турніру названы член каманды ПКБ Сяргей Канцур, найлепшым бамбардзірам — Дзмітрый Краўцэвіч (каманда АГП), найлепшым брамнікам — Аляксандр Суднік (каманда Партыі БНФ).
Каманда руху "За Свабоду", якая ўдзельнічала ў турніры ўпершыню, атрымала адмысловы прыз Беларускай асацыяцыі журналістаў "Трымайся праўды" — за самую сумленную гульню.
Усяго ўдзельнікамі турніру сталі шэсьць каманд — Беларускай асацыяцыі журналістаў, Партыі БНФ, АГП, ПКБ, руху "За Свабоду" і аргкамітэта па стварэньні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі ("Свабода").
***
У 1996-м Карпенка, тагачасны намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, накіроўваў працэс імпічмэнту прэзыдэнта. У 1998-м ён стаў на чале Нацыянальнага выканаўчага камітэту, створанага перад заканчэньнем легітымнага тэрміну кіраваньня Лукашэнкі. У красавіку 1999 памёр пры загадкавых абставінах.
Турнір "Кубак Волі" праводзіцца з 1999 года. Да гэтага ў турнірах, прымеркаваных да прыняцьця Дэкларацыі аб суверэнітэце і незалежнасьці Беларусі, удзельнічаў сам Генадзь Карпенка. Пасьля сьмерці палітыка спаборніцтва назвалі яго імем.