Прэзыдэнцкія пэрспэктывы былых палітвязьняў

Ня ўсе апазыцыйныя палітыкі, якія прайшлі праз беларускія турмы і “хімію”, змогуць удзельнічаць у наступнай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў якасьці кандыдатаў.

СЛУХАЦЬ:


Паводле беларускага заканадаўства, вылучаць сваю кандыдатуру маюць права асобы, супраць якіх не распачата крымінальная справа і якія ня мелі судзімасьці. А вось калі пасьля адбыцьця пакараньня судзімасьць была скасавана, былы вязень можа прэтэндаваць на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Мікола Статкевіч
Старшыня аргкамітэту дзеля стварэньня сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч ад 29 ліпеня лічыцца грамадзянінам без судзімасьці. Гэта неабходная, хоць і не дастатковая ўмова, каб удзельнічаць у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў якасьці кандыдата.

Мікола Статкевіч быў пакараны трыма гадамі абмежаваньня волі за арганізацыю вулічных акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму-2004. У баранавіцкую спэцкамэндатуру палітык прыбыў 29 ліпеня 2005 году. Ад гэтай даты і пачалі адлічваць тэрмін пакараньня. Напрыканцы траўня 2007 году, калі Статкевічу заставалася адбываць пакараньне 2 месяцы, яго выпусьцілі з фармулёўкай “умоўна-датэрмінова”.

Ад 29 ліпеня судзімасьць Міколы Статкевіча скасаваная.

“Папросту выйшаў тэрмін, бо, калі б была воля гэтай улады, то я б з судзімасьцю так і хадзіў бы. Цяпер я маю магчымасьць і юрыдычнае права выканаць рашэньне Кангрэса эўрапейскага выбару, які адбыўся 20 чэрвеня і прыняў стратэгію перамогі дэмакратыі і вылучыў мяне кандыдатам у прэзыдэнты, каб я меў магчымасьць каардынаваць рэалізацыю гэтай стратэгіі”.

Павал Севярынец
Сустаршыню аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца судзілі разам зь Мікалаем Статкевічам. Ён трапіў у спэцкамэндатуру на некалькі дзён пазьней. Ягоная судзімасьць будзе скасаваная на пачатку жніўня.
Паводле заканадаўства, калі грамадзянін адбыў пакараньне, ягоная судзімасьць касуецца толькі празь нейкі час.


Павал Севярынец ня зможа ўдзельнічаць у якасьці кандыдата на пасаду прэзыдэнта ў выбарах 2011 году зь іншай прычыны — яму яшчэ ня споўніцца 35 гадоў. Але ён вітае тое, што судзімасьць скасаваная, бо інакш у выпадку новай крымінальнай справы палітык лічыўся б рэцыдывістам.

“Для мяне асабіста пытаньняў ніколі не было, ні ў Малым Сітне падчас адбыцьця пакараньня, ні потым цягам двух гадоў, ні пасьля таго, як судзімасьць будзе пагашаная.

На мяне, як і на Статкевіча, Казуліна, Дашкевіча, многіх іншых людзей гэта наўрад ці паўплывае. Гэта мера застрашваньня. У дачыненьні да гэтых людзей яна не працуе. Гэтыя людзі не аглядаюцца на тое, што ім можа пагражаць у выпадку чаго”.

Іншая сытуацыя ў Аляксандра Казуліна. Яго ўзялі пад варту 25 сакавіка 2006 году, адразу пасьля затрыманьня на праспэкце Дзяржынскага, калі ён на чале калёны дэманстрантаў крочыў да турмы на вуліцы Акрэсьціна. Казуліна пакаралі зьняволеньнем на 5 гадоў. Але на волю палітык выйшаў ужо летась, згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі.

Колькі палітык ні зьвяртаўся, ён так і не атрымаў адказу, ад якога моманту будуць адлічваць тэрмін для скасаваньня судзімасьці. Гэтаксама яму не далі дакумэнтаў пра яго вызваленьне раней за пазначаны тэрмін.

Экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта Аляксандар Казулін:

Аляксандар Казулін
“Тэарэтычна абсалютна нічога не зразумела — як пасадзілі, так і выпусьцілі. У нас як? Захацеў — пасадзіў, захацеў — выпусьціў. Што ж тычыцца прэзыдэнцкай кампаніі, то да яе трэба яшчэ дажыць. Па-другое, трэба глядзець на сытуацыю, якая будзе. Пры тых умовах, якія ёсьць, сэнсу няма. У фарсе зь некалькімі акторамі ўдзельнічаць нецікава. Загадзя вядомы вынік”.

Паводле заканадаўства, калі грамадзянін адбыў пакараньне, ягоная судзімасьць касуецца толькі празь нейкі час. Тэрмін залежыць ад цяжкасьці зьдзейсьненага злачынства. Калі яно не ўяўляе небясьпекі для грамадзтва, то будзе скасавана праз год. Калі прызнана, што ўяўляе невялікую небясьпеку, як у справах шэрагу апазыцыйных палітыкаў, то праз два гады. Што ж тычыцца асабліва цяжкіх злачынстваў, то тэрмін павялічваецца на некалькі гадоў.

***

Крымінальны кодэкс

Артыкул 97 Пагашэньне судзімасьці

1. Судзімасьць пагашаецца:

1) адносна асуджанага за злачынства на неасьцярожнасьці – па адбыцьці (выкананьні) асноўнага і дадатковага пакараньняў;

2) адносна асуджанага за сьвядомае злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадзкай небясьпекі – праз год пасьля адбыцьця асноўнага і дадатковага пакараньняў;

3) адносна асуджанага за сьвядомае менш цяжкое злачынства – праз 2 гады пасьля адбыцьця асноўнага і дадатковага пакараньняў;

4) адносна асуджанага за цяжкое злачынства – праз 5 гадоў пасьля адбыцьця асноўнага і дадатковага пакараньняў;

5) адносна асуджанага за асабліва цяжкое злачынства – праз 8 гадоў пасьля адбыцьця асноўнага і дадатковага пакараньняў;
...........


Артыкул 98. Зьняцьце судзімасьці

1. Калі асоба, якая мае судзімасьць, пасьля адбыцьця пакараньня сваімі паводзінамі даказала, што вядзе законапаслухмяны лад жыцьця, то паводле заявы гэтай асобы суд можа зьняць зь яго судзімасьць да завяршэньня тэрмінаў, пазначаных у артыкулах 97 і 121 (пагашэньне судзімасьці непаўнагадовых) гэтага Кодэксу, але не раней за сканчэньне паловы тэрміну судзімасьці