Мартынаў сустрэнецца з Салянам

28 ліпеня ў Брусэлі адбудзеццца сустрэча міністра замежных справаў Сяргея Мартынава з вярхоўным каррдынатарам ЭЗ у пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі Гаўерам Салянам.
Паведамляецца, што адбудзецца таксама сустрэча Мартынава з эўракамісарам па падатках і мытным саюзе Ласла Ковачам, а таксама з так званай “тройкай” Эўразьвязу – Карлам Більдтам, міністрам замежных справаў Швэцыі, якая зараз старшынюе ў ЭЗ, прадстаўнікамі Эўракамісіі і Генэральнага сакратарыяту ЭЗ.

Сёньня ж у Брусэлі праходзіць нарада міністраў замежных справаў краінаў Эўразьвязу -- першая, на якой старшынюе Швэцыя, якая пераняла старшыньства ў Чэхіі 1 лепеня сёлета. Сярод праблемаў на парадку дня нарады – сытуацыя на Каўказе, іранская праблема, заяўка на ўступленьне ў Зьвяз Ісляндыі і беларуская праблема.

Як паведамляе наш карэспандэнт у Брусэлі Ахто Лоб’якас, балянсаваньне Лукашэнкі паміж Эўразьвязам і Расеяй, якіх ён ў нядаўнім інтэрвію назваў “двума монстрамі”, пераканалі большасьць краінаў-сябраў Зьвязу, што цяперашні час -- ня самы ўдалы для ўзмацненьня ціску на Беларусь. Эўрапейскія чыноўнікі адзначаюць некаторыя крокі Менску, якія абазначаюць гатоўнасьць супрацьстаяць Маскве. Беларусь дагэтуль не прызнала незалежнасьць грузінскіх аўтаномій Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, на чым настойвае Масква. На мінулым тыдні Беларусь на некалькі дзён перакрыла расейскі нафтапрадуктаправод “Унеча-Вентспілс”.

Паводле нямецкай газэты “Хандэльсблат” крэдытаў у памеры 3.5 мільярдаў даляраў, якія Беларусь атрымала ад Міжнароднага валютнага фонду хопіць, каб стабілізаваць сваю валюту, але каб заплаціць газавыя даўгі Расеі, патрэбнае дадатковае крэдытаваньне.