Надзвычайныя прыродныя зьявы абвастрылі пытаньне страхаваньня асабістай маёмасьці. Як паказвае практыка, беларусы ня вельмі ахвотна зьвяртаюцца да страхаўнікоў.
СЛУХАЦЬ:
У Беларусі існуе блізу дзясятка абавязковых відаў страхаваньня, якім у масе сваёй дысцыплінаваныя беларусы падпарадкоўваюцца. Перадусім гэта страхаваньне транспартных сродкаў, будынкаў, якія належаць грамадзянам, абавязковае страхаваньне адказнасьці перавозчыка перад пасажырамі, мэдычнае страхаваньне замежнікаў і асобаў без грамадзянства, якія часова знаходзяцца ў Беларусі, ды іншыя. А вось добраахвотнае страхаваньне жыцьця, маёмасьці, аўтамабіляў па сыстэме “аўтакаска” мае досыць сьціплыя маштабы. Як кажа прадстаўнік страхавой кампаніі “Багач” Анатоль Барэйка, ні ў якае параўнаньне рынак страхавых паслугаў Беларусі з амэрыканскім ці эўрапейскім папросту ня йдзе:
“На Захадзе без страхоўкі нікуды ня сунесься. Таму, калі зыходзіць зь нейкіх аналёгій тамтэйшых і нашых, то за мяжой гэта працуе ўжо зусім на іншым узроўні, мэханізм страхавой культуры выпрацаваны дзесяцігодзьдзямі. У нас жа пакуль усё ў зачаткавым стане”.
Анатоль Барэйка спадзяецца, што ўсё часьцейшыя выпадкі экстрэмальных праяваў надвор’я (шквалісты вецер, навальніцы, град, падтапленьні) падштурхнуць беларусаў актыўней страхаваць маёмасьць, а таксама афармляць полісы ад няшчасных выпадкаў. Пагатоў апошнія падзеі паказваюць, што чакаць дзяржаўнай дапамогі тапельцам ці пагарэльцам амаль не выпадае:
На Захадзе без страхоўкі нікуды ня сунесься. Таму, калі зыходзіць зь нейкіх аналёгій тамтэйшых і нашых, то за мяжой гэта працуе ўжо зусім на іншым узроўні, мэханізм страхавой культуры выпрацаваны дзесяцігодзьдзямі. У нас жа пакуль усё ў зачаткавым стане.
“Паводле лёгікі, надзвычайныя здарэньні павінны неяк актывізаваць людзей у сэнсе страхаваньня. Я маю на ўвазе перадусім страхаваньне маёмасьці (у тым ліку транспарту) ды іншага. Аднак справа ў тым, што гэта ўсё ў нас робіцца ў добраахвотным парадку і амаль заўсёды зьвязана з адным — пакуль, як кажуць, певень ня дзеўбане. Таму з аднаго боку — напэўна. Але зь іншага — складана прагназаваць, бо цяпер ня вельмі спрыяльная сытуацыя ў сувязі з сусьветным крызісам. Хоць у прынцыпе ўнёскі па гэтых відах не такія ўжо значныя. А калі даводзіцца страчваць, то тады народ пачынае задумвацца. Але думаю, што пэўнае ажыўленьне пачацца павінна”.
Цяпер страхавыя кампаніі заваленыя заявамі пацярпелых ад ліпеньскіх залеваў. Найбольш сярод іх аўтааматараў, чые машыны патапіліся на менскіх вуліцах 24 ліпеня. На другім месцы — гаспадары крамаў, складаў і пунктаў харчаваньня ў затопленых цокальных памяшканьнях. Далей ідуць уладальнікі залітых вадой зямельных надзелаў, а таксама тыя, у чые дамы трапіла маланка ці чые машыны прыціснула дрэвамі. Аднак на матэрыяльную кампэнсацыю могуць разьлічваць адзінкі: у бальшыні выпадкаў няма сэртыфікату страхаваньня ад няшчасных выпадкаў, у іншых — полісы не адпавядаюць надзвычайнай сытуацыі. Так, бальшыня кампаній адмаўляецца разглядаць гідраўдар аўтарухавіка як страхавы выпадак — маўляў, чалавек сам вінаваты, што сунуўся ў лужыну.
Жыхар Смаргоншчыны Іван Вусік, пасьля таго як страціў ад патопу на сваім надзеле амаль увесь ураджай ды некалькі пчаліных сем’яў, хацеў бы застрахавацца “па-буйному”. Але сутыкнуўся з непаваротлівасьцю саміх страхаўнікоў:
“44 мяхі бульбы пасадзіў — 45 сотак, і ніводнай бульбіны, усё пад нізам. Больш за 30 сотак віка-аўсянай сумесі — таксама нічога не засталося. Усё было заліта цалкам, аж да вульлёў. Пчолы загінулі, 17 вульлёў стаяць пустыя. Гэта ж такія страты! Добрая сям’я каштуе 150 тысяч рублёў. Але гэта не страхуюць і не кампэнсуюць. Хадзіў да страхаўніцы, тая кажа: мы гэта не страхуем, не падлягае страхаваньню. Пры ранейшым старшыні сельсавету замест бульбы насеньне ячменю далі, некалькі мяхоў кампэнсавалі, хоць штосьці можна было пасеяць. Цяпер жа — нічога! А нядаўна ў газэце чытаю: будуць страхаваць толькі дамы, а хлявы ня будуць. Чаму? Таму што часьцей гараць. Шмат што незразумела, нейкія суцэльныя крайнасьці”.
За мяжой рынак страхавых паслугаў практычна неабмежаваны. Артысты страхуюць галасавыя зьвязкі, спартоўцы — ногі і рукі. Пры вялікім жаданьні можна застрахаваць нават рыбку ў акварыюме. У Беларусі, як кажа начальніца аддзелу страхаваньня кампаніі “B&B Insurance” Натальля Каліберава, такія магчымасьці абмежаваныя:
“Гэта ня столькі абмежаваньні, колькі адсутнасьць практыкі. Хочаце — страхуйце ўсё, што заўгодна. Але распрацуйце пад гэта адпаведным чынам дакумэнтацыю. То бок падганіце адпаведную юрыдычную базу, абгрунтуйце тарыфы, зрабіце актуальныя разьлікі гэтых тарыфаў, узгадніце і зацьвердзіце ўсё гэта ў Міністэрстве фінансаў — і пасьля гэтага, калі ласка, займайцеся. То бок, па сутнасьці трэба ісьці са сваім ужо гатовым бізнэс-плянам. Таму, каб у нас штосьці страхавалі артысты ці хто яшчэ — не, такіх нестандартных ці казусных выпадкаў няма”.