18.20 Сьпіс затопленых аб’ектаў:
- Касьцёл сьвятых Сымона і Алены;
- 1-я гарадзкая лякарня;
- 3-я гарадзкая лякарня;
- будынак ВТБ-банку на Партызанскім праспэкце;
- унівэрсам “Рублёўскі” на Нямізе;
- гандлёвы цэнтар “Пераход” у пераходзе на станцыі мэтро Пушкінская;
- станцыя мэтро “Ўсход”;
- станцыя мэтро “Парк чалюскінцаў”;
- рэзыдэнцыя амбасады Турцыі”;
- кавярня “Мая каханая” на вуліцы Камсамольскай.
Гэта дадзеныя прэсавай службы МНС
18. 10 Новая залева чакаецца ў 24 ліпеня да 21 гадзіны.
Пра гэта са спасылкай на дэпартамэнт па гідрамэтэаралёгіі Мінпрыроды паведаміў начальнік прэсавай службы МНС Віталь Навіцкі.
У Менску выратавана і эвакуявана каля 300 чалавек. Пацярпелых няма.
Затоплена болей за 20 вуліцаў
“Затоплена болей за 20 вуліц, у васьмі месцах на праезных частках яшчэ стаіць вада”, паведаміў Навіцкі.
18.05 Ровень вады дазваляе жыхарам гораду езьдзіць па вуліцах на вадзяных скутэрах.
Здымкі Сяргея Кудзеліча.
18. 00 Відэа: Унівэрсам пад вадой.
17. 40 Няміга пасьля патопу.
17.05 Працоўны дзень супрацоўнікаў камунальных службаў падоўжаны да 20.00.
“Сыгналы пра затапленьне ў жылых дамах паступаюць пакуль у ня вельмі вялікім аб’ёме”, заявілі камунальнікі Інтэрфаксу. Яны прагназуюць, што заяваў паболее пад вечар.
16.50 ДАІ перакрыла некаторыя вуліцы ў цэнтры Менску.
Глядзець на мапе.
Нельга праехаць па Нямізе.
Заторы ў раёне пляцу Бангалор на на праспэкце Пераможцаў.
Падтопленыя:
- пляц Перамогі,
- рог праспэкту Дзяржынскага і 2-га завулку вуліцы Розы Люксэмбург;
- рог вуліц Купалы і Інтэрнацыянальнай;
- рог Чыгуначнай і Ўманскай;
- праспэкт Пераможцаў у раёне Палацу спорту;
- рог Леніна і Ўльянаўскай;
- вул. Радыяльная ў раёне Менскага трактарнага заводу і Нахіленых завулкаў;
- вул. Алтайская ля скрыжаваньня з вул. Солтыса.
16.35 Прэсавы сакратар Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Віталь Навіцкі паведаміў Радыё Свабода, што менская гарадзкая ўправа МНС пераведзеная на ўзмоцнены рэжым нясеньня службы. Найбольшая колькасьць выездаў — эвакуацыі транспартных сродкаў з затопленых месцаў і адпампоўваньне вады з падвалаў будынкаў. На вуліцы Няміга плаўсродкамі з затопленых тралейбусаў было эвакуявана звыш 20 чалавек. Паводле Навіцкага, абагульненая інфармацыя будзе пададзеная пазьней.
16.30 Відэа: Вада залівае мэтро.
16.15 Падчас сёньняшняга дажджу ў Менску выпала амаль палова месячнай нормы ападкаў, паведаміў Інтэрфаксу начальнік службы гідрамэтэаралягічных прагнозаў гідрамэтэацэнтру Дзьмітры Рабаў. Ён таксама паведаміў, што апошні такі моцны дождж быў у Менску 16 гадоў таму і менавіта 24 ліпеня.
16.00 Прэсавы сакратар Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Віталь Навіцкі паведаміў Радыё Свабода, што супрацоўнікі міністэрства працуюць цяпер у самых розных частках Менску.
Супрацоўнікі МНС эвакуявалі людзей з дапамогай плаўсродкаў
“На вуліцы Няміга некалькі транспартных сродкаў апынуліся ў вадзе і супрацоўнікі МНС эвакуявалі людзей з дапамогай плаўсродкаў. У цэнтры гораду было затоплена некалькі падвальных памяшканьняў, зараз адтуль праводзіцца адпампоўваньне вады” – паведаміў Навіцкі
15.20 Наш карэспандэнт наведаў станцыю мэтро Парк Чалюскінцаў і ўбачыў зачыненыя уваходныя дзьверы, за якімі відаць ваду “па калена”, якая сьцякае на рэйкі. Мэтро зараз не працуе, у Менску увогуле паралізаваны ўвесь грамадзкі транспарт.
15.10 Кіроўцы маршрутных таксовак і ўладальнікі джыпаў нейкі час спрабавалі рухацца па ходніках, але потым і гэта стала немагчыма.
15.10 Вада пачала заліваць станцыі метрапалітэну.
Па лесьвіцы ў мэтро спусьціцца стала немагчыма, бо вада лілася як з брандсбойту.
14.55 У Менску пачалася залева. Празь некалькі хвілінаў вада заліла праспэкт Незалежнасьці. На вуліцах утварыліся заторы.
Сыноптыкі сёньня раніцай зрабілі штармавое папярэджаньне для большай часткі Беларусі. Яны паведамлялі, што ў другой палове дня прагназуюцца дажджы й навальніцы, у асобных раёнах залевы й град, узмацненьне ветру да 15-24 мэтраў за сэкунду.
Ад 1 ліпеня ў Менску выпала ўжо 92 працэнты месячнай нормы ападкаў.