У Менску падлічваюць страты ад залевы

Уласьнікі памяшканьняў у Менску, якія пацярпелі ў выніку ўчорашняй залевы, сёньня падлічваюць страты. Паводле міністэрства па надзвычайных сытуацыях, з падвальных і цокальных паверхаў былі выратаваныя 52 і эвакуяваныя з аўтатранспарту 494 чалавекі. Ахвяраў няма.

Паводле газэты прэзыдэнцкай адміністрацыі “Советская Белоруссия”, Менск апынуўся негатовым да “летніх удараў стыхіі”. Стары калектар “Цэнтар” даўно не спраўляецца з нагрузкамі, але збудаваць новы спэцыялісты абяцаюць празь некалькі гадоў. Паводле памочніка прэзыдэнта Анатоля Калініна, пытаньне знаходзіцца на кантролі ў адміністрацыі прэзыдэнта. І дзеля мінімізацыі наступстваў залеваў плянуецца, да прыкладу, часова скідваць ваду ў Сьвіслач. Пакуль жа змагацца з затапленьнем менскіх вуліц будуць падразьдзяленьні Міністэрства па надзвычайных сытуацыях. Яго прадстаўнік Віталь Навіцкі сказаў, што падчас учорашняй залевы паступіла некалькі соцень тэлефанаваньняў аб дапамозе:

“У нас было пераведзена на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы Менскае гарадзкое ўпраўленьне. Уся тэхніка ў баявым разьліку была задзейнічана на гэтай працы. Была ўведзена дадатковая тэхніка з рэзэрву. Усе выратавальнікі працавалі, выходзілі на ўсе выклікі. Што маглі, тое рабілі. У нас была перадысьлякаваная вадалазна-выратавальная служба. Людзі ў гідракасьцюмах, лодкі, плаўсродкі. І яны ўжо зь першых хвілінаў аказвалі дапамогу, эвакуявалі людзей”.

Сярод памяшканьняў, якія былі залітыя вадой, Чырвоны касьцёл, станцыі мэтро “Парк Чалюскінцаў” і “Ўсход”, рэзыдэнцыя амбасады Турэччыны, 1-я і 3-я гарадзкія лякарні, будынак ВТБ-банку на Партызанскім праспэкце і іншыя. Унівэрсам “Рублёўскі” на Нямізе сёньня не працаваў. Паводле адной з прадавачак, страты могуць пацягнуць на некалькі дзясяткаў мільёнаў рублёў:

У краме «Рублеўскі» на Нямізе вады было па пояс.
“У гандлёвай залі было вады па пояс. Увесь тавар мокры, вельмі вялікія страты атрымліваюцца. Вада заходзіла нават крыху на склады. Падтоплена ўсе: і цукеркі, і шакалядкі, і хлеб, і марозіва, і малако…Цяпер у нас праходзіць рэвізія, мы гэты тавар сьпісваем, выносім у акты. Учора сьпісвалі. Сёньня сьпісваем. І яшчэ вельмі многа тавару”.

Падчас залевы з кавярні “Мая дарагая” на вуліцы Камсамольскай наведнікаў і афіцыянтаў эвакуявалі праз вакно. Яно цяпер закладзена дошкамі. У залі няма ніякіх прыкметаў былой утульнасьці, у адным з памяшканьняў абвалілася столь і сьцяна. (Глядзі відэарэпартаж Алега Грузьдзіловіча ніжэй)

Your browser doesn’t support HTML5

Патоп у Менску вачыма Алега Грузьдзіловіча



Яшчэ больш пацярпеў cуседні сэрвісны цэнтар швайцарскіх гадзіньнікаў “ZIKO” плошчай у 90 квадратных мэтраў. Супрацоўнікі сказалі, што вада ў памяшканьні даходзіла да паўтара мэтраў і потым адпампаваць яе было немагчыма, бо тэхніцы не было доступу да памяшканьня.

“Тут пайшоў паток хваляй. Затапіла ўсё за хвіліну. Сэрвіс тут больш працаваць ня будзе. Нам сказалі, што МНС ня дасьць дазволу тут працаваць”.

Цяпер тут паўсюль запэцканыя гразьзю маніторы кампутараў і іншае абсталяваньне, якое, паводле супрацоўнікаў, каштуе некалькі дзясяткаў тысяч даляраў. Нічога выратаваць не пасьпелі, заліло вадой і гадзіньнікі, і працоўныя месцы.

Паводле прэс-службы міністэрства па надзвычайных сытуацыях, у Менску было падтоплена больш за 100 падвальных памяшканьняў, 77 участкаў аўтадарог, быў прыпынены рух 24 тралейбусных, 6 аўтобусных і 4 трамвайных маршрутаў. На ліквідацыю наступстваў залевы было кінута 65 адзінак тэхнікі і 265 выратавальнікаў міністэрства па надзвычайных сытуацыях. А таксама 143 адзінкі тэхнікі і 206 супрацоўнікаў іншых міністэрстваў і ведамстваў. Ад грамадзянаў таксама паступілі скаргі на тое, што пацяклі дахі. Толькі ў Цэнтральным раёне Менску такіх дахаў 45. Цяпер спэцыялісты падлічваюць колькасьць залітых кватэраў.