Мы працягваем маратон “Вольных студый”, якія прагучалі на нашых хвалях цягам апошніх сямі гадоў. Сёньня гутарка з палітолягам Уладзімерам Падголам.
Эфір 12 сакавіка 2006 году.
Кожны сапраўдны правадыр павінен нагаварыць крылатых выразаў. Згадайма цытатнікі Маа Цзэдуна ці палкоўніка Муамара Кадафі. Народ мусіць мець зручныя й падручныя мудраслоўі на ўсе выпадкі жыцьця, каб не абцяжарваць сябе непатрэбным думаньнем. Калі за цябе думае правадыр — навошта думаць табе? Нядаўна ў Менску зьявіўся яшчэ адзін цытатнік. Ягоны аўтар — Аляксандар Лукашэнка, а складальнік — Уладзімер Падгол.
Міхась Скобла: Уладзімер, на памяць прыходзіць яшчэ адна гістарычная аналёгія. За непісьменным Чынгіс-ханам увесь час езьдзіў чалавек, які на гліняных дошчачках запісваў думкі вялікага кагана. Яны потым былі зацьверджаны як своеасаблівыя законы. А ці мела месца нешта падобнае ў дэмакратычным сьвеце?
Уладзімер Падгол: Так. У 2002 годзе я быў у Злучаных Штатах Амэрыкі й зайшоў у кнігарню непадалёк ад Белага дому. І там на паліцы ляжала кніжачка выказваньняў Буша — гэтак званыя “бушызмы”. І тады мне падумалася: а няблага было б сабраць і выдаць “лукашызмы”. Яшчэ перад маёй паездкай у ЗША ідэю падобнай кнігі мне падказваў Васіль Сёмуха. Ён шмат гадоў са мной працаваў, дапамагаў мне як рэдактар кнігі “Куля для прэзыдэнта”, дзе было многа цытат з Лукашэнкі. Аднойчы Сёмуха мне й сказаў, што гэтыя цытаты — самастойны мастацкі твор, асабліва калі прыбраць мае камэнтары. Ну, прыбраць дык прыбраць…
Складзены мною зборнік можна чытаць па-рознаму. Вось ты чытаў з іроніяй. А я аднойчы трапіў у нечаканую сытуацыю. Памятаеш, Лукашэнка ў 1996 годзе на першым усенародным сходзе публічна на ўсю краіну заявіў: “Я праваслаўны атэіст”. І калі я расказаў пра гэта адной адукаванай жанчыне, яна раптам кажа: “А што? І я праваслаўная атэістка!”. У мяне быў шок. І тады я зразумеў: тое, з чаго мы з табой сьмяемся, многія людзі ўспрымаюць сур’ёзна. І калі ім даць пачытаць гэты зборнік, то яны падпішуцца пад 70% выказваньняў Лукашэнкі й будуць іх бараніць. Таму тут усё ня так проста наконт абсурду, які некаторымі ўспрымаецца як ісьціна.
Слухайце паўтор гэтай перадачы ў эфіры "Свабоды" 30 ліпеня. Цалкам чытаць перадачу ТУТ.