Італьянская арганізацыя Hands Off Cain, якая выступае за адмену сьмяротнага пакараньня, апублікавала справазадачу за 2008 і першыя 6 месяцаў 2009 году. Згодна з гэтым дакумэнтам, больш за ўсё ў сьвеце выконваецца сьмяротных пакараньняў у Кітаі, далей ідуць Іран і Саудаўская Арабія.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе выносяць і выконваюць сьмяротныя прысуды. Тут пакаралі сьмерцю ў 2008 годзе як найменей 4 чалавекі. У 2007 – 1, і згодна са справаздачамі АБСЭ, у 2006 – 3, і 2005 – 4 чалавекі.
Паводле неафіцыйных дадзеных, ад 1991 году ў Беларусі пакаралі сьмерцю каля 400 чалавек. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, больш за 160 сьмяротных пакараньняў выканана ад 1997 па 2008 год. Як вядома, толькі аднаго асуджанага на сьмерць памілаваў Аляксандар Лукашэнка.
У 151 краіне сьвету ў розных формах адмовіліся ад сьмяротнай кары. 96 цалкам скасавалі яе, 8 краінаў адмянілі для звычайных злачынстваў, 5 ўвялі мараторый на сьмяротную кару, і 42 краінах фактычна не каралі сьмерцю цягам 10 гадоў.
У 2008 годзе сьмяротнае пакараньне заставалася ў 46 краінах сьвету, для параўнаньня – у 2007 такіх краінаў было 49, у 2006 – 51, і у 2005 – 54.
Найбольш караюць сьмерцю ў сьвеце ў Кітаі. Летась там пакаралі сьмерцю каля пяці з паловай тысячаў чалавек. У Афрыцы ў 2008 годзе каралі сьмерцю толькі ў пяці краінах -- Ботсване(1), Эгіпце(2), Лібіі(8), Самалі(3) і Судане(5). У ЗША летась было выканана 37 сьмяротных пакараньняў.
У Расеі ўведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне ад 1996 году.
Латвія захоўвае ў заканадаўстве сьмяротнае пакараньне для злачынстваў часоў Другой сусьветнай вайны, усе іншыя эўрапейскія краіны скасавалі сьмяротную кару пры любых абставінах.
Калі Беларусь прыме рашэньне аб уступленьні ў Раду Эўропы, то пытаньне аб увядзеньні мараторыя на сьмяротнае пакараньне будзе неабходна вырашаць
Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей абяцаў прыпыненьне сьмяротных прысудаў у Беларусі ў выпадку максымальнага збліжэньня з Радай Эўропы.
“Калі Беларусь прыме рашэньне аб уступленьні ў Раду Эўропы, то пытаньне аб увядзеньні мараторыя на сьмяротнае пакараньне будзе неабходна вырашаць”,-- заявіў 16 чэрвеня кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзімер Макей.